Старшыня канцэрна «Беллегпрам» Мікалай Яфімчык падзяліўся ўражаннямі ад беларускіх ільняных джынсаў. Пра гэта ён распавёў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

«Я ўжо нашу беларускія льняныя джынсы. Вельмі няблага атрымалася. Калі было горача, у машыне ехаць значна прыемней, чым у звычайных джынсах», — адзначыў Яфімчык.

Ён падкрэсліў, што калі Аршанскі льнокамбінат наладзіць супрацоўніцтва са «Сцягам індустрыялізацыі», то ў Беларусі будзе вырабляцца не толькі тканіна, але і гатовы выраб. «Пакуль Аршанскі камбінат каля 30% гатовых вырабаў пад уласным брэндам адшывае не ў нас. Калі мы будзем працаваць з уласнымі швейнікамі, будзе значна прасцей», — растлумачыў старшыня «Беллегпрама».

Мікалай Яфімчык расказаў і аб магчымых варыянтах складу беларускіх джынсаў: «Гэта заўсёды будзе сумесь: бавоўна/лён або бавоўна/лён/віскоза з лайкрай альбо без лайкры. Ёсць чыста льняныя касцюмы, але гэта досыць спецыфічны асартымент».

Адносна кошту старшыня «Беллегпрама» паведаміў, што льняныя джынсы будуць даражэйшыя за баваўняныя аналагі. «Калі гаворка ідзе пра элітныя мадэлі, то можа быць і 100 рублёў, і больш. Калі прасцейшыя, то, магчыма, 60-70 рублёў», — адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0