Зьвесткі пра рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты паказваюць, што цэлы шэраг вылучэнцаў АДС працуюць плячо ў плячо на адных і тых жа прадпрыемствах.

Адразу тры кандыдаты ад ПКБ — Валеры Рыбчанка (Жлобінская акруга), Анатоль Новік (Мухавецкая) і Алег Шапавалаў (Менская вясковая) — зьяўляюцца супрацоўнікамі грамадзкага аб’яднаньня садзейнічаньня інтэграцыі Беларусі і Расеі «Разам» («Вместе»).
Як бачым, і сярод антылукашэнкаўскіх сілаў хапае прыхільнікаў будаўніцтва саюзнай дзяржавы.

У цэлага шэрагу кандыдатаў ад Партыі БНФ і БХД афіцыйным месцам пазначана, зарэгістраваная ў Маскве ААТ «БеларусьКапіталМэнэджмэнт».

На розных пасадах у гэтым таварыстве працуюць Аляксандар Сілкоў (юрысконсульт), Аляксей Янукевіч (намесьнік генэральнага дырэктара), Віталь Каратыш (дырэктар па разьвіцьці), Зьміцер Шыманскі (начальнік юрыдычнага аддзелу), Віктар Кавальчук (начальнік аддзелу па абароне інфармацыі), Дзяніс Садоўскі (начальнік упраўленьня разьвіцьця), Віталь Рымашэўскі (вядучы эканаміст), Яраслаў Берніковіч (намесьнік генэральнага дырэктара па сувязях з грамадзкасьцю).

У адной канторы працуюць намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч і незарэгістраваны ў Барысаве Сяргей Салаш. Іхняе афіцыйнае месца працы — ГА «Міжнароднае агенцтва Эўрапейская хваля».

Таксама зьвяртае на сябе ўвагу пасада сябры БСДП Уладзімера Нісьцюка. Аказваецца, што палітык зьяўляецца дырэктарам мясцовага дабрачыннага фонду выпускнікоў сувораўскіх і нахімаўскіх вучылішч «Выратаванае пакаленьне».

На жаль, вялікая колькасьць апазыцыйных кандыдатаў ідуць на выбары як беспрацоўныя, часова беспрацоўныя ці пэнсіянэры, што адлюстроўвае сытуацыя ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?