З чым можна зьвязаць агульную незадаволенасьць узроўнем арганізацыі сьвяточных мерапрыемстваў? Надвор’е, сотні міліцыянтаў і кардоны, праграма ці проста несупадзеньне чаканага з атрыманым?

Пэўна, кожны з вышэйзгаданым фактараў паўплываў на агульнае ўспрыняцьцё і ўражаньні. Безумоўна, былі і арганізацыйныя хібы. Зрэшты, некаторыя захады праваахоўных органаў мною вітаюцца, насамперш забарона расьпіваць сьпіртовыя напоі і праносіць іх на плошчу.

Абурэньне ў дадзеным выпадку - пытаньне культуры сьвяткаваньня, якое, вядома, часта зьвязана менавіта з «рытуалам» расьпіцьця гарэлкі ці піва.

Шакавала людзей й тое, што ахоўвалі прэзыдэнта занадта пільна, што стварала і перашкоды ў перасоўваньні і проста непрыемныя моманты кантакту з людзьмі ў цывільным. Тут варта разумець, у якой краіне мы жывем, і калі тое не відавочна збоку, дык хоць непасрэдна.

Не магу сказаць, што арганізацыйныя моманты ці кардоны ў цэнтры мяне моцна зачапілі. Ад самога пачатку не зьбіраўся прысутнічаць на плошчу зь некалькіх прычынаў. Па-першая, не для мяне гэта, па-другое, нават пры жаданьні туды б і не патрапіў.

Што тычыцца нас, безумоўна чакалі асабліва пільнага кантролю. Чаканьні апраўдаліся - ужо ў сераду мой бацька меў гутарку з начальнікам міліцыі і супрацоўнікам КДБ. Было відавочна, што любая публічная акцыя ці нават аднаасобнае дзеяньне на вачох у кіраўніцтва краіны магло каштаваць пасады.

Тым ня менш, мы разьлічвалі без прыгодаў раздаць новы нумар газэты ў чацьвер. Акцый на плошчы наогул не плянавалі, бо немэтазгодна пакідаць здароўе на плошчы дзеля зацемкі пра «крывавасьць рэжыму» у інтэрнэце і чарговую дзёрзкую акцыю маладафронтаўцаў. Але ўжо ў чацьвер, за два дні да прыезду Лукашэнкі без інцыдэнтаў не абышлося.

Затрымалі «людзі ў цывільным», супрацоўнікі менскай міліцыі. Паводзілі сабе па-зьверску. І гэта ня проста тыповы допіс пра затрыманьне апазцыянэраў. Бо насамрэч, было крыўдна і незразумела такое стаўленьне да нас, маю на ўвазе не фізычныя аспэкты. Хоць у Хрысьціны Самойлавай і засталіся сінякі на руках.

Далей — стандартныя для непаўнагадовых некалькі гадзінаў у пастарунку, пагроза арышту для васемнаццацігадовага Глеба Сноркіна, размова зь кіраўніцтвам міліцыі і супрацоўнікам КДБ. Пасьля прыезд бацькоў, нечаканае азнаямленьне з санкцыяй пракурора на ператрус у сувязі з праверкай па факце «падрыхтоўкі масавых дзеяньняў груба парушаючых грамадзкі парадак». Справа фіктыўная, нават калі і ёсьць. Ды й працягу ня будзе. Затое была пагроза канфіскацыі кампутараў, што ўжо больш рэальна і непрыемна. Прыбег Ільля з трэніроўкі. Учыніў патасоўку зь міліцыяй праз вінчэстэр. Яго разумею, бо некалькі дзён ён рабіў банэры і сайт згуртаваньню студэнтаў, а выніку шматгадзіннага сядзеньня ля кампутара ня будзе. Пасьля стала відавочна, што анічога канфіскоўваць і не зьбіраліся, за выняткам розных паперак, накладу газэты, расьцяжк і сьцягоў. Тое самае і ў Андруся, Хрысьціны і Глеба. Імітацыя дзейнасьці, ня больш затое. А вінчэстэр, празь які і была патасоўка ўжо не маглі не сканфіскаваць.

Я вырашыў раніцай пакінуць горад, тым больш была патрэба зьезьдзіць у Вільню. Ад дому за намі ехаў падазроны аўтамабіль, але на кальцы за горадам паехаў назад. Зь Менску насустрач несьліся аўтазакі, даішнікі, дэлегацыі і амапаўскія аўтобусы. Як я і гаварыў, не плянавалі акцый. Але ж, гэта ня значыць, што і прысутнічаць на плошчы некаторыя сябры не зьбіраліся. Тычына Андрусь шпацыраваў па цэнтры гораду, фатаграфуючы ўсё навокал. Спачатку людзі ў цывільным проста «вывелі» яго, настойліва парэкамэндаваўшы болей не вяртацца, а пасьля ўжо амапаўцы па прыкметах яго затрымалі. Справа ў тым, што ў кожнага міліцыянта ці амапаўца быў аркуш з фотаздымкамі і дадзенымі грамадзкіх актывістаў гораду. Нават тых, хто даўно не жыве ў Салігорску.

Тычына правёў тры гадзіны ў міліцыі, пасьля яго выпусьцілі. Праўда, адышоўшы на 20 мэтраў даведаўся, што лаецца матам і вымушаны быў павернуцца назад і правесьці яшчэ чатыры гадзіны ў пастарунку.Ужо ў інтэрнэце прачытаў пра Яню Палякову, зьбітую ў міліцыі.

Звышактыўнасьць зьвязана таксама з чаканьнямі грандыёзных акцый ад Маладога Фронту з нагоды юбілею гораду. Праўда, у адрозьненьні ад салігорцаў, праваахоўныя органы былі крайне задаволены няспраўдзіўшыміся чаканьнямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?