Параўнанне вынікаў радыяцыйнага кантролю на працягу апошніх пяці гадоў паказвае, што ўтрыманне цэзію-137 у ягадах і грыбах паступова памяншаецца. Самыя радыеактыўныя грыбы растуць у Бярэзінскім, Чэрыкаўскім, Столінскім і Лельчыцкім раёнах, паведамляе сайт ДУ «Беллесахова».

Традыцыйна летам радыёлагі лясгасаў праводзяць работы ў лясах па вывучэнні забруджвання грыбоў і ягад. Параўнанне вынікаў радыяцыйнага кантролю на працягу апошніх пяці гадоў паказвае, што ўтрыманне цэзію-137 у ягадах і грыбах паступова памяншаецца. Гэта тлумачыцца яго натуральным радыеактыўным распадам, зніжэннем рухомасці ў глебе.

«Пры агульнай тэндэнцыі да змяншэння актыўнасці радыенуклідаў у лясной прадукцыі забруджванне ягад цэзіем-137 захоўваюцца — да 28% чарніц ад усіх правераных у год перавышаюць дапушчальны ўзровень», — сказалі ў Беллесахове.

Для грыбоў гэты паказчык вышэйшы — цэзіем забруджаныя да 37% свежых грыбоў ад усіх правераных у год.

Па словах спецыялістаў, самыя небяспечныя грыбы растуць у Чэрыкаўскім (Магілёўская вобласць, 2148 Бк/кг у сыраежках), Бярэзінскім (Мінская вобласць, 3380 Бк/кг у сыраежках), Лельчыцкім (Гомельская вобласць, 6851 Бк/кг у белых грыбах), Столінскім (Брэсцкая вобласць, 5200 Бк/кг у лісічках).

Ва ўстанове нагадваюць, што інфармацыю пра забруджванне лясоў цэзіем-137, аб узроўнях ўтрымання радыенуклідаў у ягадах і грыбах можна атрымаць на сайтах лясгасаў у спецыяльным раздзеле «Радыяцыйны кантроль».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0