У верасні 2017 года чацвёрты раз у Беларусі пройдзе МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ — міжнародны фестываль, пакліканы пашыраць разуменне фатаграфічнага медыуму, спрыяць развіццю культурнага поля і ўмацаванню статусу беларускай фатаграфіі ў рэгіёне і свеце. МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ — 2017 прапаноўвае 16 выставаў на 10 пляцоўках у 4 гарадах Беларусі, 11 майстар-класаў, лекцыяў і прэзентацыяў з удзелам замежных і беларускіх спікераў.

За час працы фестывалю ў яго імпрэзах былі задзейнічаныя фатографы, арт-крытыкі і куратары з 11 краінаў. На 12 пляцоўках Мінску і Гродна праходзілі культурныя і адукацыйныя сустрэчы з удзелам гасцей з Аўстраліі, Беларусі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны і Францыі. На сённяшні момант агульны ахоп аўдыторыі фестывалю склаў каля 500 000 гледачоў.

Мінулаю восенню МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ ўпершыню быў заяўлены як тэматычны. На 5 выставах асноўнай праграмы, якая займала прастору ангару сталічнага ЦЭХу, аўтары і фотакалектывы з розных перспектываў разглядалі апазіцыю «цэнтр/перыферыя». І калі ў 2016-м, прапанаваўшы такую, на першы погляд, геаграфічную праблему, мы хацелі падкрэсліць шырыню і дынаміку фатаграфіі, то тэма фестывалю-2017 адлюстроўвае супрацьлеглы кірунак.

Сітуацыя ў культурным і арт-асяродку Беларусі ды свету падштурхнула нас абраць у якасці канцэптуальнага пункту адліку тэму калектывізацыі.

Разам з гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю мы хочам прапанаваць вывучыць самыя розныя значэнні, якія могуць асацыявацца з гэтым паняткам і, магчыма, адысці ад тых, што звязваюць яго з гісторыяй Савецкага Саюзу. «Паглыбленне» сёлета адбудзецца і на ўзроўні краіны: выставы і імпрэзы МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ пройдуць не толькі, традыцыйна, у Мінску і Гродне, але і ў Брэсце, Паставах і Каптарунах — арт-вёсцы, арганізаванай пісьменнікам Артурам Клінавым і тэатральным крытыкам ды рэдактаркай часопісу «pARTisan» Таняй Арцімовіч на беларуска-літоўскай мяжы.

Асноўная экспазіцыя МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ — 2017 стартуе 6 верасня на пляцоўцы новай прасторы «Сталоўка XYZ» і будзе ўлучаць 6 выставаў, кожная з якіх па-свойму падыходзіць да семантычнага поля «калектыўнага». Мы ўпэўненыя, што кола інтэрпрэтацыяў «калектывізацыі» значна пашыраецца і выходзіць за межы феномену першых дзесяцігоддзяў існавання СССР, які апісвае аб’яднанне аднаасобных сялянскіх гаспадарак у калгасы, калі мы звяртаемся да ўтваральнага слова — лацінскага collectivus (‘зборны’) — і разглядаем яго з пазіцыяў сённяшніх рэаліяў.

Архіўнай фатаграфіі, якая зважае на метафізічныя аспекты калектыўнасці як пераемнасці роду, у межах цэнтральнай экспазіцыі фестывалю прысвечаныя дзве выставы: «Што не памірае, не жыве» з дакументальнымі здымкамі Яна Сівіцкага і Багуслава Аўгустыса пахавальных рытуалаў і «Найлепшы бок» маладога сацыякультурнага праекту «Веха» — беларускай ініцыятывы, што дапамагае аднаўляць, правільна захоўваць і збіраць сямейныя архівы.

«IS(not)» — гісторыі пра Ісландыю, «старажытны кантынент, населены эльфамі і апанентамі ЕЗ», ад польска-беларускага калектыву «Sputnik Photos» — дэманструе патэнцыял групавой працы ў галіне фатаграфіі, якая дазваляе, пераадольваючы стэрэатыпы, «калектыўна» падысці нават да вывучэння тэмы, культурна далёкай аўтарам.

«Выклік дахаты» — вынік кааперацыі яшчэ аднаго калектыву, «Галерэя Indie», эксперымент, падчас якога, абмяняўшыся ключамі ад кватэраў, 12 ізраільскіх фатографаў знялі ў кожнай з іх праект, які адлюстраваў аўтарскае разуменне слова «прыстанак», тым самым падымаючы пытанні схаванага і асабістага, калектыўнага і прыватнага, бачнага іншым і нябачнага нам.

Выстава «Жаночы эмансіпацыйны праект: паміж утопіяй і рэальнасцю (да 100-годдзя рэвалюцыі 1917 года)» даследуе, як сёння суіснуюць новае (нацыянальнае) у старым і (не-)зробленае, тое старое, што не атрымала прызнання — у новым. Як суіснуюць гістарычныя калектыўныя наратывы і асабістыя, больш схаваныя наратывы жанчын-актывістак. Выстава прэзентавана «Гендарным Маршрутам», куратарка Iрына Саламацiна. Будуць паказаныя партрэты ўкраінскіх жанчын-вайсковак і жанчын, якія ваююць, творы Жанны Капуснікавай і фільмы «Маляваны рай» пра беларускую мастачку-прымітывістку Алёну Кіш (аўтарка сцэнара і рэжысёрка — Галіна Адамовіч) ды «Палута Бадунова: згадаць і не забыць» (рэжысёр — Валерый Мазынскі).

Беларуская фатаграфія будзе рэпрэзентаваная праектам Вольгі Бубіч «Больш, чым Я» (куратары Артур Бондар і Аксана Юшко) пра феномен «чарнобыльскіх дзяцей», якія ў межах гуманітарных праграмаў выязджаюць з 1991 года на аздараўленне ў Еўропу і Паўночную Амерыку. Адно з крытычных пытанняў выставы — супрацьпастаўленне «асабістага» і «калектыўнага», звязанага як з бюракратычнай сістэмай, гэтак і з вялікшым, глабальным светам, часткаю якога ў цяперашні час паступова робяцца і дзеці.

На святочным адкрыцці фестывалю 6 верасня, а таксама 8—9 верасня ў межах святкавання Дня гораду (на сценах мінскай ратушы) будуць паказаныя праекцыі французскага візуальнага мастака Клемана Брыена, якія адлюстроўваюць гісторыю беларускай сталіцы і традыцыяў рэгіёну.

Паралельная праграма МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ задзейнічае яшчэ 9 пляцовак. Гэта 6 мінскіх пляцовак: галерэя «Ў» (выстава Андрэя Лянкевіча «Бывай, Радзіма!» і выстава «VORTEX PREVIEW» ад аб’яднання «Фотамастацтва»), Нацыянальны гістарычны музей (выстава класіка беларускай фатаграфіі Льва Дашкевіча «Беларусі прысвячаецца…»), Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва (выстава фотамастакоў Вікторыі Біншток і Міхаэля Шэфэра «Па і супраць плыні. Сучасныя фатаграфічныя ўмяшаньні»), ЦЭХ (Частка 2. «Гендарны маршрут»: «Жаночы эмансіпацыйны праект: між утопіяй і рэчаіснасцю»), галерэя «Кніжная шафа» (выстава «Там» Альберта Цехановіча), Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства (традыцыйная падборка вынікаў конкурсу дзіцячай фатаграфіі «Свет вакол нас», зарганізаванага фотаклубам «Святласіла», Паставы), — а таксама культурныя цэнтры Брэсту, Гродна і Віцебскай вобласці (Лынтупы). У брэсцкай прасторы «Крылы халопа» пакажуць групавы праект «BY NOW», у Цэнтры гарадскога жыцця, Гродна, — частку шырокага архіву Бюро фотафестывалю «Месяц фатаграфіі», а ў Доме культуры Лынтупаў — вынікі арт-рэзідэнцыі Каптаруны-2017.

Адмысловымі гасцямі МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ — 2017, якія наведаюць імпрэзы асабіста і правядуць у межах фестывалю майстар-класы, лекцыі і прэзентацыі, стануць Міхал Лучак (калектыў «Sputnik Photos», Польшча), Гжэгаж Дамброўскі (праект «Albom.pl», Польшча), Клеман Брыен (пры падтрымцы амбасады Францыі) і Міхаэль Шэфэр (пры падтрымцы Інстытуту Гётэ).

Гістарычны складнік сёлета працягнецца супрацаю фестывалю з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, у сценах якога будзе паказаная выстава, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы. У межах закладзенай у 2016 годзе серыі альбомаў «Бібліятэка МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ» выйдзе каталог з працамі гэтага класіка беларускай фатаграфіі. Выстава пройдзе з 10 да 29 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0