30 (31?) жніўня святкуе 63-годдзе Аляксандр Лукашэнка. У дзень народзінаў кіраўніка Беларусі нас зацікавіла пытанне: чым займаліся і чаго дасягнулі сусветныя палітычныя лідары ў тым самым веку? У дзясятку трапілі, вядома, не ўсе вартыя згадкі. Спіс адкрыты, можна дадаваць у каментах.

Дыяклетыян, рымскі імператар

Нарадзіўся: 245 г. н.э.

Дыяклетыян (сапраўднае імя Дыокл) нарадзіўся ў Чарнагорыі і быў унукам раба. На вяршыню ён узняўся з самых нізоў, пачаўшы кар'еру салдатам у рымскім легіёне — тагачаснай «савецкай арміі». У час яго кіравання абсалютная ўлада імператара стала не толькі фактычнай, але і была юрыдычна аформленая.

За дваццаць гадоў кіравання ў Рыме ён быў мо толькі раз —

увесь час кідаўся з легіёнамі з канца ў канец імперыі, адбіваючы напады суседзяў і душачы паўстанні. Запомніўся і ганеннямі на хрысціян, якіх перавёў на нелегальнае становішча і знішчаў.

Пастаянныя стрэсы падарвалі здароўе, і ў 60 Дыяклетыян адмовіўся ад улады. Ён сустрэў 63-годдзе на сваёй віле, у сённяшняй Харватыі. Калі прапаноўвалі вярнуцца ў Рым, адмахваўся і паказваў на дзівосны ўраджай капусты, які яму ўдалося вырасціць на прысядзібным участку.

Заставалася жыць: 5 гадоў.

 

Вітаўт, вялікі князь літоўскі

Нарадзіўся: 1350 г.

Вялікі князь літоўскі, які найбліжэй падступіўся да непадзельнай улады ў дзяржаве. У свае 63, у 1413-м, быў на вяршыні магутнасці.

Немцы пабітыя, у Маскве кіруе родны зяць, апазіцыя і сепаратысты не смеюць рыпнуцца.

Нават з любімым братам Ягайлам, польскім каралём, які свайго часу задушыў бацьку Вітаўта і ад якога сам Вітаўт ледзь уцёк у жаночай вопратцы, складаецца Гарадзельская унія, якая раўняе ў правах магнатаў ВКЛ і Кароны.

Жыць заставалася: 17 гадоў.

 

Людовік XIV, кароль Францыі

Нарадзіўся: 1638 г.

Яго пры жыцці называлі «Кароль-сонца», «Богам дадзены». Пры ім у Францыі замацавалася абсалютная манархія.

Яму належаць характэрныя выказванні «дзяржава гэта я» і «пасля нас хоць патоп».

У свае 63, у 1701-м, Людовік увязаўся ў крывапралітную агульнаеўрапейскую вайну за іспанскую спадчыну, якая цягнулася 14 гадоў і пазначыла канец палітычнага дамінавання Францыі ў Еўропе. А праз нейкі час быў і «патоп» — Вялікая французская рэвалюцыя.

Жыць заставалася: 14 гадоў.

 

Аляксандр ІІ, расійскі імператар 

Нарадзіўся: 1818 г.

Душыцель паўстання Каліноўскага і вызваліцель сялян ад прыгону, ён

не дажыў некалькі тыдняў да 63-годдзя — загінуў ад бомбы беларуса-народавольца Ігната Грынявіцкага.

 

Іосіф Сталін, кіраўнік СССР

Нарадзіўся: 1879 г.

Дзядуля Ленін пражыў усяго 53 гады. Але наступныя савецкія лідары перасягнулі 63-гадовую мяжу. Сталіну споўнілася 63 ў снежні 1942-га, у нервовай абстаноўцы контрнаступу савецкіх войскаў пад Сталінградам.

Пасля быў карэнны пералом у вайне і перамога над учорашнім саюзнікам — фашысцкай Германіяй. Ёсць меркаванне, што вынікамі вайны Сталін задаволены не быў, бо не ўдалося перакінуць «полымя рэвалюцыі» на краіны Захаду і пашырыць межы СССР аж да Лісабона.

Давялося заняцца ўнутранымі справамі: былі пачатыя справы вайскоўцаў, навукоўцаў, маладых патрыётаў, дактароў, дэпартацыі цэлых народаў, вынішчэнне партызанкі, сялянства і нацыянальных кадраў на нядаўна занятых тэрыторыях…

Махавік рэпрэсій круціўся да апошняга дня жыцця савецкага лідара-параноіка. Паводле звестак «Мемарыялу», яго ахвярамі сталі каля 40 мільёнаў чалавек.

Жыць заставалася: 11 гадоў.

 

Леанід Брэжнеў, генеральны сакратар ЦК КПСС

Нарадзіўся: 1906 г.

«Дарагі Леанід Ільіч» у 63 меў ужо першыя сімптомы пагаршэння разумовага стану.

Паводле ўспамінаў яго паплечніка Касыгіна, падчас перамоваў наконт увядзення савецкіх войскаў у Чэхаславакію ў 1968-м Брэжнеў быў затарможаны, меў неадэкватную рэакцыю, у яго парушалася дыкцыя. Але тым не менш ён пасля таго яшчэ больш як дзесяць гадоў стаяў за стырном гіганцкай ядзернай дзяржавы. Наперадзе былі вайна ў Афганістане, новая канстытуцыя, застой і ўсеагульны запой.

Жыць заставалася: 12 гадоў.

 

Рональд Рэйган, прэзідэнт ЗША

Нарадзіўся: 1911 г.

Рональд Рэйган у свае 63 яшчэ нават не дасягнуў найвышэйшага пункту сваёй кар'еры. У 1974-м ён перадапошні год быў губернатарам Каліфорніі (шанцуе гэтаму штату на губернатараў-акцёраў). У 1976-м Рэйган упершыню паспрабуе змагацца за прэзідэнцтва, а ў 1980-м — выйграе.

Прэзідэнтам Рэйган стане ў 70 гадоў,

а давесці да канца сваю місію — зруйнаваць «імперыю зла», СССР, — здолее ў 79.

Жыць заставалася: 30 гадоў.

 

Нэльсан Мандэла, прэзідэнт Паўднёва-афрыканскай рэспублікі

Нарадзіўся: 1918 г.

Змагар з апартэідам і вялікі жыццялюб Нэльсан Мандэла ў свае 63 даседжваў 26-ы, перадапошні, год у турме на мысе Добрай Надзеі.

У 76 ён стане прэзідэнтам і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Жыць заставалася: 32 гады.

 

Барыс Ельцын, прэзідэнт Расіі

Нарадзіўся: 1931 г.

Барыс Ельцын у 63 гады прайшоў сярэдзіну першага тэрміна прэзідэнцтва.

Годам раней ён вырашыў канстытуцыйны крызіс у краіне, абстраляўшы з танкаў пракамуністычны парламент.

А ў снежні 1994-га пачнецца першая чачэнская вайна, якая стане паваротным пунктам расійскай гісторыі. На хвалі нарастання атмасферы страху да ўлады прыйдзе кіраўнік спецслужбы Пуцін, паступова скруцяцца дэмакратычныя свабоды… ну, далей вы ведаеце.

Жыць заставалася: 13 гадоў.

 

Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША

Нарадзіўся: 1946 г.

63-годдзе заспела бізнэсмена-мільярдэра Дональда Трампа ў часе судовай цяжбы. У выніку фінансавага крызісу 2008-га абрынуліся продажы ў яго гандлёвых цэнтрах, і не хапіла грошай пагасіць пазыку 40 мільёнаў даляраў.

У судзе Трамп спрабаваў даказаць прадстаўнікам Дойчэ Банка, што крызіс — гэта форс-мажор, і пазыку ён вяртаць не мусіць.

Да трыумфальнага абрання прэзідэнтам ЗША заставалася 8 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?