Вы толькі не падумайце, што я ныю. Я ўсім задаволены. Чытаю тыя сайты, што і ўсе. Бо іншых сайтаў у байнэту для нас няма. І так, мне падабаецца і «Белсат», і «Свабода», і «Наша Ніва». Але ведаеце, мяне падкідвае, калі людзі пачынаюць ганарыцца тым, што ёсць цяпер, і прадстаўляць гэта вялікім дасягненнем. Бо тое, што ёсць цяпер, — гэта менавіта сітуацыя «іншых сайтаў у байнэту для нас няма». Асабіста ведаю некалькі чалавек, якія на пытанне, чаму яны чытаюць «Медузу» і «Кольту», адказваюць: «Таму што ў Беларусі мала медыяў, якія б размаўлялі са мной пра падзеі ў грамадстве інтанацыяй, якая мне падабаецца».

У 90-я і 2000-я, ведаеце, быў прынцып: браць грошы ў адным месцы і траціць іх на заробкі журналістаў, якія пішуць пра месцы (і падзеі) іншыя. У нулявыя чытанне каментаў, якія мадэратары не паспелі выдаліць, не было адзіным спосабам дазнацца, што ж насамрэч адбываецца па-за межамі рэстарацыяў і шопінг-молаў.

І таму, пабачыўшы, так бы мовіць, «пакаленчаскі» допіс Францішка Вячоркі пра тое, што раней усё было горшым і кантэнт у сацыяльных сетках прадукуецца нашмат больш якасны за журналістыку 90-х і 2000-х, бо там «памылка на памылцы», маю не пагадзіцца.

 Адразу падкрэслю, што ўдзячны Францішку за згадку пра маю літаратурную творчасць, але як чалавек, які працаваў у журналістыцы ў 90-я — 2000-я, хацеў бы прадэманстраваць, чым былі б гэтыя багатыя на драмы гады, калі б пра іх пісалі сучасныя буйныя электронныя медыі. Прыводзіць буду толькі загалоўкі:

Чэрвень 1994, выбары прэзідэнта

— «Рэзанансная аварыя на Веры Харужай. Вінаваты ўладальнік «Мерседэса»?

— «Калі нарэшце адступіць спёка?»

— «Калі зноўку чакаць цяпло?»

 — «Дажджы ўзновяцца з новай сілай з…»

— «Новыя калекцыі «Світанка» і «Камінтэрна». Глядзім разам з рускім дызайнерам» (партнёрскі матэрыял буціка «Эскада»).

Ліпень 1994, другі тур выбараў прэзідэнта, перамога Аляксандра Лукашэнкі

— «Падноўленае меню ў кавярні «Валерыя». Чэсныя порцыі, але мяса пашкадавалі» (партнёрскі матэрыял для «Жмэрынка Касмецікс»: «Антыкак ад «Жмэрынка Касмецікс — найлепшы сродак ад паносу!)

— «Калі скончыцца рамонт на плошчы ля ДК «Белсафпрофа»?

— «Матэрыялы для падлог, модныя ў гэтым сезоне» (партнёрскі матэрыял ламінату Toxic Plast)

— «Прыгажуня Караліна раіць чатыры найлепшыя фестывалі гэтага лета» (партнёрскі матэрыял школы прыгажунь і чатырох фестываляў, што пагадзіліся на рэкламу)

— «На тусовачнай вуліцы Карла Маркса адкрыўся другі рэстаран. Дорага і ўбога» (ад партнёрства адмовіліся)

Красавік 1995. Галадоўка дэпутатаў ВС супраць рэферэндуму аб мове і сімвалах

— «Што думаюць мінчукі пра падфарбаваныя барэльефы ў кафетэрыі «Цэнтральнага»?

— «Шпалеры ці фарба? Што абіраць пры рамонце ў панэльцы»

— «Ці трэба дарыць дзяўчынам дарагія падарункі пасля першага сэксу? Адказваюць псіхолаг, уладальнік бара і заўсёдніца лобі ў гасцініцы «Юбілейная».

— «Смарагд супраць брыльянта: які камень мусіць быць у заручальным пярсцёнку (ну, вы зразумелі пра партнёраў)?»

Травень 1995. Рэферэндум робіць рускую мову роўнай беларускай, а чырвона-зялёны сцяг — дзяржаўным сімвалам

— «Двухбортныя адыходзяць? Інтэрв’ю з беларускім дызайнерам, які бачыў Алу Пугачову, пра тое, што будзе модным летам — 1995»

— «Круціце галавой не менш за тры хвіліны ў дзень. Доктар раіць практыкаванні для тых, хто гуляе ў Doom 2» (партнёрскі матэрыял з кампаніяй «Дайнова»)

— «Агляд надмагілляў гэтага сезону. Што модна на Паўночных могілках? Адказваюць магільшчык, сэксолаг і заўсёдніца лобі ў гасцініцы «Юбілейная» (партнёрскі матэрыял, падтрыманы Паўночнымі могілкамі)

Лістапад 1996 года. Прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір пакідае пасаду ў знак пратэсту супраць абвешчанага новага рэферэндуму

— «Восеньскія лукі мінчан. Дзяўчына ў клятчастым паліто і пазітыўны руды хіпі».

— «Найлепшыя кнігі для чытання на экране манахромнага сотавага тэлефона (тэкст падтрыманы аператарам «Белсел»)

— «Калі нарэшце адступіць спёка?»

— «Калі зноўку чакаць цяпло?»

— «Дажджы ўзновяцца з новай сілай з…»

— «Рубрыка «Палітыка»: інтэрв’ю з парыкмахерам, які стрыг Міхаіла Чыгіра напярэдадні адстаўкі (партнёрскі матэрыял з сеткай барбер-шопаў «Світанак»)

Восень 1996 — вясна 1997 года. Стварэнне двухпалатнага парламента, які мусіць замяніць Вярхоўны Савет, пры актыўным супраціве часткі дэпутатаў ВС

— «Глядзіце, якая салата з цыбуляй і смятанай з’явілася ў «Чабурэчнай» (партнёрскі матэрыял кавярні «Філінз»)

— «Каты супраць сабак. Парады псіхолага, уладальніка бара і заўсёдніцы лобі ў гасцініцы «Юбілейная»

— «Беларус запісаў касету «Ранетае сэрца», песні робяцца папулярнымі ў клубе «Адыс-Абеба» (інтэрв’ю з Сяргеем Міхалком)

— «Узоры кілімаў, папулярных сярод сялян, гараджан і незамужніх дзевушак» (спонсар — «Брэсцкія каўры»)

Красавік 1997. Фармаванне Саюза Беларусі і Расіі

— «Q-Zar — выпрабаванне для сапраўдных мужчын. Інтэрв’ю з заўсёднікам гульні ў лазертаг у Парку Чалюскінцаў».

— «Шатландскія, скураныя і сада-маза: фотаздымкі мінчанак, якія ўжо надзелі сукенкі»

— «Што лепей, жанчына ці рыбалка? Адказы феміністкі, уладальніка секс-шопа і крамы вудзільных прылад» (партнёрскі матэрыял уладальніка сэкс-шопу і крамы вудзільных прылад)

— «Двушка, пераробленая ў трошку. Як зрабіць асобны пакой з нішы пад лядоўню, каб не ўзнікла прэтэнзій ЖЭСа» (партнёрскі матэрыял халадзільнікаў «Адланд», у тэксце кажацца, што пакой зрабіць не атрымаецца)

2000, выбары ў Палату прадстаўнікоў

— «Шкарпэткі набываю ў ЦУМе, майткі — на «Нямізе». Інтэрв'ю з кандыдатамі ў ППНС.

— «Рубрыка «Культура»: чаму некаторыя каты бываюць чорнымі, іншыя — чорна-белымі, а сустракаюцца таксама чарапахавыя?»

— «Мінск, дзе твае страўсіныя стэйкі? Папулярны ў рускім ЖЖ аўтар з’ездзіў у наш горад і адлінчаваў яго кулінарную культуру» (партнёрскі матэрыял «Стэйкхаўза на Машэрава»: найлепшыя стэйкі са страўсаў, замарожаныя ў 1950-я).

2004, рэспубліканскі рэферэндум, які здымае абмежаванне на вылучэнне адной і той жа асобы ў прэзідэнты тройчы

— «На тусовачнай вуліцы Карла Маркса адкрыўся трэці рэстаран. Меню і цэны» (перамовы пра партнёрства ў стадыі правядзення)

— «Крыжовы паход супраць тых, хто паркуецца не па правілах. Экалагічны актывіст абвясціў барацьбу супраць парушальнікаў ПДД, бо ў краіне няма іншых праблем»

— «Стыль пісьменніка з праблемамі з алкаголем: «а яшчэ час ад часу знаходжу ў кішэнях дохлых пацукоў» (партнёрскі матэрыял, кадаванне ад алкагалізму метадам Даўжэнкі)

— «Калі нарэшце адступіць спёка?»
— «Калі зноўку чакаць цяпло?»
— «Дажджы ўзновяцца з новай сілай з…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?