Для хлопцаў край зямлі — на глобусе і мапе,
І ўся плянэта ім — вялікае «хачу!»,
Ды велізарны сьвет, што мроім на канапе,
Такі маленечкі — у памяці ўваччу!

Аднойчы адплывем, бы ў кругасьветнай гонцы,
У рытме горкіх хваль, на досьведзе плыўца,
Спазнаць, што акіян — ніякі не бясконцы,
А мора нашых мар ня ведае канца.

Кагосьці гоняць прэч няўдзячныя айчыны,
Камусьці родны дом абрыд яшчэ хутчэй,
А трэці забрыдзе — па рыфму — да жанчыны
І згубіцца на дне Цырцэіных вачэй.

Каб у яе хляве сьвіньнёй ня жыць да сьмерці,
Лепш вырвацца і плыць, праз буруны і льды,
І пацалункамі пякельных сонцаў сьцерці
Яе халодных губ апошнія сьляды.

Ды лепшыя за ўсіх — вандроўнікі бяз мэты:
Пакуль салёны вір не перамеле ў глей,
Плывуць усё далей, празь лёсы і сусьветы,
І ў свой апошні дзень яшчэ крычаць: «Далей!»

Іх мары лёгкія, бы зьменлівыя хмары!
Як шпага юнаку, як вецер караблю,
Ім сьніцца дзіўны край — за краем нашай мары,
Бо на зямлі ніхто ня бачыў іх зямлю!

ІІ

Мы круцімся ваўчком, о жах, мы скачам шарам,
Наяве і ўва сьне, заўсёды, дзень пры дні
Цікавасьць у грудзях палае лютым жарам
І гоніць, як Анёл сьвяцілы ўвышыні.

Вар’яцкая гульня з рухомаю мішэньню,
Што можа быць нідзе, а можа быць паўсюль.
Здаецца, што набіў надзеямі кішэні,
Зьбіраў іх, ідыёт, але набытку — нуль.

Фрэгат душы плыве ва Ўтопію. На мачце
Пільнуе вартавы, што ў кожны верыць міф,
Глядзіць за гарызонт, крычыць: «Зямля! Пабачце!
Багацьце! Шчасьце! Рай!..» О, д’ябал! Гэта рыф!

Убачыш астравок і ўявіш Эльдарада,
І — радасьці да сьлёз, і — дзякуй, добры лёс!
І танчыць усю ноч Фантазія да ўпаду,
А з раніцы зірнеш — звычайны голы ўцёс.

О, летуценьнікі, скарміць бы іх акулам!
Ці закаваць усіх надзейна ў ланцугі!
Усе Амэрыкі адкрыюць вам агулам,
А потым памірай ад чорнае тугі!

Вось так стары жабрак сівухі пляшку прыме
І крочыць у прытон, бо сьвечка на акне,
І думае, што ён з патрыцыямі ў Рыме,
І з валацугамі сьпіць радасна ў лайне.

III

Вандроўцы мудрыя! Як шмат у іх скарбонцы,
Як шмат чытаецца ў глыбінях іх вачэй!
Расказвайце хутчэй, як месяцы і сонцы
На тым баку зямлі гараць яшчэ ярчэй!

Мы хочам вандраваць бязь ветразяў і пары,
Мы прагнем уцячы з будзённае турмы!
Стварыце ж краявід у раме нашай мары,
Дзе ў кожнай фарбе — мы, і ў кожным слове — мы!

Што бачылі вы, што?

IV

«Сузор’і і зацьменьні.
Пустэльні і сьнягі. Затокі. Астравы.
Крушэньні караблёў. Віры. І тым ня меней,
І ўсё-ткі ад нуды ўміралі… як і вы.

Ды ўвечары заход па-над марскім абшарам
Пунсовым колерам падсьвечваў гарады,
І сэрцы прагнулі, палаючы пажарам,
Нырнуць за небакрай, што вабіў з-пад вады.

Што значаць гарады, скульптуры і палацы
На фоне хараства, што з аблачынаў тчэ
Звычайны выпадак, тытан нябеснай працы?
Імгненьне, пачакай! Чаго жадаць яшчэ?

— Чым асалодаў больш, тым большае жаданьне,
Яно — магутны дуб, які расьце зь цябе,
І хутка да нябёс галінамі дастане,
І хутка ўсю зямлю карэньнем прадзяўбе;

Расьце, бы кіпарыс, ня ведаючы стомы…
— Вам сувэніраў? Вось дзьве трэскі з карабля,
А вось «Дзявяты вал» — у вашыя альбомы,
Бо вам мілейшае — што прывязуць здаля.

— Мы бачылі палац з пачвараю на троне,
Шматрукіх ідалаў і з хобатам багоў,
І столькі камянёў каштоўных у кароне,
Што ў вашых багачоў мозг выйдзе зь берагоў;

Касьцюмы, у якіх любы вам стане любы;
Факіраў, што зьмяю ласкаюць без жуды;
Жанчынаў, што сабе фарбуюць нос і зубы…»

V

І што, і што яшчэ?

«Дзіцячыя глузды!

Пра ўсё распавялі й галоўнае забылі:
Праедзеш цэлы сьвет — або зусім крыху,
Ды ўсюды нудны фарс у старамодным стылі,
Нечалавечая камэдыя граху!

Жанчына — подлая раба свайго каханка,
Адданая — сабе, ня менш за іншых баб;
І ейны гаспадар — шчасьлівы, толькі з банка,
Сьмярдзючы гнойны мех, сваёй рабыні раб;

Кат над ахвяраю зь яе сьмяецца ранаў;
Парады-на-крыві, каб хлус дурніцы чоўп;
Улада, што цячэ па барадзе тыранаў,
І любым бізуном разбэшчаны натоўп;

Рэлігіяў (і ўсе — як нашая!) дзьве скрыні,
І ўсе вядуць у рай, а вынік — як заўжды;
Сьвятыя на цьвіках, бы шлюхі на пярыне,
І стыгмы зь язвамі, бы оргіяў сьляды;

Пыхлівы Чалавек ад выбрыка любога
П’янее й моліцца на свой мізэрны плён,
І зь бездані крычыць, бяздарны вучань Бога:
«Мой творца, мой двайнік, праклён табе, праклён!»

І меншыя сьляпцы, адбіўшыся ад статку,
Разумных бараноў, у летаргічны лёх
Праз опіюм вядуць сваю душу-вар’ятку, —
Вось нашае зямлі адвечны каталёг!»

VII

Вандроўнік, горкі ўрок прыносяць падарожжы.
Сьвет сумны і малы, і ты — паўсюль, заўжды! —
Убачыш свой жа твар, спалоханы й варожы,
Аазіс вусьцішы паміж пяскоў нуды!

Дык ехаць або не? Павер, ня ў тым пытаньне:
Патрэбна ехаць — едзь, застаўся — і няхай,
Ды помні, уцякач, што Час — паўсюль настане,
Паўсюль дастане Час і скажа: «памірай!»

Ня сьпіць, як Вечны Жыд, суворы, як апостал,
Час — нерат, і зь яго ніводны не ўцячэ!
А хтосьці не бяжыць, яму і хаты ўдосталь,
Жыве да ста гадоў і хоча жыць яшчэ.

Але ў апошні дзень душа не пажадае,
Каб вораг цяжкі бот паставіў на хрыбет!
Сарвіся і плыві — да берагоў Кітая,
У вір, за далягляд, у Індыю й Тыбет!

Мы адплывем у змрок, шчасьлівыя падлеткі,
Дзе ява стане сном, што помніцца ледзь-ледзь.
Каб рухацца з вадой і ў бок пустое клеткі
З апошняе ладзьдзі бяз роспачы глядзець.

Ты чуеш, як пяюць: «Сюды! Па асалоду!
На сьвяце лотасаў забудзеце зямлю.
Каштуйце радасьці дазволенага плоду —
Сок лотасу, які — бяз памяці люблю!»

Юнацтва галасы! Ці знойдзеш лепшы лек ты?
«Хутчэй плыві, бо тут — усе твае сябры!
Тут адпачнеш ля ног каханае Электры,
Што любіць як сястра — і болей ад сястры!»

VIII

О Сьмерць, мой капітан! Праз хвілю адплываем!
Бывай, абрыдлы сьвет! Стаў ветразь, капітан!
Хай чорная вада за чорным небакраем,
Душа палае так, што ўспыхне акіян!

Асьмяглых уратуй гаючаю атрутай,
Тапельцам адчыні апошняе жытло!
У Пекла або ў Рай — усё адно! — захутай
У Невядомае, бо іншае — было!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0