У канцы ліпеня гэтага года каля аднаго з магазінаў па праспекце Ракасоўскага ў Мінску адбылася здзелка па продажы аўтамабіля «Опель Зафіра» 2003 года. Аўто было ацэненае прадаўцом у 4 тысячы даляраў. На аўтамабілі меліся транзітныя нумары, паведамляе афіцыйны прадстаўнік Ленінскага РУУС Мінска Таццяна Кавалёва.

Праз нейкі час новы ўласнік вырашыў перапрадаць «Опель». Размясціў у інтэрнэце аб'яву. Хутка знайшоўся і пакупнік, які вырашыў праверыць аўтамабіль па наяўных уліках ў ДАІ. і тут высветлілася, што машына не стаіць і ніколі не стаяла на ўліку ў Беларусі. Міліцыя забрала аўто для праверкі, а яго ўласнік звярнуўся ў праваахоўныя органы па факце здзяйснення ў дачыненні да яго ашуканскіх дзеянняў.

Міліцыя высветліла, што тэхпашпарт на аўтамабіль падробны, пашпарт грамадзяніна Беларусі, які прад'явіў прадавец, — таксама (звесткі ў ім адносяцца да чалавека, які памёр два гады таму), а транзітныя нумары былі проста скрадзеныя з прыпаркаванага на тэрыторыі Партызанскага раёна Мінска аўтамабіля.

Адзіным, што адпавядала рэчаіснасці ў дакументах, было фота прадаўца.Праваахоўнікі заклікаюць, калі вы пазналі грамадзяніна, выяўленага на ім, або маеце інфармацыю аб яго магчымым месцазнаходжанні, звяртацца ў Ленінскае РУУС Мінска асабіста (2-і Веласіпедны завулак, 9) або па тэлефонах: 8 (033) 354-14-78, 8 (025) 956-55-19.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0