10.09.2017 / 20:27

На ўласнай практыцы: на аўтамабілі ад Калінінграда да Саарэмаа 12

І мора не зусім аднолькавае, і тым больш не аднолькавыя пляжы і атмасфера. Мы чарговы раз праехаліся берагам Балтыкі — двое бацькоў і двое дзяцей. Страшна любім мы гэтае мора. Я запісаў некалькі парадаў патэнцыйным падарожнікам і раскажу пра нашы сакрэтныя месцы, куды мала хто дабіраецца, а яны таго вартыя.

Пляж у Паланзе (Літва).

Каменная сценка вакол старой царквы на Саарэмаа.

Шыльды з імёнамі землякоў, рэпрэсаваных саветамі, у двары былога райаддзела НКВД у Цэсісе, Латвія.

Машына з надпісам «Дзякуй дзеду за перамогу» стаіць каля палацыка прускіх часоў у Калінінградзе, Расія.

Мур з шыкоўнай старой цэглы ў Калінінградзе (Расія).

Вада

Мала хто ведае, што вада на Балтыцы не адпавядае прынцыпу «чым на поўдзень, тым цяплейшая». Найцяплейшая яна ў Пярнускай і Рыжскай затоках. Вада на пляжах Юрмалы, Саўлкрасты (Латвія) і асабліва Пярну (Эстонія) найцяплейшая, а вось на Куршскай касе і ў Паланзе (Літва), ды ў Калінінградскай вобласці будзе на градус халаднейшая. Самая халодная вада — у Фінскай затоцы (Талін і Нарва).

Праўда, цеплыня вады гэта адносная. Увесь ліпень і жнівень, як правіла, будзе цяплейшая за плюс 18, а ў Юрмале і Пярну — нават за плюс 19. А вось у чэрвені і верасні яна ўжо халаднейшая, усяго плюс 17—18. Плаваць на Балтыцы пры плюс 18 камфортна, цела хутка прывыкае, бо няма спёкі, а, значыць, і кантрасту.

Пляжы

Пляжы Палангі і Ніды многія з вас бачылі — гэта самыя папулярныя ў беларусаў кірункі, бо найбліжэйшыя ад нашай краіны. Адзначу, што ў Нідзе ёсць афіцыйны нудысцкі пляж. Зрэшты, пляжы там настолькі бясконцыя, займай хоць кіламетр на чалавека, на ўсіх хопіць.

Пляж у Нідзе.

Пляжы ў Вецакі (рыжскае «Зарэчча», на правы бок ад Дзвіны-Даўгавы) таксама нармальныя, толькі што пустыя. Але вада тут, пішуць, бывае горшая, больш забруджаная стокам Даўгавы.

У Саўлкрасты таксама прыгожа. На поўначы Латвіі (адну ноч мы заначавалі ў матэлі каля Салацгрывы) пляж вузкаваты, і ў вадзе былі водарасці. Затое мы выпадкова трапілі на шматлюдны фестываль латвійскай музыкі. Вельмі каларытны.

Надзіва прыемна было на пляжы Пірыта ў Таліне: краявід далёкага ганзейскага горада перад табой, хвоі шумяць тут жа за спінай.

Фота visittallinn.ee.

Але найбольш за ўсё нам спадабаўся пляж у Пярну: ён плыткі на доўгія сотні метраў, і можна не баяцца плаваць. 40-тысячны Пярну — гэта галоўны і самы папулярны курорт Эстоніі. Мілы, нізкапавярховы і вельмі дагледжаны гарадок з разнастайнымі пансіянатамі і рэстаранамі.

Пярну — галоўны курорт Эстоніі.

Аб пляжах на Саарэмаа я раскажу асобна.

Мы з задавальненнем адплавалі сваё ў Янтарным (Расія). Там вялікія радовішчы бурштыну, яшчэ з прускіх часоў, і дзецям страшна падабалася намываць бурштынікі.

Захапіліся гэтым «бурштынашуканнем» і мы, і страшна наперажываліся праз гэта неўзабаве. Калі мы ўначы прыедзем на мяжу Расіі і Літвы на Куршскай касе, у нас перастануць счытвацца адбіткі пальцаў, пясок іх сцёр, і вясёлы літоўскі мытнік, аднак жа, прамарынуе нас некалькі гадзін каля апарата.

У Янтарным (колішні Пальмнікен) пляж раскошны, доўгі, шырокі, амаль пусты. Праўда, у моры ўвесь час ішлі нейкія вучэнні Балтфлоту, маячылі караблі і бУхалі гарматы.

Сам Янтарны невялічкі, адна вуліца, лічы, але з прыгожым старым паркам і адноўленымі віламі.

Пляж у Янтарным (Калінінградская вобласць) амаль пусты нават у разгар сезону, калі гэта будні дзень.

На будоўлі ў Янтарным працуюць узбекі.

Былая кірха Пальмнікена цяпер прымае праваслаўныя летнікі.

Шыкоўны даваенны гатэль адбудаваны ў Янтарным.

Іншыя курорты Калінінградскай вобласці — Зеленаградск (былы Кранц) і Светлагорск (Раўшэн). Там захаваліся практычна ўсе вілы прускіх часоў, і сама сістэма вуліц і заток адмысловая. Але ў Светлагорску ў выніку няведання «законаў чужога мора» бяздумна збудавалі хвалярэзы, каб прывабіць турыстаў спакойнымі хвалямі. Але ў выніку гэтага мора цалкам змыла пясок з пляжаў, і яны не такія камфортныя.

Межы

І Літва, і Латвія, і Эстонія ўваходзяць у шэнгенскую зону, гэтае цудоўнае вынаходства еўрачыноўніцтва, таму па іх можна падарожнічаць без мытняў і межаў, не трацячы часу. А вось расійская мяжа вартая асобнага апісання. Мы ездзілі ў Калінінград так: пабылі ў Нідзе, пасля з’ездзілі ў Расію, а пасля вярталіся.

На расійскай мяжы адчуваеш сябе так, нібы ўязджаеш у аточаную крэпасць. (Зрэшты, Калінінград, сапраўды, ператвораны ў адну суцэльную вайсковую базу.) Колькі вандрую, а першы раз у нас і аглядалі днішча машыны, і змусілі апусціць усе вокны, каб упэўніцца, што нічога не схавана пад імі, і ператрэслі ўсе бардачкі. Прычым і па дарозе туды, і па дарозе назад. Усё гэта не смяротна, вядома, хоць чыста па-людску і не прыемна, і лішнія хвіліны забірае.

Пасля заезду ў Калінінградскую вобласць пачынаеш цаніць прыязных і прафесійных — ды, прынамсі, усмешлівых! — беларускіх памежнікаў.

Цэны

Як для беларуса, цэны ў Літве, Латвіі і Эстоніі розняцца нязначна. Праўда, літоўцы, напрыклад, катаюцца на закупы ў Латвію, але як для турыста, то вялікай розніцы не адчуваеш.

Усе тры краіны, нагадаю, карыстаюцца еўра. І бензін каштуе амаль аднолькава — пара працэнтаў туды-сюды.

Вядома, цэны вышэйшыя, чым у Беларусі — у нас у краіне вандраваць танней за кошт бензіну. Але большасць прадуктаў каштуе, як у нас. А вось рэстараны ў куротных гарадах, вядома, даражэйшыя за менскі «Піт-стоп».

Абеды ў хатняй сталоўцы «Старая сядзіба» (Літва): цэпеліны каштуюць 5 еўра, катлеты — 8. Затое нідзе няма агароджаў з металапрофілю.

Бяспека

Ні разу за час вандроўкі мы не сутыкнуліся з праблемнымі сітуацыямі. Пачуцце трывогі падступала адно што ў прадмесцях Рыгі — дарэчы, пераважна рускамоўнага горада. Вечарамі там на вуліцах нямала крымінальных тыпаў. Не вельмі камфортна мы сябе адчувалі і ў «савецкіх» кварталах Клайпеды і Калінінграда. 

Трохі пра транспарт

Мы ездзілі машынай, таму тут пара момантаў для аўтааматараў.

З якога боку ты ні ўезджаеш на Куршскую касу, трэба плаціць экалагічны збор. Ён адчувальны. У Літве з 20 чэрвеня да 20 жніўня за ўезд на аўтамабілі трэба плаціць 20 еўра. Прычым выехаў, уехаў — наноў плаці. Для параўнання: білет з Вільні да Ніды і з Вільні да Палангі на чыгунцы ( у выпадку Ніды ў цану ўключаны кошт парома + аўтобуса + экалагічны збор) каштуе 20—25 еўра.

Калі ты едзеш з Калінінграда ў Ніду — на ўездзе ў расійскую частку Куршскай касы ты таксама плаціш 300 расійскіх рублёў (гэта 10 беларускіх).

З другога боку, машына дазваляе лепш нацешыцца адпачынкам ва ўмовах капрызнага балтыйскага надвор’я. Праглянула сонца — пад’ехалі на пляж. Наляцелі хмары — селі на машыну, паехалі глядзець суседнія гарады (краіны ж невялікія, і ехаць, скажам, ад пляжа Саўлкрасты да замкаў Цэсіса і Турайды займае ўсяго гадзіну) або проста вярнуліся ў гатэль.

Крыжацкі замак у Цэсісе, які рыцары называлі Вэндэн.

Скульптура: манах з ліхтаром крадзецца. Цэсіс (Латвія).

Дом у Нідзе (Літва), у якім любіў адпачываць нямецкі пісьменнік Томас Ман.

Саламяныя скульптуры ў затоцы ў Юодкрантэ. Штогод пры канцы лета іх спальваюць у часе паганскай цырымоніі.

Тры млыны ў Англа на Саарэмаа (Эстонія).

Хто не быў у Нідзе, улічыце, што ад гатэльнай часткі селішча да пляжа — топаць з паўгадзіны, а з дзецьмі — і яшчэ больш. Зірніце размяшчэнне вашага гасцявога дома на карце, перш чым браніраваць. Можа быць, лепш аддаваць перавагу таму жытлу, якое бліжэйшае да пляжа. Балтыйскае сонца пераменлівае, часам яго трэба лавіць. Затое тут ніколі не бывае душна, і вельмі лёгка дыхаецца, адступаюць любыя алергіі.

Прадавачка бурштыну ў Нідзе.

Сабачка з Ніды ў каралях з бурштыну.

Віла ў Юрмале.

Від з Вялікай Выдмы на Куршскую затоку.

Паромы

І дарослым, і дзецям падабаецца плаваць на пароме. З Клайпеды на Куршскую касу маршрут зусім кароткі. Паромы ходзяць кожныя 30 хвілін, білет на аўтамабіль каштуе 11 еўра. Калі ехаць без машыны — то 80 цэнтаў на чалавека, 40 цэнтаў ільготны, прычым незалежна ад таго, з роварам ці без. 

На Саарэмаа ў Эстоніі плаваюць гіганцкія, зусім марскія, паромы з Virtsu ў Kuivastu. Kuivastu — гэта порт на малым востраве Муху (дарэчы, я чытаў артыкул, што Муху цікавы сам сабой, але мы там не спыняліся, не было калі). А ўжо Муху з Саарэмаа злучаны дамбай.

На іншы большы эстонскі востраў, Хіюмаа, паромы ходзяць з Rohukula да Hintermaa. Ёсць і іншыя маршруты. Увогуле, цяпер уся інфармацыя ёсць у інтэрнэце, і білеты можна купіць загадзя, але гэта зусім не канечне — на месцы на касе можна набыць перад самым паромам.

Каб вы мелі ўяўленне: білет на Саарэмаа туды і назад (на машыну + людзей) каштаваў нам 20,4 еўра. Паромы ходзяць прыкладна раз на гадзіну. На пароме ёсць сталоўка, і ўсё-ўсё-ўсё як на караблі.

Дарогі

Дарогі ў Балтыі, і Калінінградзе таксама, якасныя і не перагружаныя. З Вільні да Клайпеды вядзе шырокая аўтастрада, аналагічная нашай трасе М1.

Траса Рыга—Талін двухпалосная, але вельмі дагледжаная, ідэальнай якасці.

Унутраныя дарогі па гладкасці ў цэлым прыкладна роўныя беларускім. Дзесьці ў Латгаліі старыя асфальтавыя дарогі падразбітыя, ну то і ў нас недзе на Полаччыне яны такія ж.

Дарогі ў Балтыі бясплатныя.

А вось на паркоўцы ў вялікіх гарадах (Рыга, Талін) стараюцца зарабляць няхіла. Нас, звыклых да таго, што ў Менску ты маеш магчымасць прыпаркавацца за бясплатна амаль скрозь, і ўспрымаеш гэта практычна як адно з праў чалавека, моцна раздражняла. Мы псіхалагічна не былі гатовыя аддаваць столькі за паркоўку.

Дарэчы, уезд у Юрмалу на машыне таксама платны. Але мы пра гэта прачыталі толькі пасля таго, як двойчы туды заехалі «зайцамі». А трэці дзень не паехалі, бо так і не разабраліся, як за тое плаціць — трэ было купляць карткі латвійскага мабільнага аператара, здаецца. Паехалі замест пантовай Юрмалы ў Вецакі, у іншы бок ад Рыгі. Вада там была нармальная. Праўда, там была паркоўка ў прыватным сектары бліжэй ад пляжа платная.

Дарожная паліцыя нас не спыняла ні разу. Хоць месцамі яны з радарамі стаяць і ловяць, а штрафы за перавышэнне там ого-го.

Прызнаюся, што на Саарэмаа і ў Латгаліі мы, калі спазняліся, часам няслаба ганялі. Дарогі там пустыя-пустыя, усё лясы і лясы.

Быў вясёлы эпізод. На Саарэмаа мы прапусцілі паварот на Кarja, і я на хуткасці зрабіў віраж і спыніўся, каб паглядзець карту. Тутэйшы чалавек, які ехаў на пікапе за пару соцень метраў ад нас, спыніўся і даволі жорстка нас агледзеў — такі рыжы эстонскі МакГрэгар — ці ўсё ў парадку ў машыне, ці няма там якога крыміналу. «Are you ok?»

Гарачыя эстонскія хлопцы на браме каля старой царквы ў Кар'я.

Там народ суворы. Жыхары Саарэмаа ў ХІІ ст. трымалі ў страху шведскія гарады, а ў ХІІІ ст. найдаўжэй супраціўляліся захопу крыжакамі.

У музеі Курэсаарэ, цэнтры Саарэмаа, мяне ўразіў яшчэ два факты. Па-першае, што ў ХІХ ст. тут, як і ва ўсёй Эстоніі, была хваля пераходаў з лютэранства ў праваслаўе ў знак пратэсту супраць прыгнёту панамі-немцамі. І што ў 1919 годзе жыхары вострава масава сышлі ў дэзерціры — а гэта ж ішла вайна за незалежнасць Эстоніі. І цэнтральны ўрад прыслаў на востраў карную экспедыцыю, якая тых дэзерціраў разбіла, частку пакарала смерцю і правяла тут мабілізацыю ў эстонскую армію.

Іншы факт, з якім я ўпершыню сутыкнуўся ў музеі Курэсаарэ (дарэчы, у савецкі час гэты горад называўся Кінгісэп, па імені лідара эстонскіх бальшавікоў, які тут нарадзіўся і якога павесілі эстонскія ўлады ў 1922 за «здраду радзіме»). Эстонія ў 1918—1920 вяла цяжкую вайну за незалежнасць, у якой загінулі тысячы людзей. Эстонская армія не толькі стрымала бальшавікоў на Нарве, але і вызваліла Латвію ад «ландсвэра», арміі балтыйскіх немцаў, чым стварыла ўмовы для незалежнасці сваёй паўднёвай суседкі.

Шлях балтыйскіх краін у СССР быў пакутны, пра гэта апавядаюць музеі акупацыі ў Таліне і Рызе. А вось шлях да незалежнасці ў 1917—1920 у Літвы, Латвіі і Эстоніі быў у кожнай свой.

Латышы ў размовах з намі вельмі зайздросцілі эстонцам: «вось у іх там парадак, не раўня нашаму».

Племянны статак на Саарэмаа.

Калінінград—Кёнігсберг—Каралявец

Калінінград — з тых рэдкіх гарадоў, дзе ўскраіны цікавейшыя за цэнтр.

Цэнтр Калінінграда савецкі, дабіты і нецікавы. Затое шыкоўныя і атмасферныя — вось проста каб гуляць — кварталы старых прускіх вілаў, напрыклад, Амаліенау.

Каб вы ўявілі маштабы: дагэтуль у Калінінградзе трэцяя частка прыватных дамоў і амаль палова шматкватэрных — даваеннай пабудовы.

«Рыбная деревня» — спроба стварыць у Калінінградзе аналаг менскага Траецкага прадмесця. Пакуль тут няма атмасфернасці.

Адноўлены кафедральны сабор раней стаяў у гушчы гарадской забудовы. Цяпер жа ён узвышаецца сярод парка.

Макет даўнейшага выгляду цэнтра трымаюць за кратамі. Першае, што прыходзіць у галаву, — у гэтым ёсць сімвалізм.

Цэнтр Калінінграда. Між саборным востравам і краязнаўчым музеем.

Цэнтр Калінінграда пераважна такі: шэры і савецкі. Будынак на заднім фоне праектаваўся для абласнога камітэта КПСС. Яго пачалі будаваць у 1970-я, разбурыўшы для гэтага руіны замка. Аднак так і не закончылі. Калі прыгледзецца, бачыце выбітыя шыбы.

Калінінград: машына актывіста сістэмнай апазіцыі.

Амаліенау — раён вілаў, збудаваных у 1920-я і 1930-я.

Дзіцячы садок у былым палацыку.

Каля некаторых вілаў яшчэ растуць дрэвы са старога часу.

Адзін са сквераў у Калінінградзе называецца Беларускі. Да вайны гэта была Луізэнпляц.

Свой цяперашні выгляд Беларускі сквер у Калінінградзе набыў дзякуючы чатыром фундатарам: былому консулу Беларусі ў Калінінградзе, а да таго — старшыні Брэсцкага аблвыканкама Уладзіміру Заламаю, а таксама Мечыславу Грыбу, Аляксандру Ярашуку і В.Петрычэнку.

У цэнтры Беларускага сквера можна пахадзіць па Беларусі.

Па вобласці ехаць — проста каб уразіцца, наколькі запушчаная колішняя жытніца. Мы амаль не бачылі засеяных палёў і кароў. Вобласць стала адной вялікай вайсковай базай. Сельскую гаспадарку тут не развіваюць.

Тыповы пейзаж Калінінградскай вобласці: палі зарастаюць кустоўем.

Як і ў Беларусі, пад Калінінградам многія цэрквы стаяць напаўразбураныя з часоў вайны.

Затое маляўнічыя старыя прускія дарогі — гэта агромністая эстэтычная асалода.

Прускія дарогі бездакорна роўныя, і месцамі абсаджаныя яшчэ старымі дрэвамі.

Вярнуцца на Саарэмаа

Куды мы хацелі б вярнуцца, то на Саарэмаа. Двух дзён, якія мы адвялі востраву, аказалася замала. Мы начавалі ў Орысаарэ — рыбацкім мястэчку на беразе мора, і атрымалі вялізную асалоду ад «пляжу» — г.зн. выхаду ў ваду з масткамі, як у нас на азёрах. Але вада то марская! Уначы мы разам з мясцовымі бабулькамі глядзелі на цэнтральнай плошчы французскую, на мове арыгінала з субцітрамі, кінакамедыю — паказы арганізоўвае мясцовы Дом культуры.

Цэнтральная плошча Орысаарэ. Начамі тут паказваюць кіно.

У Курэсаарэ, цэнтры вострава, гарадку з 15 тысячамі насельніцтва, варта наведаць біскупскі замак з музеем.

У замку Курэсаарэ цяпер музей.

Помнік, а на заднім плане — замак Курэсаарэ.

Помнік героям эстонскага эпасу.

Адразу пад ім ёсць і пляж, на якім дзецям страшна падабаюцца горкі, па якіх з’язджаеш у ваду, і гіганцкія тарзанкі.

На Саарэмаа вельмі прыгожыя цэрквы і неймаверна шмат ягад і грыбоў. Вось дзе глуш дык глуш. Адны каменныя сценкі між палямі і вакол сяліб чаго вартыя.

Дарога на востраве Саарэмаа.

Азярко ў Каалі — кратэр ад падзення метэарыту.

Царква XIV ст. у Кар'я.

Парослая мохам каменная сценка вакол цвінтара царквы ў Кар'я.

Гэтая пушка для збору ахвяраванняў у Кар'я можа быць аднагодкай царквы.

На царкве засталася шыльда савецкіх часоў, калі надпісы яшчэ дублявалі па-расейску. Цяпер у Эстоніі ўсё па-эстонску, але з англійскай і расейскай мовамі вельмі лёгка паразумецца.

Бочны ўваход у царкву.

А гэта барэльеф над бочным уваходам: што здараецца з душамі праведнікаў, а што — з грэшнікамі.

Прашу прабачэння, што мы здымалі не ва ўсіх пунктах нашага падарожжа. У нейкія мясціны мы траплялі толькі вечарамі. У іншых — проста не было настрою, натхнення. Мы ездзілі для адпачынку, адно што пасля вырашылі падзяліцца досведам з чытачамі «Нашай Нівы».

Як добра на моры ад чэрвеня да верасня.

Гэтае апошняе фота — не наша, а baltichotelsonline.com.

Сяргей Гезгала

4
Realist / Адказаць
10.09.2017 / 21:17
Куршская каса? Мне падаецца, што па-беларуску лепей гучыць "Куршаўская пярэспа".
4
Жвip / Адказаць
10.09.2017 / 21:19
Parkavacca ū pryvatnym sektary (prydziunnaja zona, da mora 100 m. ) u Vecaki dazvaliajecca. Parkoūka platnaja, praz aūtamat (josc' na kožnaj vulicy ū dastatkovaj koļkasci), košt 2 eu. za ūvies' dzieņ, z kartkaj ryžanina tanniej. Aplata za ūjezd u Jurmalu 2 eu, pry ūjezdzie z boku Ryhi aūtamaty pierad mostam cieraz Lielupe (raka), z supracliehlaha boku -  na vyjezdzie z Kaūhuri, na pavarocie z talsinskaha šase ū bok Jurmaly. Placic' zručniej kartkaj, bo takich aūtamataū udvaja boliej, čym aūtamataū dlia aplaty naličnymi. Stajanki ū samoj Jurmalie biasplatnyja. Josc' i platnyja, alie ich mala. Košt 2,20 za hadzinu.
4
Жвip / Адказаць
10.09.2017 / 21:25
Da, što da ūzbiarežža ryskaj zatoki, dyk maju dumac', što vandroūniki jaho amaļ nia bačyli, a sakretnych miescaū dyk dakladna nia viedajuc'. Alie, tym nia mienš, vandroūniki absaliutna praviļna vyznačyli Baltyjskaje mora, jak samaje liepšaje i pryhožaje mora na ziamli. Jak ža mala patrabujecca, kab zapeūnicca ū hetym ! :)
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру