Вераснёўскім пагодным днём я не меў што рабіць. Трэба кудысьці выехаць, каб толькі ў хаце не сядзець.

Сёння да мяне меўся заехаць знаёмы, аддаць пазычаныя грошы. Тэлефаную яму, каб не прыязджаў — сустрэнемся ў Докшыцах. Бяру заплечнік, дастаю з падвала ровар — і са спадарожным ветрам за паўгадзіны даязджаю да горада.

У Докшыцах нічога не змянілася. Толькі ў жніўні быў Дзень горада, і да свята дадалося надпісаў на расійскай мове.

На адхоне каля возера размясцілі выявы лебедзяў ды назвы рэк, якія бяруць пачатак у Докшыцкім раёне - «Березина», «Вилия». Там жа — карта Беларусі, на якой гарады падпісаныя па-руску. І «Скамья примирения», каля Дома быта. На нашай мове — нічога.

Докшыцы маюць расійскамоўнае аблічча. Мясцовыя ўлады пазбягаюць ужывання беларускай мовы ў публічнай прасторы.

Докшыцы маюць расійскамоўнае аблічча. Мясцовыя ўлады пазбягаюць ужывання беларускай мовы ў публічнай прасторы.

Докшыцы, беларускі горад, мае расійскамоўнае аблічча. Мясцовыя ўлады пазбягаюць ужывання беларускай мовы ў публічнай прасторы.

«Исток реки Березина» на альтанцы, «Р. Березина» на дарожным знаку, клумба «Докшицы — 610», стэла «Докшицы» на ўездзе з Мінска… Роўнасці дзяржаўных моваў, якая гарантаваная Канстытуцыяй, тут няма і блізка. І нават заява Лукашэнкі: «Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй» не змяніла паводзінаў мясцовага кіраўніцтва.

Са знаёмым сустракаюся каля царквы, а потым ідзём на каву ў забягалаўку «Смак», якая знаходзіцца насупраць аўтастанцыі. Пакуль з ім сустрэцца, спатыкаю на вуліцы Таццяну, былую аднакласніцу.

Пагаварыўшы са знаёмым, еду да Таццяны. Таццяна запрашае на кухню. Заварвае гарбату. На стале — мёд у сотах і халва, прывезеная з апошняй вандроўкі ў Латвію. Таццяна штогод выбіраецца за мяжу, дасылала мне паштоўкі з Прагі, Рыгі, Львова, Тбілісі. Абмяркоўваем навіны са свайго і з грамадскага жыцця. Размаўляем пра падарожжы, пра асобу Язафата Кунцэвіча, пра дзённік Андруся Горвата.

— Вось Горват, — кажу, — пераехаў у вёску, але не стаў вяскоўцам. Шукае чагосьці новага, пацягнула яго ў тую вандроўку ў Еўропу. Вясковы чалавек не кінуў бы гаспадаркі і не паехаў у падарожжа.

Прыемна сесці за сталом і пагаварыць з разумным чалавекам. У правінцыі такая магчымасць рэдка надараецца.

Насельніцтва вёсак, мястэчак, малых гарадоў жыве, пагружанае ў побытавы клопат, а на свет глядзіць праз тэлевізар. Плёткі пра аднавяскоўцаў, забабоны, урыўкі рэлігійнасці цалкам здавальняюць іх цікаўнасць да свету. І не зусім благія людзі, і не зусім дурныя, а пагаварыць з вясковым чалавекам няма пра што… Людзей, з якімі можна разгаварыцца, у абшары дваццаці кіламетраў — на пальцах пералічыць.

— І я, калі ў Докшыцы прыязджаю, дома сяджу, нікуды не выходжу, — кажа Таццяна.

Кіруюся з Докшыц на поўнач па глыбоцкай шашы. Калісьці гэта быў паштовы тракт, частка камунікацыйнай сеткі Расійскай Імперыі. Па баках — бярозавыя прысады. Першыя зжаўцелыя лісты бяроз ападаюць на асфальт. На Глыбокае і з Глыбокага праносяцца машыны. Я еду ў Порплішча.

Яшчэ вясной тут было «Порплище», але чыгунка стала болей ужываць беларускую мову.

Яшчэ вясной тут было «Порплище», але чыгунка стала болей ужываць беларускую мову.

Каля пераезда ў Порплішчы — павільён чыгуначнага прыпынка. Шыльду «Порплище» сёлета памянялі на «Порплішча». Кіраўніцтва Беларускай чыгункі, у адрозненне ад кіраўніцтва Докшыцкага раёна, пашырае ўжыванне беларускай мовы…

Грукаюся ў дзверы старой жоўтай хаты на цэнтральнай вуліцы. Адчыняе гаспадар, былы бібліятэкар Вацлаў. Запрашае ў сваю цёмную, з маленькімі вокнамі, хату. На сцяне — партрэты Гагарына, Цоя, Пушкіна, Ясеніна. Вацлаў ставіць імбрычак, я заварваю каву.

— Слухай, Косця… Згубіў я тое, што ты мне дасылаў — патрэт Ганны Зяновіч і дакументы, што яна напісала на Порпліскую царкву — пра зямлю, якую надала царкве, пра сялянаў, пра набажэнствы, якія святары павінны служыць… Ці ёсць яны ў цябе, ці можаш зноў іх пераслаць?

— Перашлю. Толькі напішыце, нагадайце, каб не забыўся… А час заснавання царквы ў Порплішчы — цікавае пытанне. У тым дакуменце, з 1627 года, пра будаўніцтва не пішацца. Напісана, што царква ўжо была, і што стаяла пустая, не было святара. А дзед гэтай Ганны Зяновіч, Кшыштаф Зяновіч, берасцейскі ваявода, які валодаў Глыбокім і Порплішчам — быў кальвіністам. І ягоны бацька, Юры Зяновіч, таксама быў кальвіністам. Дык магчыма той Юры Зяновіч, калі пераходзіў у кальвінізм, у гадах 1560-х ці 1570-х, і зачыніў царкву, выгнаў бацюшку з Порплішч…

Спаса-Праабражэнская царква ў Порплішчы, май 2017 года.

Спаса-Праабражэнская царква ў Порплішчы, май 2017 года.

— Дык царква як праваслаўная яшчэ будавалася, не ўніяцкая? — удакладняе Вацлаў.

— Ну так, праваслаўная. Але, вядома — не гэтая, што цяпер. Драўляныя будынкі столькі не стаяць. Старая спарахнела, разабралі і новую паставілі на гэтым месцы. Толькі невядома, у якім годзе дакладна гэта было.

Вацлаў не працаваў у архівах, і не пісаў краязнаўчых працаў. Але ведае Порплішча і ваколіцы, мясцовых людзей і іх продкаў лепш, чым хто іншы. Размаўляў са старымі людзьмі, запамінаў.

— Жыў чалавек у Серадзенах, размаўляў як мы з табой, толькі ў гміне польшчыў — а ў 1947 годзе пераехаў пад Шчэцін, на нямецкія землі — і ўжо ягоныя дзеці пішуць адтуль, што яны «палякі, выгнаньцы з крэсув». Якія ж яны палякі! — каментуе Вацлаў біяграфію аднаго земляка.

У Порплішчы, каля той драўлянай царквы, у якой захоўваюцца з часоў Уніі старыя абразы ў стылі беларускага барока, скульптуры анёлаў і фігура Ісуса Хрыста Антокальскага, паварочваю ўлева. Дарога вядзе на Сітцы. Стаіць пагодны, ціхі вераснёўскі дзень. Нейкая млявасць і павольнасць адчуваецца ўва ўсёй прыродзе, і, здаецца, перадаецца на мой настрой. Па пустой гравейцы еду няспешна — спяшыць няма куды.

Дарога на Докшыччыне ў вераснёўскі пагодны дзень.

Дарога на Докшыччыне ў вераснёўскі пагодны дзень.

Над сялом Вялікія Сітцы ўзвышаецца блішчасты купал Свята-Георгіеўскай царквы, помніка архітэктуры часоў Расійскай імперыі, збудаванай у 1913 годзе, у 300-ю гадавіну Раманавых. 

Вялікія Сітцы і стогадовая Свята-Георгіеўская царква.

Вялікія Сітцы і стогадовая Свята-Георгіеўская царква.

А ўдалечыні сінеюць рэдкалессі і лясы над ракой Сэрваччу. У двары Сітцы, колішняй сядзібе Бжастоўскіх і Дамейкаў, між дрэў паказваецца велічная барочная брама, унікальны помнік віленскага барока.

Пад брамай, і на колішняй галоўнай алеі парка валяюцца абгорткі ад цукерак і марозіва, ды разбітыя бутэлькі. У ліпені я прыбіраў тут смецце — вяскоўцы накідалі зноў.

Што замінае работнікам клуба і бібліятэкі, якія месцяцца ў парку, раз на тыдзень прайсці з пакетам ды падабраць смецце? Лянота, абыякавасць. Затое летась Докшыцкі райвыканкам паспяхова асвоіў у Сітцах замежны грант «Аднаўленне гістарычных сядзібаў» на суму 18.000 даляраў, з якіх на сядзібу не пайшло ані цэнта.

Зрэшты, ёсць большая бяда, чым непрыбранае смецце. Зацякае скляпенне другога яруса брамы. Цэгла трушчыцца. Калі не зрабіць кансервацыю, частка брамы можа абрынуцца ўжо ў бліжэйшыя гады. Раблю фотаздымкі.

Трэба абмеркаваць справу са спецыялістамі ў галіне аховы помнікаў, ды, можа, напісаць зварот у Міністэрства культуры па гэтай справе. Мясцовыя ўлады пра браму не парупяцца, трэба самому нешта дабівацца.

Брама ў Сітцах стаіць з часоў Рэчы Паспалітай, але хутка можа абрынуцца.

Брама ў Сітцах стаіць з часоў Рэчы Паспалітай, але хутка можа абрынуцца.

Жыхароў Сітцаў цяпер займае іншая навіна, не звязаная з гісторыяй. У жніўні «вясковы тэлеграф» разнёс сенсацыю: на пні адламалі кару — і ўбачылі там абраз Маці Божай.

Я бачыў фотаздымкі таго пня ў сацыяльных сетках. На дрэве — пляма, якая крыху нагадвае абрысамі выяву Багародзіцы. Толькі абрысамі, бо выявы твару няма. Вяскоўцы палічылі пляму за Божы знак — і пень стаў месцам паломніцтва. Да яго прыходзяць людзі з Сітцаў і навакольных вёсак, прыносяць кветкі.

Пень у Сітцах, які стаў месцам паломніцтва. Фота з сацыяльных сетак.

Пень у Сітцах, які стаў месцам паломніцтва. Фота з сацыяльных сетак.

Выязджаю на Параф’янава, і за вёскай мяне абганяе «Шкода» з мінскімі нумарамі і спыняецца. Кіроўца выходзіць. Я разумею, што ён хоча нешта ў мяне запытацца.

— Дзе той абраз, які аб’явіўся, калі пілавалі дрэва? — пытаецца кіроўца.

Не ў пнях і не ў касцях Стварыцеля і Збавіцеля шукаць належыць… Божай моцы можна дакрануцца ў таемствах Споведзі і Прычасця. Праведнасці можна дайсці праз веру і жыццё па запаведзях. Пяцьсот год таму Скарына надрукаваў Біблію, каб беларусы маглі Божую праўду спазнаць. А людзі ідуць да пнёў і касцей, спадзяюцца, што пакланенне ім дасць ім здароўе і шчаслівае жыццё. Мабыць, так ім прасцей… Не трэба змяняць жыццё, шукаць Валадарства Божае ўнутры сябе.

Маё падарожжа сканчваецца ў Параф’янаве. Я зрабіў кола, недзе сорак кіламетраў. У паштовай скрынцы знаходжу квіток ад паштовага пераказу — нейкі добры чалавек з Мінска даслаў дваццаць пяць рублёў. На кухні ў рондлі стаяць парэзаныя баравікі, падасінавікі і сыраежкі — гэта мая цётка Яніна хадзіла ў грыбы.

02.09.2017, Параф’янава — Докшыцы — Порплішча — Сітцы — Параф’янава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0