12 лекцый + канцэрт. Расклад актыўнасцяў праекту «(Не) расстраляная паэзія»
Цягам амаль трох месяцаў у менскай кнігарні «Логвінаў» пройдуць адкрытыя лекцыі, прысвечаныя беларускім пісьменнікам, якія сталі героямі праекту «(Не) расстраляная паэзія», а 29 кастрычніка ў клубе «Брюгге» адбудзецца канцэртная прэзентацыя альбому на іх вершы.
Усяго запланаваная 12 адкрытых лекцыяў, якія прачытаюць знаўцы беларускай літаратуры: Андрэй Хадановіч, Віктар Жыбуль, Ганна Севярынец, Антон Рудак, Вольф Рубінчык і Аляксей Стрэльнікаў. Плануецца таксама, што ў лекцыях возьмуць удзел музыкі, якія прэзентуюць у акустычным фармаце песні, напісаныя ў межах праекту «(Не) расстраляная паэзія».
Лекцыі будуць праходзіць штотыдня ад 1 верасня да 16 лістапада. Уваход вольны. Першай будзе імпрэза, прысвечаная Юлію Таўбіну. Лектар Андрэй Хадановіч настолькі зачараваўся ягонай паэзіяй, што вырашыў укласці кнігу, якая будзе прэзентаваная ў гэты ж вечар. Зборнік завецца «Юлі Таўбін. Выбранае», у яго ўвайшлі найлепшыя творы з усіх прыжыццёвых зборнікаў паэта, некалькі вершаў, што ніколі не друкаваліся ў ягоных кнігах, а таксама бліскучыя пераклады Гэнрыха Гайнэ.
На лекцыях таксама будуць прэзентаваныя «маўклівыя кнігі» — нататнікі-песеннікі з выявамі паэтаў, якія зрабіла дызайнерка Кацярына Пікірэня.
Усе лекцыі будуць транслявацца анлайн праз старонкі паэтаў у Facebook (адрасы ўсіх старонак). Відэаверсія кожнай лекцыі будзе таксама размешчана ў Youtube.
Канцэртная прэзэнтацыя праекту «(Не) расстраляная паэзія» адбудзецца ў клубе «Брюгге» 29 кастрычніка 2017 года — роўна праз 80 гадоў пасля той жахлівай ночы, калі ў турме наркамату ўнутраных справаў БССР былі расстраляныя 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Квіткі можна набыць праз Bezkassira.by
Песні, запісаныя для «(Не) расстраляная паэзія» увосень будуць прэзентаваныя на TuzinFM, яны складуць адмысловы восеньскі тур аўдыёчарту.
Каментары