Выкананне ўсіх пунктаў мінскіх пагадненняў з'яўляецца асноўнай умовай адмены санкцый у дачыненні да Расіі. Пра гэта федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель заявіла ў панядзелак, 29 жніўня, падчас традыцыйнай летняй прэс-канферэнцыі, паведамляе DW.

«Санкцыі ў дачыненні да Расіі будуць знятыя, калі ў іх больш не будзе неабходнасці. Мы хочам знайсці рашэнне канфлікту ў рамках «нармандскага фармату». Калі мы зможам рэалізаваць парадак мінскіх дамоўленасцей, з'явяцца добрыя шанцы для адмены санкцый», — адзначыла кіраўнік нямецкага ўрада.

Меркель нагадала, што бакам канфлікту ўдалося дамовіцца аб захаванні рэжыму спынення агню да пачатку навучальнага года. Пры гэтым пазіцыя федэральнага канцлера па пытанні анексіі Крыма засталася нязменнай.

Федэральны канцлер не згодная са сцвярджэннямі, што ў апошні час у яе дзеяннях назіраецца адыход ад палітыкі гасціннасці ў дачыненні да бежанцаў. Крокі, накіраваныя супраць кантрабандыстаў, якія перапраўляюць бежанцаў у Еўропу, стварэнне цэнтраў размяшчэння ў Лівіі і дапамога гэтай краіне ў развіцці «ўзыходзяць да духу» дапамогі мігрантам летам 2015 года, зазначыла Меркель. Пры гэтым сваё рашэнне адкрыць межы для ўцекачоў яна лічыць важным і правільным ва ўмовах надзвычайнай гуманітарнай сітуацыі, якая тады склалася.

Але цяпер, па яе словах, настаў час пошуку доўгачасовых рашэнняў. Еўрапейцы змогуць толькі тады жыць у бяспецы і камфорце, «калі мы пачнём глядзець далей за ўласны нос і зоймемся эканамічным развіццём нашых суседзяў», — падкрэсліла Меркель. Пры гэтым яна зноў раскрытыкавала тыя краіны Еўрасаюза, якія выступаюць супраць «справядлівага размеркавання» бежанцаў. Такія краіны, як Італія і Грэцыя, на якія сёння прыпадае асноўны паток бежанцаў і нелегальных мігрантаў, не могуць заставацца сам-насам з гэтай праблемай, адзначыла кіраўнік нямецкага ўрада.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0