Зацверджаны склад арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні з'езда навукоўцаў Беларусі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 30 жніўня 2017 года №659, паведамілі БелТА ў прэс-службе ўрада. Старшынёй аргкамітэта прызначаны намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка. Аргкамітэту даручана забяспечыць каардынацыю работы па падрыхтоўцы і правядзенні з'езда ў IV квартале 2017 года ў Мінску, зацвердзіць план мерапрыемстваў па яго падрыхтоўцы і правядзенні, а таксама праграму яго правядзення, распрацаваць прынцыпы адбору прадстаўнікоў і парадак абрання дэлегатаў на з'езд.
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дзяржаўнаму камітэту па навуцы і тэхналогіях даручана забяспечыць рэалізацыю і матэрыяльна-тэхнічнае суправаджэнне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні з'езда, прадугледзець удзел у ім прадстаўнікоў замежных навуковых арганізацый.
НАН сумесна з Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам культуры і з удзелам БРСМ неабходна забяспечыць прыцягненне маладых навукоўцаў, а таксама асоб, уключаных у банкі дадзеных адоранай і таленавітай моладзі, да працы па падрыхтоўцы і правядзенні з'езда.