14 верасня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі пройдзе другі паказ мюзікла «Чарадзей» Рамана Арлова.

Мюзікл расказвае аб жыцці і прыгодах Усяслава Чарадзея — таго самага, што біўся на Нямізе ў 1067 годзе і ўмеў перакідвацца ў ваўка.

«Лічу, што на «Чарадзея» хаця б адзін раз павінен схадзіць кожны беларускі школьнік, асабліва старшакласнік. І гэта тычыцца не толькі гуманітарыяў. Навучэнцы тэхнічных спецыяльнасцяў, якія спяць і бачаць сябе паспяховымі гейм-дызайнерамі ды айцішнікамі, змогуць пасля наведвання «Чарадзея» па- іншаму глянуць на гісторыю Беларусі, бо мы дадалі значную долю містыкі ў голы пераказ гісторыі. Магчыма, «Чарадзей» змусіць задумацца той жа «Варгеймінг» пра распрацоўку аднаменнай гульні пра славутага полацкага князя, а сённяшнія школьнікі-гледачы стануць тымі, хто будзе праект тэхнічна і крэатыўна распрацоўваць ужо праз лічаныя гады ці нават месяцы», — кажа стваральнік мюзікла Раман Арлоў.

У гэтым сэнсе паказ «Чарадзея» 14 верасня, які пройдзе акурат у пачатку новага навучальнага года, дастаткова сімвалічны. Сёлета святкуецца 950-годддзе Мінска, а менавіта імя Чарадзея цесна звязана з першай згадкай пра горад.

Раман Арлоў звяртаецца праз «Нашу Ніву» да ўсіх класных кіраўнікоў Беларусі з прапановай: калі вы яшчэ не вызначыліся з культурнай праграмай сваіх класаў на верасень — абавязкова прыходзьце на «Чарадзея» ў Філармонію!

* * *

Раман Арлоў — адзін з заснававальнікаў і аўтар многіх песень гурта J:Mors, стваральнік і прадусар праекта «У нескладовае».

Прэм’ера «Чарадзея» адбылася 26 лістапада 2016 года. Сёлета ў траўні мюзікл здзейсніў першыя паспяховыя замежныя гастролі ў Польшчы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0