У М’янме (ранейшая назва Бірма) працягваюцца сутыкненні вайскоўцаў і паліцыі з мусульманскай этнічнай групай рахінджа. Па самых розных ацэнках, цягам канфлікту было забіта ўжо каля 400 чалавек.

Этнічная група рахінджа жыве на захадзе М’янмы, у штаце Ракхайн (Рахін). Яны трапілі ў М’янму з тэрыторыі сучаснай Бангладэш падчас існавання Брытанскай імперыі. Брытанцы перасялілі мусульман у М’янму, разглядаючы іх як танную рабочую сілу.

Этнічныя канфлікты паміж рахінджа і будысцкім насельніцтвам М’янмы ўзнікалі ад пачатку ХХ стагоддзя. Пасля набыцця незалежнасці М’янмы ўлады краіны адмаўляліся даваць мусумальнам грамадзянства, лічачы іх нелегальнымі мігрантамі з Бангладэш. Уладам Бангладэш, праз перанаселенасць краіны, мігранты з М’янмы таксама не дужа патрэбныя. Дый рахінджа ў самім Бангладэш складаюць меншасць. Большасць насельнікаў там — бенгалы.

Штат Ракхайн пазначаны жоўтым. Гэты рэгіён Бірмы мяжуе з Бангладэш.

Штат Ракхайн пазначаны жоўтым. Гэты рэгіён Бірмы мяжуе з Бангладэш.

У 1942 годзе адбылася крывавая рахінская бойня. Колькасць забітых у той час мусульманамі будыстаў ацэньваецца ў некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

За час панавання ў М’янме вайсковай дыктатуры гэты канфлікт быў у замарожаным стане. Калі ж М’янма вярнулася да дэмакратыі, то супрацьстаянне паміж мусульманамі і будыстамі ўспыхнула з новай сілай.

Ад 1950-х у штаце Ракхайн існаваў сепаратысцкі рух за незалежнасць рэгіёна. 25 жніўня байцы ўзброенай групойкі «Армія выратавання рахінджа Аракана» напала на вайсковыя аб’екты і паліцэйскія пастарункі, у выніку чаго было забіта 15 чалавек. Варта адзначыць, што «Армія выратавання рахінджа Аракана» выступае пад радыкальнымі ісламісцкімі лозунгамі.

У адказ улады М’янмы пачалі ўзброеную кампанію супраць радыкалаў. Многія ісламскія праваабарончыя арганізацыі называюць гэта ўжо «генацыдам» мусульманскага насельніцтва. Улады Бангладэш усё адно адмаўляюцца прымаць уцекачоў з М’янмы ў сябе. У замену гэтага яны прапануюць засяляць рахінджа на бязлюдным востраве Тэнгар Чар, які ў час сезона дажджоў увогуле фактычна цалкам сыходзіць пад ваду.

Навіны з Бірмы вельмі балюча прынялі ў мусульманскім свеце. Падтрымку рахінджа гатовыя аказваць Інданэзія, Малайзія, арабскія краіны. Не застаўся ўбаку ад падзеі і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў. У жывым эфіры на сваёй старонцы ў інстаграме ён выказаўся пра падзеі ў М’янме.

«Хай будуць праклятыя тыя, хто здзяйсняе забойствы, генацыд супраць мусульман. Мы робім усё, што ў нашых сілах. Калі б была мая воля і была магчымасць, то я б ударыў ядзерна па М’янме. Я б знішчыў тых людзей, якія забіваюць дзяцей, жанчын, старых. Чаму расійскія СМІ пра гэта маўчаць? Калі ў Еўропе забіваюць, то нашы СМІ і палітыкі адразу выступаюць. Калі вы думаеце, што я задаволены гэтым, то не, я зусім незадаволены. Калі нават Расія будзе падтрымліваць тых шайтанаў, якія сёння здзяйсняюць злачынствы, то я буду супраць пазіцыі Расіі. У мяне свая пазіцыя, сваё бачанне», — сказаў Кадыраў.

У той жа час Расія разам з Кітаем заблакавала рэзалюцыю ААН з асуджэннем разні ў М’янме.

4 верасня ў Грозным, сталіцы Чачні, прайшоў шматтысячны мітынг у падтрымку мусульман Бірмы. Цікава, што выходзіць людзей на вуліцу заклікаў і Алег Конанаў — беларускі трэнер грозненскага футбольнага клуба «Ахмат».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?