01.09.2017 / 20:18

У Слуцку адбыўся адукацыйны перформанс «Дзень ведаў — урок гісторыі» 2

У пятніцу 1 верасня, калі адзначаецца Дзень ведаў, у Слуцку адбыўся «Урок гісторыі», а таксама перформанс бацькоў з дзецьмі і «настаўнікам гісторыі». Случакоў павіншавалі са святам ведаў і нагадалі пра гераічны чын іх продкаў.

А 12-й гадзіне ў цэнтры горада Аліна Нагорная, Алесь Пушкін і яшчэ некалькі чалавек распачалі перформанс «урок гераічнай гісторыі», прысвечаны мясцовым падзеям 1920 года — Слуцкаму паўстанню. На «ўроку» прысутнічалі дзеці. Удзельнікі таксама прайшліся з партрэтамі паўстанцаў — Юркі Лістапада, Макара Краўцова, Паўла Жаўрыда — і сцягам Слуцка па галоўнай вуліцы горада, па якой амаль 100 гадоў таму паўстанцы ішлі ў вёску Семежава, дзе гуртаваліся дзеля абароны сваёй Радзімы і свабоды.

«Мы гэта робім, каб зноў нагадаць случакам пра гісторыю нашага славутага горада, — распавяла актывістка аб’яднання «Дзея» Аліна Нагорная, якая выступала ў ролі настаўніцы. — Некалькі тысяч чалавек, якія змагаліся за лепшую будучыню, сёння застаюцца забытымі ў падручніках і ў публічных месцах. А тым часам за тое, каб помнік героям Случчыны стаяў у Слуцку, падпісаліся больш за 1200 случакоў. Ужо напісана некалькі навуковых прац на тэму Слуцкага паўстання, праведзена шмат навуковых даследванняў, але слуцкія ўлады жывуць яшчэ ў савецкім мінулым, баяцца гістарычнай праўды пра барацьбу за нашу дзяржаўнасць і незалежнасць. Яны пішуць людзям адпіскі, што, маўляў, не хапае «матэрыялаў, каб абгрунтаваць» неабходнасць помніку героям».

Нагадаем, што менавіта актывісты «Дзеі» ініцыявалі летась кампанію за ўсталяванне помніку героям-паўстанцам у Слуцку.

Фота Сержука Кійко

0
Яуген / Адказаць
01.09.2017 / 20:26
Годна! Жыве Беларусь!
1
настаффник / Адказаць
02.09.2017 / 17:40
пушкин, как обычно, с  навозом? а портрет исчезнувшего держат?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру