30.08.2017 / 17:46

NASA будзе даследаваць Венеру з дапамогай заведзенага як гадзіннік механічнага ровера

Добры гадзіннік можа збіцца, але працягваць цікаць. Ці можа ровер рабіць тое ж самае з адпаведнымі часткамі механізму на такой планеце, як Венера? Гэтым пытаннем задаліся навукоўцы НАСА і прыйшлі да высновы, што калі электронныя сістэмы не могуць працаваць на атрутнай планеце працяглы час, то чаму не паслаць туды механічную прыладу? 

Праект Automaton Rover for Extreme Environments (AREE) быў упершыню прапанаваны яшчэ ў 2015 годзе. AREE — гэта ровер, які выкарыстоўвае суровыя ўмовы Венеры, напрыклад, вецер, для падтрымкі працы свайго механічнага камп'ютара. Даследчыкі лічаць, што ва ўмовах Венеры лепш спадзявацца на механіку, чым на складаныя электрычныя сістэмы кіравання.

Паколькі атмасфера Венеры прыкладна ў 90 разоў шчыльнейшая за атмасферу Зямлі і награваецца да 460 градусаў Цэльсія, распрацоўшчыкі маюць зрабіць дастаткова надзейную прыладу, здольную вытрымаць атрутныя ўмовы планеты.

Фота: NASA

Венера і раней была аб'ектам даследавання, але ні адзін апарат не змог працаваць на паверхні планеты працяглы час. Члены каманды праекта AREE мяркуюць, што змогуць выкарыстоўваць код Морзэ і спецыяльныя механічныя камп'ютары, каб стварыць ідэальны зонд для Венеры. Па планах, ровер мусіць адпраўляць паведамленні з дапамогай кода Морзэ на паветраныя шары ў атмасферы Венеры, якія, у сваю чаргу, будуць перадаваць іх на Зямлю. 

Прама цяпер каманда AREE знаходзіцца на другім этапе праграмы Innovation Advanced Concepts ад NASA — этапе распрацоўкі дызайну ровера.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру