«Mann ist mann», Беларускі дзяржаўны тэатр лялек

1931 год, «Mann ist mann» у Берліне.

«Камедыя пра чалавека, які не мог сказаць «не», або Гульня ў салдацікі», — так коратка прэзентуюць сваю чарговую прэм'еру для дарослых у Тэатры лялек. Рэжысёр Аляксей Ляляўскі нездарма ўзяўся за тэкст Бертальда Брэхта, які ў розныя часы крытыкі называлі то антымілітарысцкім, то антыімперыялістычным. Немец Брэхт скончыў п’есу ў 1926 годзе, у краіне, якая хутка стане гітлераўскай: яе галоўны герой Гэлі Гей пад ціскам асяроддзя з грузчыка лёгка ператвараецца ў страшнага забойцу. Тое, што гэтая тэма актуальная і сёння, і казаць не трэба.

Раней «Mann ist mann» некалькі разоў ставілі ў Германіі (у тым ліку і сам аўтар) і ў Расіі. У Беларусі матэрыял візуалізавалі толькі аднойчы: у 1969 годзе ў Купалаўскім тэатры. Тагачасны рэжысёр Валерый Раеўскі прыгадваў, што на сцэну іх прапусцілі толькі таму, што міністр культуры быў у ад’ездзе. Цікава будзе паглядзець, якім гэты правакацыйны матэрыял атрымаўся ў версіі каманды Тэатра лялек.

Калі: 21 і 28 верасня

«Бетон», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

Фота: rtbd.by.

Рэжысёрам новага спектакля ў жанры візуальнай паэзіі выступае Яўген Карняг, імя якога звязана з нечаканасцю, эксперыментам ды выклікам. Тэатральная публіка да гэтага часу памятае яго пастаноўку пра агрэсію «НяТанцы», працу са студэнтамі «Латэнтныя мужчыны», дзе даследуецца жаночы і мужчынскі пачатак. Неадназначна, але дакладна неабыякава ўспрынялі і яго апошнюю мінскую прэм’еру ў Тэатры лялек — «Інтэрв’ю з ведзьмамі». Пастаноўку называлі «сапраўднай фемінісцкай камедыяй, зробленай мужчынам».

Карняг любіць пагуляцца з целам, таму нас чакае шмат рухаў: пластыка складзе 98 адсоткаў пастаноўкі. Аднак тэкставая база ў яе таксама ёсць — міф пра Арфея і Эўрыдыку, папрацаваць з якім Карняг марыў апошнія 10 гадоў. Тэмы адзіноцтва і пекла возьмуць тут сучаснае гучанне: каб перадаць патрэбную атмасферу, рэжысёр натхняўся сцюжай новых шматпавярховікаў-каробачак, якія толькі будуюцца. Ці не самотныя і мы ў іх?

Калі: 28 і 29 верасня

«Запалкі», Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы (малая сцэна)

Фанаты тэатру ўжо маглі бачыць чыткі п'есы Канстанціна Сцешыка. Але спектакль — зусім іншы ўзровень. «Запалкі» —гэта сумная гісторыя пра звычайнага мужыка Толю, які жыве ў звычайным горадзе і гадуе маленькую дачку. Карацей, побыт і зноў адзіноцтва, непрыкаянасць і цяжкія пошукі свайго месца ў жыцці. Але будуць там і казачныя моманты: напрыклад, калі галоўны герой расказвае дачцэ чароўныя казкі. Праўда, у Толі зрабіць казкай сваё жыццё так і не атрымаецца.

Калі: 5, 6 верасня і 11, 19 кастрычніка

«Урок польскага», Беларускі дзяржаўны моладзевы тэатр

Яшчэ ў ліпені трупа Моладзевага тэатра ўзялася за рэпетыцыі па п'есе Ганны Баярскай, якая апісвае апошнія гады жыцця Тадэвуша Касцюшкі. Новы праект у тэатры — беларуска-польскі, ён прымеркаваны да двухсотгоддзя з дня смерці кіраўніка паўстання 1794 года.

Падрабязнасці прэм'еры пакуль хаваюць, але ў тэатры «НН» паведамілі, што галоўныя ролі Касцюшкі і яго вучаніцы Эмількі выканаюць заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Шароў і Лізавета Ільеўская. Кіраваць працэсам будзе польскі рэжысёр. Інтрыга вартая таго, каб чакаць гэтую восень.

Калі: кастрычнік

«Травіята», Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета

Рэпетыцыя, bolshoibelarus.by.

85-ы сезон беларускага Вялікага тэатра адкрыецца шостай па ліку пастаноўкай легендарнай «Травіяты» Джузэпэ Вердзі. У гэты раз руліць працэсам даверылі латвійскаму рэжысёру Андрэйсу Жагарсу, які адразу ж вырашыў яе асучасніць: замест Парыжа XIX стагоддзя — французская сталіца ў XXI-м. Замест сухот — анкалогія галоўнай гераіні. Фанаты оперы дакладна не прапусцяць чарговы варыянт вядомага твора.

Калі: 8,10 верасня і 10 кастрычніка

«Чума», Гомельскі абласны драматычны тэатр

Афіцыйная прэм’ера трагікамедыі па матывах п'есы Якуба Коласа «Антось Лата» адбылася ў маі, але з улікам хуткіх канікул убачылі яе нешматлікія гледачы, таму раім звярнуць увагу.

Цікава, што гэтая п’еса Коласа, па якой зрабіў спектакль Андрэй Шыдлоўскі, — амаль невядомая, знайсці яе цяжка нават у зборах твораў класіка.

Таму тое, што яна гучыць са сцэны — каштоўна ўдвая. Акрамя таго, у пастаноўцы закранаецца балючая беларусам тэма алкагалізму. Праўда, калі глядзець на пасыл больш шырока, то ён пра чалавечыя слабасці ў прынцыпе.

 Калі: 26 і 27 верасня

VII Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ»

Cпектакль «Сіняя-сіняя», фота teart.by.

Акрамя традыцыйна насычанай замежнай праграмы, форум зноў будзе ўключаць у сябе і моцны беларускі шоў-кейс.

Тут вас чакаюць і сцэнічная адаптацыя апавядання Караткевіча («Сіняя-сіняя», Магілёўскі абласны тэатр лялек), і віцебская пастаноўка «Цень думкі нашай…» па творах Францішка Аляхновіча, шмат спектакляў па сучаснай айчыннай драматургіі і нават цэлы вечар перформансу penAtra(C)tion-VIII.

Сёлета свае акцыі і хэпенінгі творцы прысвецяць культаваму беларускаму мастаку Алесю Родзіну.

Карацей, выдатная магчымасць паглядзець як мінскія, так і спектаклі з іншых гарадоў у адной геаграфічнай лакацыі.

Калі: 29 верасня — 16 кастрычніка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?