28.08.2017 / 23:01

Дзевяць сэтаў грузінскай кухні, якія можна будзе пакаштаваць перад «Тбілісобай» 8

2 верасня ўвесь Верхні горад ператворыцца ў вялікае грузінскае застолле на 25 рэстаранаў, якія будуць частаваць грузінскімі стравамі да поўначы. А пакуль можна падрыхтавацца да «Тбілісобы» ў дзевяці рэстаранах на гэтым тыдні, пакаштаваўшы розныя інтэрпрэтацыі сучаснай грузінскай кухні.

Ужо ад панядзелка 28 жніўня дзевяць мінскіх кавярняў і бараў прапануюць адмысловае грузінскае меню. Пакаштаваць усе стравы можна будзе да 2 верасня. Цана кожнага сэта — 7 рублёў. Грузінскі сэт дапоўніць бляшанка грузінскай мінеральнай вады «Баржомі».

«Наша Ніва» прапануе паглядзець, што смачнага можна будзе пакаштаваць напярэдадні «Тбілісобы».

«Жыгулі»

Чахахбілі + шашлычок з гароднінай

Адна з самых папулярных у свеце грузінскіх страваў. Чахахбілі гатуецца з курыцы, бярэцца кавалачак мяса з косткай. Чаму з косткай? Бо падчас прыгатавання, абсмажвання птушкі гэта дае свой асаблівы водар. Разам з мясам ідзе рагу з гародніны: шмат цыбулі, морквы, памідораў. І, канечне ж, непараўнальная грузінская зеляніна. Асаблівы смак чахахбілі надае кінза. Калі будзеце частавацца шашлычком з гародніны, то будзьце асабліва асцярожныя з перчыкам чылі, для непадрыхтаванага спажыўца з’есці яго будзе няпроста.

«Аліўе»

Кебаб з бараніны з бульбай і марынаванай чырвонай цыбуляй

Кебаб — гэта не чыста грузінская кухня. Але на Каўказе ён гэткі ж папулярны, як і ў арабскіх краінах. У Грузіі можна сустрэць і курыны, і свіны, і ялавічны кебаб. А вось у кавярні «Аліўе» вырашылі вылучыцца, зрабіўшы кебаб з бараніны. У Беларусі гэтае мяса крыху недаацэненае, хаця мае вялікую колькасць прыхільнікаў. Кебаб будзе досыць востры, рэзкі, з дадаваннем кінзы, хмелі-сунэлі. Па спецыі для стравы кухары «Аліўе» адмыслова ездзілі на Камароўскі рынак. Падаецца мяса з вострым аджыкава-таматным соусам. Усё гэта будзе вянчаць марынаваная чырвоная цыбуля і свежая засмажаная бульбачка з храбусткой скурачкай.

 Coffeeberry

Бургер з бастурмой, брынзай і леча

Кавярня Coffeeberry спецыялізуецца на бургерах, робяць іх з самымі рознымі і незвычайнымі начынкамі. Для фестывалю ж установа зрабіла адмысловы бургер па-грузінску. Мабыць, галоўнай ягонай фішкай можна лічыць унікальны грузінскі соус сацэбелі. Ён ідэальна пасуе да любога мяса ці сыру. «Усё па-сапраўднаму, як у Грузіі», — кажа адміністратар кавярні Наталля. У якасці сыру абраная брынза: гэты сыр цудоўна спалучаецца з пяшчотнай булачкай-чабатай. І, канечне ж, бастурма: без гэтага мяса не абыходзіцца ніводнае славутае грузінскае застолле.

Don Сoffe'on

Хачапуры

Шэф-повар кафэ Эдуард Цібілаў сам паходзіць з Каўказа, з Паўночнай Асеціі. «У нас ёсць фактычна аналагічная страва — асецінскія пірагі. Хачапуры — страва папулярная, смачная, калі правільна прыгатаваць», — дзеліцца ўражаннямі спадар Цібілаў. Галоўная фішка гэтых хачапуры — ручная праца, правільныя суадносіны начынкі і цеста. У якасці начынкі выступае класічны сыр сулугуні, а ўжо сам шэф дадаваў ад сябе зеляніну: кроп і зялёную цыбулю.»Грузінская кухня — гэта выдатна, гэта калі ўсё свежае, калі шмат гародніны, зеляніны, усё каляровае, радаснае. І я някепска яе гатую, рэкамендую», — смяецца Эдуард Цібілаў.

Дэпо #2

Блін-хачапуры

«Дэпо#2» на ўвесь Мінск вядомы сваімі непараўнальнымі блінчыкамі. Што яны маглі прапанаваць сваім сталым наведвальнікам у грузінскі тыдзень? Канечне, блінчык з грузінскім каларытам. У яго склад уваходзяць сыры сулугуні і мацарэла, масла. Асаблівы каларыт страве надае яйка. У блін яно кладзецца сырым і ўжо толькі ўнутры прасмажваецца. Гэта робіцца для таго, каб яйка надавала страве больш смаку. Гэта класічны рэцэпт хачапуры, толькі замест цеста ідзе блін. Вось так прыгожа атрымалася інтэграваць традыцыйную беларускую і грузінскую кухні.

«Гарышча» («Чердак»)

Мцвадзі з курынага сцягна і шампіньёнаў

Гэта самая сапраўдная грузінская класіка. Мцвадзі — гэта шашлык па-грузінску. Асаблівую разынку страве надаюць марынады. Шампіньёны замарынаваныя ў грузінскім віне, курыца — у кефіры з грузінскімі спецыямі. У шашлычку шмат прыправаў на любы густы: ад куркумы да цім’яну. Адмыслова з Тбілісі для гэтага рэцэпту прывезлі сванскую соль. «Гэта па-грузінску, гэта проста, гэта смачна», — тлумачыць свой выбар шэф-повар «Чердака». Мяса ў гэтага шашлычка незвычайна пяшчотнае.

«Харошы год»

Багет з гароднінай, сырам, аджыкай і шашлычком

У вінным бары злучылі французскі багет і традыцыйнае грузінскае мяса. Для стравы выкарыстаная запечаная свіная выразка. Вельмі шмат зеляніны, востры арэхава-гароднінавы соус. Усё гэта запякаецца і падаецца ў разрэзаным выглядзе. «Вельмі хацелася, каб гэта было сакавіта, кожны слой прапітаны соусам, — дзеліцца шэф-повар Святлана. — Браць нешта традыцыйнае мне не вельмі хацелася б. Хацелася арыгінальнага. А яшчэ смачнага, каб смачна было нават вачыма. Убачыў — і захацеў з’есці». Сапраўды, такой стравы з французска-грузінскім каларытам вы не пакаштуеце болей нідзе. Страву назвалі Каргі Тселі — гэта значыць «добры год» па-грузінску.

«Клумба»

Гупта з гароднінай і чыпсамі з лаваша

Гэта не зусім традыцыйны шашлык. Гупта — гэта грузінская варыяцыя ўсім добра вядомых фрыкадэлек. У порцыі — тры шарыкі на шпажцы. У якасці мяса была абраная ялавічына, перамелены фарш з прыправамі хмелі-сунэлі і кінзой. Асаблівасць стравы — спецыі і вастрыня. Да мяса ідзе стандартны набор свежай гародніны. І ўсё гэта з вялікай колькасцю незвычайных чыпсаў з лаваша. Да іх таксама падаецца дамашні соус ад «Клумбы» на аснове кетчупу для бургераў. Атрымліваецца вельмі вялікая і сытная страва.

Цікі-бар «На пляжы»

Люля-кебаб з падліўкай ткемалі, сезонная салата з арэхавай запраўкай, хатні шоці

Сакавіты люля-кебаб, прыгатаваны з курынага фаршу і прыпраўлены спецыямі пад соусам ткемалі парадуе гурмана, якому падабаюцца стравы з курыцы ў небанальнай інтэрпрэтацыі. Соус ткемалі ўяўляе сабой гарманічнае спалучэнне слівы, часныку і траваў. У дадатак да гэтай стравы ідзе сезонная салата з вострай запечанай бульбы, таматаў ды зеляніны розных адценняў смаку. Да яго ідзе арэхавы соус, гранатавы сок ды спецыі. У дадатак да стравы падаецца свежы шоці — грузінскі белы хлеб.

Зміцер Панкавец

0
чэтко / Адказаць
28.08.2017 / 15:30
Усе на Зыбу!
1
belriot / Адказаць
28.08.2017 / 16:08
Відаць, ніводны з павароў ніколі ня быў у Грузіі. Калі б там пабачылі гэтыя порцыі - кроўнай помсты гэтыя кулінары не пазбеглі б, гэта дакладна ;)
4
Максим Дизайнер / Адказаць
28.08.2017 / 16:12
Порции для куранят. Кроме последних двух.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру