Прэзыдэнт Турцыі Абдула Гюль, як паведамляе ягоны сакратарыят, плянуе наведаць футбольны матч, які пройдзе ў Арменіі. Гэта можа сьведчыць пра пацяпленьне стасункаў паміж двума краінамі.

У суботу ў Ерэване пройдзе матч адборачнага турніру Чэмпіянату сьвету — 2010. Іронія лёсу ў тым, што зборныя Турцыі і Арменіі трапілі ў адну групу "E".

Гюль ляціць з поўафіцыйным візытам. На матчы прэзыдэнт Турэцкай Рэспублікі будзе сядзець побач з прэзыдэнтам Арменіі Сержам Саркіянам!

Паміж Турцыяй і Арменіяй няма дыпляматычных стасункаў з моманту набыцьця Арменіяй незалежнасьці ў 1991 г. Мяжа закрыта з 1993 г.

Асновай напружанасьці дачыненьняў ёсьць адмова Турцыі прызнаваць генацыд армянаў у 1915 г. на тэрыторыі Асманскай імпэрыі. Армянскі бок называе лік забітых у 1,5 млн чалавек.

Турэцкі бок зазначае, што гэта лічба завышаная ды зазначае, што гэта было вынікам Першай сусьветнай вайны. Армяне падчас Першай сусьветнай падтрымалі праціўнікаў туркаў - Расею.

Прыезд Абдулы Гюля на матч ў Ерэван выкліча неадназначную рэакцыю ў Турцыі. Але ў заяве, апублікаванай на уэб-сайце прэзыдэнта, выказваецца надзея, што гэты візыт дазволіць дзяржавам лепш зразумець адзін другога і стварыць атмасфэру дружалюбнасьці ў рэгіёне.

Цікавы факт, што падчас конкурсу Эўрабачаньня-2008 Турцыя на другое месца паставіла сьпявачку з Арменіі. Праўда, армянскія гледачы не далі гурту Mor ve Otesi, які заняў выніковае 7‑е месца, наогул ніводнага балу. А год таму турэцкія гледачы наогул далі Арменіі найвышэйшы бал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0