Жыхары шматпавярховікаў па вуліцах Крапоткіна і Веры Харужай у Мінску б'юць трывогу: за тыдзень як мінімум пяць сабак перанеслі цяжкае атручэнне. У выніку тры гадаванцы памерлі. Людзі знайшлі ў двары кавалак лівернай каўбасы з невядомымі таблеткамі ўнутры, піша Tut.by.

«У сераду ўвечары быў першы выпадак, сабака памёр адразу. На наступны дзень памерлі яшчэ два сабакі — шпіцы. Імгненна ўсё адбылося. У пятніцу выпадак паўтарыўся, але там гаспадыня хутка адвезла ў клініку, сабаку цяпер лепш. І мы ў суботу, пасля ранішняй прагулкі. Цяжкі стан, але спадзяёмся, што ўсё абыдзецца», — распавядае мінчанка Алена Юрычава.

Яе 4,5-гадовы тэр'ер Філіп да гэтага часу на кропельніцах.

Тут і ніжэй фота Алены Юрычавай

Тут і ніжэй фота Алены Юрычавай

У суботу пасля вяртання з клінікі сям'я сустрэла ля пад'езда суседку. І тая паказала ім дзіўную знаходку:

«Яе сабака нешта нюхаў у траве, жанчына падышла паглядзець — а там кавалак лівернай каўбасы з гэтай таблеткай ўнутры», — распавядае Алена.

Пакуль дакладна невядома, што ўтрымліваецца ў таблетцы — хоць ёсць здагадкі. Экспертызу пакуль не праводзілі. Але гаспадыня аднаго з пацярпелых сабак ужо звярнулася да праваахоўнікаў.

«У цяперашні час у Савецкім РУУС сталіцы зарэгістраваная адна заява па паказаным факце. Праводзіцца праверка», — паведамілі ў прэс-службе сталічнай міліцыі.

«Сутарга, кома, спыненне сэрца»

Пасля абследавання тэр'ера ў клініцы, куды звярнулася Алена Юрычава, паставілі меркаваны дыягназ: атручэнне ізаніязідам. Гэта лекавы сродак для лячэння туберкулёзу, і дарэчы, рэцэптурны. А ў сабак на яго падвышаная адчувальнасць. Спецыялістам вядомыя выпадкі, калі прэпарат выкарыстоўваюць як яд.

— Сутаргі, сабакі проста камянеюць. Дыханне спыняецца. Калі ветэрынары западозрылі такое атручэнне, то ўкалолі антыдот — перыдаксін (вітамін В6), — успамінае Алена. — Мяркуючы па тым, як старанна адразалася каўбаса і хаваліся ўнутр таблеткі, думаю, нехта рабіў усё наўмысна.

А 8-месячнага спаніэля Рыка выратаваць не ўдалося. Ён памёр у сераду пасля выгулу ў тым жа раёне, на вуліцы Крапоткіна. У цемры сабака нешта падабраў у траве, гаспадыня дастала з пашчы і выкінула. Але мабыць частку шчаня ўсё ж праглынула.

— Усё пачалося, калі вярнуліся дадому. І праз паўгадзіны сабакі не стала. Галюцынацыі, сутарга, кома, спыненне сэрца. Два разы муж заводзіў сабаку сэрца, да нас вельмі хутка прыехаў ветэрынар. Тэмпература была 42. Сабака «згарэў», — кажа гаспадыня шчаняці Алена Лемяшэўская.

Жанчыне патлумачылі, што ў сабакі адбылося моцнае атручэнне невядомым рэчывам. Пра гэты выпадак сям'я паспяшалася папярэдзіць іншых уладальнікаў сабак, і нават расклеіла аб'явы на дамах.

У наступныя дні памерлі яшчэ два сабакі: 3-гадовы шпіц у суседзяў Алены па доме, а потым 8-месячнае шчаня шпіца з дома насупраць. Па звестках мясцовых жыхароў, цела адной з сабак аддалі на ўскрыццё і чакаюць вынікаў экспертызы на працягу месяца.

Атручэнне невядомым рэчывам перажыў і 3-гадовы тэр'ер Рычы ў чацвер, распавядае мінчанка Таццяна Картошкіна.

— Праз дзве з паловай гадзіны пасля прагулкі ў яго дома рэзка пачаліся сутаргі, страціў прытомнасць. Погляд неадэкватны, лапы трасуцца. (…) Апрытомнеў, але проста ляжыць, і вочы не такія — не мой сабака! Потым пачынае рэзка бегаць па кватэры, ад мяне ўцякаць ці што. З'явілася агрэсія. Я разумею, што нам трэба тэрмінова ў клініку, а ён не даецца. Хоць звычайна ніколі не кусаецца! Калі другі прыступ скончыўся, я неяк падхапіла яго і нарэшце адвезла ветэрынарам.

Назаўтра сабака яшчэ падаў пры спробе ўстаць на лапы. Толькі да суботы пасля «кучы уколаў і кропельніц» сабаку стала лепш. Гаспадыня пасля інцыдэнту напісала заяву ў міліцыю.

Ветэрынары: раім цяпер выгульваць сабак толькі ў намордніках

— У нашу клініку быў толькі адзін зварот, і сабаку ўдалося выратаваць (4,5-гадовага тэр'ера). Але як мы ведаем з іншых клінік, за апошнія паўтара тыдня было яшчэ 3-4 падобныя выпадкі па ўсім горадзе. І сабакі гінулі, — распавялі TUT.BY у ветклініцы «Сас энімал сэрвіс». — Таму цяпер мы раім выгульваць сабак толькі ў намордніку, каб яны не маглі нешта падабраць з зямлі.

Чым менавіта атруціліся сабакі, сказаць складана, кажуць спецыялісты. Але сімптомы прыкладна аднолькавыя: заняпад сіл, сутаргі, ваніты, несвядомы стан.

— Падобныя выпадкі — вельмі хуткая рэакцыя, літаральна праз паўгадзіны жывёла памірае. Прыходзілі з прагулкі і не паспявалі нават прывезці ў клініку. Пры такіх сітуацыях у хатніх умовах дапамагчы немагчыма. Патрэбна экстранная дапамога, і прыняць гадаванца павінны без чаргі, — патлумачылі ветэрынары.

Нагадаем, за жорсткасць да чацвераногіх у Беларусі прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць па арт. 15.45 КоАП і крымінальная паводле арт. 339-1 КК (аж да 1 года пазбаўлення волі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0