Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава у інтэрв'ю часопісу «Алеся» адказала на пытанні пра сям'ю, любімы занятак і стаўленні да спорту, паведамляе БелТА.

«Я на сур'ёзных пасадах з таго часу, калі малодшая дачка яшчэ ў школу не хадзіла. Заўсёды, калі мне прапаноўвалі чарговую працу, раілася з мужам. Ён ні разу не сказаў «не», - падзялілася Наталля Качанава.

Яна прызналася, што лічыць сваю сям'ю вельмі дружнай: нягледзячы на тое што члены сям'і жывуць у розных месцах, сустракаюцца пры першай магчымасці. Напрыклад, родны брат Наталлі Качанавай, які ўжо шмат гадоў жыве ў Краснадары, кожны год прыязджае ў Полацк, каб правесці адпачынак. Сама кіраўнік Адміністрацыі таксама стараецца пры любой магчымасці вырвацца ў родны горад, дзе жывуць яе дачка, унучка і бацькі.

У інтэрв'ю Наталля Качанава распавяла, чым любіць займацца ў вольны час. Дома перад сном яна абавязкова знаходзіць час для чытання. «Гэта мая любоў з дзяцінства. Тады былі Дыкенс, руская класіка, якую потым перачытвала ўжо ў іншыя жыццёвыя перыяды. Самым складаным пытаннем пры пераездзе ў Мінск была праблема бібліятэкі. Яна ў нас супольная са старэйшай дачкой. Яна такая ж, як і я: чытае, купляе кнігі. Так што толькі частку перавезла з сабой», — заўважыла яна.

Любімай кнігай, па словах кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, для яе была і застаецца «Як выхаваць сапраўднага чалавека» Васіля Сухамлінскага. «Я яе ўзахлёб чытала яшчэ ў школе. А цяпер прывезла ў Мінск, каб унукам чытаць. Там вельмі даходліва тлумачыцца, як ставіцца да мамы, радзімы, сям'і», — лічыць яна.

Што тычыцца спорту і здаровага ладу жыцця, Наталля Качанава звярнула ўвагу, што кожную раніцу робіць зарадку, для чаго ў яе ёсць цэлы комплекс практыкаванняў. Зарадку імкнецца не прапускаць, хіба што ў камандзіроўцы. «У маім савецкім дзяцінстве спорт быў дадзенасцю. Трэнеры хадзілі па школах, запрашалі дзяцей у секцыі. Я была худзенькая, мяне ў другім класе паклікалі займацца лёгкай атлетыкай: бег з бар'ерамі. А ў пятым класе я пайшла на валейбол», — дадала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Паводле яе слоў, спорт — гэта тая частка жыцця, якая падарыла не толькі сяброў, але і каханага чалавека. Са сваім будучым мужам Наталля Качанава пазнаёмілася на спаборніцтвах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0