Амерыканская версія пошукавіка Google будзе прапаноўваць прайсці «тэст на дэпрэсію» тым карыстальнікам, якія ўводзяць у радку пошуку слова «дэпрэсія», піша ВВС.

Science Photo Library

Science Photo Library

Гэта сумесны праект кампаніі Google і амерыканскага Нацыянальнага альянсу псіхічных захворванняў (Nami), які накіраваны на тое, каб дапамагчы карыстальнікам, якія знаходзяцца ў стане дэпрэсіі, як мага раней западозрыць у сябе гэта псіхічнае расстройства і звярнуцца да лекара.

Такая псіхалагічная дапамога будзе даступная толькі ў ЗША: карыстальнікам, якія шукаюць інфармацыю аб дэпрэсіі, Google будзе прапаноўваць адказаць на шэраг пытанняў, каб зразумець, ці ёсць падстава для турботы.

Тым не менш, як падкрэсліваюць у Nami, запаўненне апытальнага ліста нельга разглядаць як замену паўнавартаснай дыягностыкі, якую праводзіць лекар.

«Тэст на дэпрэсію» разлічаны перш за ўсё на тое, што людзі, у якіх сапраўды назіраецца гэтае расстройства, адказаўшы на шэраг пытанняў, не будуць цягнуць з паходам да лекара.

«Хоць гэты тэст можа дапамагчы [дыягнаставаць дэпрэсію], аднак важна адзначыць, што апытальнік здароўя пацыента не можа быць адзіным сродкам для пастаноўкі дыягназу», — падкрэсліваюць у Nami.

Як растлумачылі ў арганізацыі, адкрываючы спасылку «Праверце, ці няма ў вас клінічнай дэпрэсіі», карыстальнік можа правесці самадыягностыку і зразумець, ці патрэбная яму кансультацыя лекара.

«Вынікі тэсту могуць вам дапамагчы лепш падрыхтавацца да кансультацыі ў лекара», — гаворыцца ў заяве лекараў.

Спасылка на тэст будзе з'яўляцца ў «панэлі ведаў», якая пры пошуку ў Google размяшчаецца пад пошукавым радком і над усімі вынікамі пошуку. Часцей за ўсё ў «панэль ведаў» трапляюць матэрыялы з Вікіпедыі.

«Тэст на дэпрэсію» складаецца з некалькіх блокаў, у кожным з якіх па дзевяць пытанняў. Усе пытанні датычацца псіхічнага здароўя чалавека, тэст разлічаны менавіта на выяўленне стану клінічнай дэпрэсіі.

Напрыклад, у тэсце ёсць пытанне аб тым, як часта чалавек сутыкаецца з тым, што не можа сканцэнтравацца, калі чытае газету або глядзіць тэлевізар.

Гэты тэст лічыцца даволі дакладным і надзейным спосабам выяўлення прыкмет клінічнай дэпрэсіі.

У Google адзначылі, што пошукавік не будзе «запамінаць» вынікі тэстаў карыстальнікаў і не будзе выкарыстоўваць гэтую інфармацыю пры складанні выбаркі кантэкстнай рэкламы.

Аднак некаторыя псіхатэрапеўты крытыкуюць гэты праект. Вядомы англійскі псіхатэрапеўт Аарон Балік лічыць, што такая анлайн-дыягностыка не прынясе больш карысці, чым той жа пошук інфармацыі ў інтэрнэце.

Па яго словах, больш эфектыўным было б прапанаваць карыстальніку, які знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане, чат з псіхолагам або тэлефон мясцовага псіхалагічнага цэнтра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0