Федэральная мытная служба Расіі раскрыла найбуйнейшую сетку пастаўшчыкоў санкцыйнай прадукцыі. У яе ўваходзяць 29 кампаній, зарэгістраваных у перыяд з 2014 года, а заснавальнікамі ў асноўным з'яўляюцца грамадзяне Беларусі. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы, «блізкія да да ФМС».

Спіс складаўся ФМС наступным чынам, распавяла крыніца РБК. Перш за ўсё, пад падазрэнне трапілі кампаніі, якія, згодна з пашпартамі здзелак удзельніка знешнеэканамічнай дзейнасці, мелі кантракты з адным з трох беларускіх пастаўшчыкоў — рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам (РУП) «Белмытнясэрвіс», ТАА «Газ Венчурэ» або ТАА «Глобалкастам», што спецыялізуюцца на ўвозе ў Беларусь прадукцыі, якая ў Расіі забароненая.

ФМС таксама праверыла ў гэтых трох кампаній дэкларацыі аб адпаведнасці на прадукцыю, якая пастаўляецца (яны рэгіструюцца Расакрэдытацыяй і сведчаць якасць прадукцыі, якая пастаўляецца). Аказалася, што частка дэкларацый была выдадзеная расійскімі акрэдытаванымі лабараторыямі на санкцыйныя прадукты. «Каб атрымаць гэты дакумент, кампанія павінна была завезці ў краіну ўзоры прадукцыі, але гэта нельга зрабіць легальна, значыць, дакумент не дзейнічае», — распавядае суразмоўца РБК.

«Сумнеўныя» дэкларацыі (у якіх указаныя ў тым ліку санкцыйныя тавары) мытня выявіла і ў расійскіх кампаній, якія супрацоўнічалі з беларускай «тройкай». «Само па сабе гэта не парушэнне, але яго ўскосная прыкмета, — кажа суразмоўца РБК. — Навошта атрымліваць дакумент на тавар, які нельга ўвозіць?»

Паводле даных ФМС, з пачатку 2015 года 29 кампаній, якія трапілі ў спіс, перавялі тром беларускім контрагентам толькі за плодаагароднінную прадукцыю сумарна $125,7 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?