25.09.2017 / 13:13

Аляксандр Апон. Помнікі. П'еса

Асобы:

  • Сцяпан
  • Ліля
  • Уладзік — іх сын-школьнік
  • Зойка — яго сяброўка
  • Бабуля
  • Рыгор — іх сусед
  • Інспектар Жылінскі
  • Поп
  • Манашка
  • Ісус Хрыстос
  • Сталін
  • Гітлер
  • Помнікі

 

Беларуская кватэра ў беларускім доме.

Злева кухня, праз дзвярную пройму бачная газавая пліта і мыйка.

Тамсама, толькі бліжэй да авансцэны, на табурэтках труна без вечка, у якой, склаўшы «па-нябожчыцку» рукі, ляжыць бабуля.

Пасярэдзіне сцэны круглы стол, накрыты абрусам, які спадае да падлогі, і крэслы. За ім у глыбіні канапа і тэлевізар.

Справа ўваходныя дзверы з электрычным званком.

Уваходзіць Ліля з вялікай гаспадарчай сумкай.

 

Ліля: А вось і я! Мама, чуеш? (Падыходзіць да стала, ставіць сумку на крэсла.) Ну як ты тут? Зачакалася, напэўна. І галодная нябось. Але нічога, зараз я цябе пакармлю (выкладвае з сумкі на стол талеркі з закускамі, загорнутыя ў цэлафан, пакункі, рондлік, слоікі, затым, скінуўшы сумку на падлогу, сядае на крэсла). Вось толькі пасяджу крышку, хвілінку, мама, не болей. Прыстала нешта сёння, як ніколі. Але што ты хочаш — цалюткі дзень на нагах. Затое ото ўжо былі памінкі дык памінкі! Ого, мама, ажно двесце чалавек гасцей. Сталы проста ламаліся. Адных мясных стараў пяць (думае)… не, шэсць падавалі: і катлеты, і адбіўныя, і мяса па-французску, і галубцы, і… А я табе ведаеш што прынесла? Не? А ты здагадайся. Ну, ну? Так, твае любімыя кілбаскі з часнаком і кменам. Я ж іх сама круціла і, мама, клянуся, ні часнаку, ні кмену не шкадавала. Зараз пасмакуеш. Дзе яны? (Шнырыць вачыма па стале, пасля зрывае з адной талеркі цэлафан.) Ага, тута! О-о, як сабе хочаш, але пальчыкі абліжаш. Бо і бульбяное пюрэ, вядома, не забылася. А як жа. Вось, дарэчы, і яно (зняўшы вечка рондліка, накладвае на талерку пюрэ). Табе, мама, разагрэць ці холодным з’ясі? Га? Халодным, кажаш? Добра, як хочаш. (Падышоўшы да труны, бярэ з ног падушку, якую, пасадзіўшы маці, падкладвае той пад спіну, затым варочаецца да стала па крэсла, якое ставіць пры труне, а другі раз па талерку і, нарэшце, сеўшы на крэсла, корміць бабулю з лыжкі.) Ну, лыжачку за мяне. А цяпер за Сцяпана. Ён жа так стараецца, цягне, гаротнік, лямку з усіх сілаў… Ага, маладзец. Не, не ён маладзец, а ты, мама. Ну і за сыночка нашага, твайго ўнучка, каб усяго яму ўсягенькага, каб рос вялікім-прывялікім, быў паслухмяным і не выракаўся бацькоў. Эх, яшчэ трошкі засталося. Не выкідаць жа ежу. Гэта, да ўсяго, вялікі грэх. А давай, мама, лыжачку за прэзідэнта. (Маці адмоўна круціць галавой.) Не, мама, за прэзідэнта круці не круці, а мусіш, гэта святое. Каб даў бог яму здароўечка і… і шмат-шмат розуму. Праўда, розуму ў яго і так багата, дык здароўечка і… і шчасця ў асабістым жыцці.

Ну і апошнюю лыжачку за нашага дарагога нябожчыка, які даў нам сённяшні хлеб у выглядзе пюрэ з кілбаскамі з часнаком і кменам. Хай зямля яму будзе пухам і ўсё астатняе. Ну што, пад’ела? Цяпер адпачывай сабе (выцягнўшы падушку з-за спіны, укладвае бабулю па-ранейшаму).

Званок звоніць тры разы.

Ліля: Гэта Сцяпан. (Ідзе адчыняць. Уваходзіць Сцяпан.)

Сцяпан: Даўно прыйшла?

Ліля: Толькі што.

Сцяпан: Але ж мацяру дагледзела.

Ліля: Ага, пакарміла.

Сцяпан: Бачна, уся ў пюрэ.

Ліля: Нічога, не шлюб браць.

Сцяпан: І то праўда (сядае да стала).

Ліля: Стаміўся?

Сцяпан: А ты думала.

Ліля: Галодны?

Сцяпан: Як сабака.

Ліля: Пюрэ з кілбаскамі ёсць.

Сцяпан: З памінак?

Ліля: Адкуль жа яшчэ.

Сцяпан: Давай.

Ліля (наклаўшы пюрэ і кілбасак на талерку): Разагрэць?

Сцяпан: Яшчэ чаго! (Есць.) Ты кілбаскі круціла?

Ліля: Я.

Сцяпан: Відаць, часнаку і кмену не шкадавала.

Ліля: Анягож, я ж яго не купляла.

Сцяпан: Дарэчы, я таксама ворон не лавіў, дваццаць шэсць помнікаў заліў.

Ліля: Ого.

Сцяпан: Дырэктар таксама пахваліў, ганаровую гарамату, паміж іншым, абяцаў.

Ліля: А ты?

Сцяпан: А што я — рады, вядома. Заўтра таксама трэба будзе паспрабаваць не меней заліць, хаця наўрад ці адужаю.

Ліля: А ў нас зноў памінкі.

Сцяпан: Па кім?

Ліля: Па Дзятліку.

Сцяпан: А ён што — памёр?

Ліля: Няўжо ж па жывым.

Сцяпан: Ну, мала што.

Ліля: Не, аддаў, небарака, Богу душу.

Сцяпан: Але калі паспеў?

Ліля: Учора.

Сцяпан: Гм. Учора я з ім пад вечар бачыўся, здароўкаўся нават.

Ліля: Ну вось пасля гэтага, Дзятліха расказвала, прыйшоў, прысеў, вочы заплюшчыў і больш ужо не расплюшчыў.

Сцяпан: Дык, значыцца, седзячы сканаў.

Ліля: Не ведаю, але так ці інакш — адбыў сваё.

Званок звоніць пяць разоў.

Ліля: Хто гэта?

Сцяпан: Ліха яго ведае. (Устае.)

Ліля: Чакай. (Прыбірае ўсё са стала ў сумку і хавае яе пад стол.)

Сцяпан тым часам ідзе адчыняць. Уваходзіць Інспектар.

Інспектар (называецца): Інспектар Жылінскі.

Сцяпан: Праходзьце.

Ліля: Вельмі радыя. Сядайце.

Інспектар: Не, дзякую, часу ні каліва. (Дастае з кішэні нататнік з алоўкам.) Яшчэ дзевяноста дзве кватэры абысці.

Ліля: Дзевяноста дзве?

Інспектар: Менавіта.

Ліля: А-я-яй.

Інспектар: Нічога не зробіш, такая праца.

Сцяпан: Так, так, у кожнага сваё рамяство.

Інспектар: Ног, лічыце, не маю — не ступы, а адзін суцэльны мазоль (сядае на крэсла і, сцягнуўшы з нагі чаравік і шкарпэтку, паказвае скалечаную нагу). Во.

Ліля (пляснуўшы рукамі): Божа!

Інспектар: А вы кажаце! (Нацягвае шкарпэтку, абувае чаравік.)Ну, паказвайце лічыльнікі.

Ліля: Прашу на кухню. (Выходзіць з інспектарам на кухню.)

Голас інспектара: Дык вы вады, выходзіць, амаль што і не спажылі.

Голас Лілі: Эканомім.

Голас інспектара: Ну хоць гарбату п’яце?

Голас Лілі: Калі-нікалі.

Сцяпан: Яшчэ кілішкі мыем.

Інспектар (выглянуўшы з кухні): Кілішкі? А самі ці мыецеся?

Сцяпан (паціснуўшы плячыма): Асабіста я і так цэлы дзень каля вады — помнікі заліваю.

Голас Лілі: І ў нас у сталоўцы вады — хоць заліся.

Інспектар: Гэта іншая справа. (Хаваецца.)

Голас Лілі: І гарачай, і халоднай.

Голас інспектара: Само сабой. А газ?

Голас Лілі: Таксама стараемся лішні раз не паліць, баімося, раптам выбухне.

Голас інспектара: Увогуле, здараецца. (Выходзіць, за ім Ліля.)

Сцяпан: Яшчэ як! У нас на працы балон з прапанам выбухнуў.

Інспектар: Калі?

Сцяпан: З месяц таму.

Інспектар: Не чуў.

Сцяпан: Нават ў газеце пісалі.

Інспектар: У якой?

Сцяпан: Не ведаю, я газет не чытаю.

Інспектар: І я. Дык сам выбухнуў, ці што?

Сцяпан: А хто яго ведае: стаяў-стаяў сабе, а потым як бабахне.

Інспектар: Бабахне?

Сцяпан: Ага. Дык будку ўшчэнт разнёс.

Іспектар: Якую будку?

Сцяпан: Сабачую. У нас там сабака ў будцы жыў, Жулік, вось ягоную будку і…

Інспектар: Што?

Сцяпан: Нічога, акрамя таго, што сабака без будкі застаўся.

Інспектар: Шчымлівая гісторыя.

Сцяпан: Так, але яшчэ не ўся. Недзе праз тыдзень проста азвярэў.

Інспектар: Хто, сабака?

Сцяпан: Ён. На людзей пачаў кідацца.

Інспектар: А што ж вы хочаце, без будкі хто заўгодна азвярэе (глядзіць на Лілю).

Ліля: Пэўна.

Сцяпан: Яшчэ добра, што не ў будцы сядзеў, калі бабахнула, а недзе бадзяўся.

Інспектар: Так, пашанцала. Ну, пайду я. У вас усё ў парадку, аплачана і пломбы на месцы. Усяго добрага.

Сцяпан: І вам таксама ўсяго.

Ліля: Заходзьце яшчэ (інспектар выходзіць). Каб ты на карачках хадзіў, каб ў цябе такі мазоль вылез, каб ты адно качаўся.

Сцяпан: Чаго ты ўсхадзілася?

Ляля: Бач, пломбы на лічыльніках правярае, каб яго чэрці на тым свеце праверылі.

Сцяпан: А як жа. І ты на яго месцы правярала б. Ды ў нас інакш нельга. Усё трэба правяраць, правяраць і правяраць. Таму мы не самі па сабе, а кожны па правяраючым мае, каб калі дзе што не тое як трэба — ён тут як тут.

Ліля: А правяраючага?

Сцяпан: Што правяраючага?

Ліля: Хто правярае, ці ён ніколі не памыляецца, не хібіць?

Сцяпан: У яго таксама правяраючы ёсцека.

 Ліля: А ў таго?

Сцяпан: І ў таго.

Ліля: Вось як.

Сцяпан (чухаючы патыліцу): Выходзіць так. Як той казаў, правяраючы на правяраючым сядзіць і правяраючым паганяе.

Званок звоніць сем разоў.

Ліля: Зноў нейкая праверка (ідзе адчыняць).

Уваходзіць Поп, за ім манашка, якая вядзе на вяроўцы Ісуса Хрыста з крыжам на плячы.

Поп (спявае): Благоденственное і мірное жітіе, здравіе же і спасеніе…

Манашка: Подайце Яго раді. (Тузае Хрыста за вяроўку.)

Поп (спявае): …і во всём благое поспешеніе…

Ліля: Што падаць?

Манашка: Что можете і сколько можеце. (Тузае Хрыста за вяроўку.)

Поп (спявае): Подаждь, Господі, рабу твоему і сохрані яго на многая і благая лета.

Ліля: Дык мо кілбасак возьмеце, кілбасакі ў мяне з часнаком і кменам засталіся (лезе па сумку пад стол).

Манашка: Што вы, деньгі, деньгі давайце. (Тузае Хрыста за вяроўку.)

Поп (спявае): Многая, многая, многая лета!

Ліля: Дзеньгі? Не ведаю я ніякіх дзеньгаў. Няма ў нас.

Поп (спявае): Сохрані его, Господі! Прості ему, Господі!

Манашка: Так рублі же, ілі долары, тоже можно. (Тузае Хрыста за вяроўку.)

Ліля: А, вось што. Не, не маем такіх. Пару капеек, праўда, знойдзецца. (Дастае з кішэні капейкі і кладзе ў руку манашцы.)

Поп (спявае): Многае, многае, многае лета!

Манашка (пагардліва): Ну, спасібо! (Тэатральна кланяецца.)Большое-пребольшое спасібо! (Злосна тузае Хрыста за вяроўку.)Ідем.

Поп (спявае): Многае лета!

Манашка (да папа): Тіхо! Хватіт уже.

Поп, манашка і Хрыстос выходзяць.

Ліля: Бач, прашмандоўка, рублёў захацела, пагатоў даляраў.

Сцяпан: Мо трэба было даць колькі?

Ліля: Надаешся ўсім, яшчэ чаго.

Сцяпан: Зрэшты, твая рацыя. Карачышся ўвесь дзень, карачышся….

Ліля: Цягнеш, цягнеш…

Сцяпан і Ліля (разам): А тут аддай.

Званок звоніць не перастаючы.

Ліля: Гэта сынок! (Ідзе адчыняць.)

Уваходзіць Уладзік са школьным ранцам за спінаю.

Сцяпан: Ну, сынок, як справы, што ў школе?

Уладзік: Вершык вучылі. (Скідае ранец.)

Сцяпан: Які вершык?

Уладзік: Атрадны. (Дэкламуе.)

Піянеры, піянеры!

Свайго краю ўладары.

Берагчы краіну мусім,

Мы за праўду змагары.

Э-э… Я — піянер краіны Беларусь.

Служу дабру, служу свайму народу.

Кліч піянера….э-э…: «Заўжды будзь гатоў!»

Ліля: Што ты прычапіўся, не паспела дзіця ў хату ўвайсці, аксціся, хай спачатку паесць. Сырнікі, сынок, са смятанай будзеш?

Уладзік: Буду. (Сядае да стала.)

Ліля (наклаўшы на талерку сырнікаў і паліўшы іх смятанай): А піражкі з капустай?

Уладзік: І піражкі.

Сцяпан (перасеўшы на канапу): Ды нічога я не чапляўся, а хацеў толькі заўважыць, каб стараўся, бо без навукі цяперашнім часам анікуды. (Пазяхае.) Вось хоць мяне ўзяць. (Лягае.) Каб я не ўмеў лічыць, помнікі, нябось, не заліваў бы, бо ў бетонамяшалку за адзін раз маю кідаць дванаццаць шуфляў жвіру, а не адзінаццаць, альбо, скажам, трынаццаць і палову мяшка цэменту. У нас з гэтым вельмі строга, бо, калі недасыпеш, будзе недарасход, а калі перасыпеш — адпаведна, страта. Такім чынам, увесь час лічу, і лічу, і лічу, і лічу. Раз, два, тры, чатыры, пяць (пазяхае)… Дык галава ў канцы дня проста пухне.

Ліля: А я фарш на вока салю і ніколі не памыляюся. Спецыі там розныя таксама: жменю ці дзве кідаю, і заўсёды патраплю, — самае тое атрымліваецца. Еш, сынок, еш.

Сцяпан: Я ўжо не кажу пра гравёра, які надпісы на помніку выразае. Ого голаву трэба мець, не галаву, а дом саветаў, бо варта толькі адну лічбу пераблытаць, ну, да прыкладу, заместа нуля ў 2017 годзе адзінку напісаць, і чорт ведае што атрымаецца…

Ліля: Што чорт ведае што?

Сцяпан: Як? Маўляў, памёр чалавек не ў 2017, а ў 2117годзе — вось што!

Ліля: І праўда. Еш, сынок, еш.

Сцяпан: І літары ведацьмем як свае пяць пальцаў, каб прачытаць, што там на паперцы заказчык накрамзоліў… (Схіляе набок галаву і пачынае храпсці.)

Ліля: Во рулады выводзіць. Паеў, сынок?

Уладзік: Паеў.

Ліля: А ці смачна?

Уладзік: Смачна.

Ліля: Ну, то гуляй сабе.

Уладзік: Не, гісторыю спачатку на заўтра павучу, а потым ужо пагуляю.

Ліля: Ну то вучы сабе, вучы.

Ліля прыбірае ўсё са стала ў сумку, якую хавае пад стол, і залазіць у тэлевізар, так што яе больш на сцэне не бачна.

Уладзік тым часам, крыху пасядзеўшы за сталом, падыходзіць да бабулі: паказвае ёй язык, грымаснічае, але гэта хутка яму надакучвае. Тады ён варочаецца да стала і дастае з ранца кніжку.

Званок звоніць моцна адзін раз.

З тэлевізара выглядвае Ліля.

Уладзік: Гэта да мяне. (Ідзе адчыняць. Ліля хаваецца ў тэлевізары.)

Уваходзяць Сталін і Гітлер.

Сталін: Харошы мальчык (гладзіць Уладзіка па галаве).

Гітлер: Gut, Kinder, gut! (Таксама гладзіць.)

Утрох яны сядаюць за стол, і Уладзік, раскрыўшы падручнік, чытае, водзячы пальцам па радках, а Гітлер і Сталін не гучна, але душэўна спяваюць: Сталін —рускую народную песню «Катюша», Гітлер — нямецкую народную песню « Bruder, lasst uns lustig sein».

Уладзік (бубніць): Несправядлівасць Версальска-Вашынгтонскай сістэмы паставіла многія народы ў зняважлівае становішча, спрыяла прыходу да ўлады сіл, якія імкнуліся да рэ-рэваншу, новага падзелу свету…

Сталін:

Расцвыталы яблыны ы грушы,

Паплылы туманы за ракой.

Выхадыла на бэрэг Катуша,

На высокы бэрэг, на крутой…

Гітлер:

Bruder, lasst uns lustig sein,

Weil der Fruhling wahret,

Und der Jugend Sonnenshein

Unser Land verklaret…

Уладзік (бубніць): Бітва пачалася 16 красавіка, а трэцяй гадзіне раніцы па берлінскім часе. Пры святле пражэктараў у атаку пайшлі танкі і пяхота. Бой працягваўся ўвесь дзень і не заціхаў уначы… (Закрывае падручнік.)

Сталін і Гітлер устаюць. Сталін дастае з кішэні люльку, раскурвае яе, пасля чаго абодва выходзяць.

Уладзік засоўвае падручнік у ранец. З тэлевізара вылазіць Ліля.

Выцягнушы з-пад стала сумку, яна дастае піражок з капустай, хавае сумку пад стол і варочаецца ў тэлевізар.

Званок звоніць два разы.

З тэлевізара выглядвае Ліля.

Уладзік: Гэта да мяне. (Ідзе адчыняць. Ліля хаваецца.)

Уваходзіць Зойка.

Зойка: Урокі вывучыў?

Уладзік: Прачытаў. А ты?

Зойка: І я прачытала. Пагуляем?

Уладзік: Давай.

Зойка: У што?

Уладзік: У жаніха і нявесту.

Зойка: Згода.

Уладзік: Ты лягай першай.

Зойка: Добра. (Кладзецца на падлогу і складваве «па-нябожчыцку» рукі.) Усё, памерла. Нясі кветкі.

Уладзік: А вянок?

Зойка: І вянок.

Уладзік (паклаўшы ля Зойкі ўяўныя кветкі і вянок, пачынае румзаць): Гы-гы.. У-у-у…

Зойка (ускочыўшы на ногі): Не, не так, мужчыны не плачуць.

Уладзік: А што робяць?

Зойка: Нічога: прыносяць кветкі, вянкі, кладуць і ідуць.

Уладзік: Куды ідуць?

Зойка: За стол сядаць.

Уладзік: А-а-а!!!

Зойка: Цяпер ты кладзіся. (Уладзік кладзецца на падлогу. Зойка галосіць, ламаючы рукі.) А мой ты, міленькі! А мой ты, родненькі! А на каго ты мяне пакінуў, з дзецьмі маленькімі? А хто іх будзе карміць — паіць- даглядаць? А што ж мне рабіці? А як даць радачкі? (Плача горкімі слязамі.)

З тэлевізара вылазіць Ліля.

Ліля: Гуляеце?

Уладзік: Гуляем.

Ліля: Ну, гуляйце, гуляйце. (Бярэ з сумкі піражок і зноў лезе ў тэлевізар.)

Зойка (выцершы слёзы): Хадзем да мяне, мае кудысь выправіліся, штось пакажу.

Уладзік (прыпадняўшыся): Што?

Зойка: Дай вуха (нахіляецца і шэпча Уладзіку на вуха).

Уладзік (падскочыўшы): Ну? Гайда!

Уладзік і Зойка выходзяць.

Некаторы час на сцэне зацішша, чутно толькі, як пахрапвае Сцяпан, потым звоніць званок.

Сцяпан (падхапіўшыся): Каго там яшчэ чорт прынёс? (Ідзе адчыняць.)

Уваходзіць Рыгор.

Рыгор (кінуўшы туды-сюды вокам): Твая дзе?

Сцяпан: У тэлевізары сядзіць.

Рыгор: Мая тамсама. Як залезла, са смены прыпёршыся, дык не вылазіць. Ось я і падумаў: ці не зайсці да цябе.

Сцяпан (пазяхнуўшы і пацягнуўшыся): Зайшоў дык зайшоў.

Рыгор: І не так, вядома, а праз краму (дастае з кішэні пляшку і ставіць яе на стол).

Сцяпан (устрапянуўшыся): З гэтага трэба было і пачынаць. Я мігам. (Знікае ў праёме на кухню.)

Рыгор падыходзіць да труны, углядаецца, потым махае перад тварам бабулі рукой. Бабуля нічога ніякага.

Тым часам з кухні з кілішкамі выходзіць Сцяпан.

Рыгор варочаецца да стала.

Рыгор (напоўніўшы кілішкі): Ну, будзьма!

Сцяпан: Будзьма!

Выпіваюць.

Рыгор: Эх, няма нічога лепшага для здароўя кішак.

Сцяпан: Не, няма.

Рыгор (наліваючы наноў): І на сэрца толькі ў станоўчым кірунку ўплывае.

Сцяпан: Толькі ў станоўчым, толькі так.

Рыгор: На сасуды, клапаны там і ўсё іншае як найлепей уздзейнічае.

Сцяпан: Ага.

Рыгора: Я вось неяк кідаў выпіваць, памятаеш?

Сцяпан: Не.

Рыгора: Дзень не п'ю, два, тры.

Сцяпан: Ого.

Рыгор: Чатыры, пяць…

Сцяпан: Няўжо?

Рыгор: І што ты думаеш на шосты?

Сцяпан: Што?

Рыгор: Сэрца не вытрымала.

Сцяпан: Ну?

Рыгор: Натуральна.

Выпіваюць. З тэлевізара вылазіць Ліля.

Рыгор паспешліва прыбірае са стала бутэльку, а Сцяпан кілішкі, але Ліля — стрэляная вераб’іха, яе на мякіне не правядзеш.

Ліля: І калі вы ўжо наглыкчацеся?

Сцяпан (убок): Калі ты наясіся. (Услых.) Ды мы так, па адным кілішку, чыста сімвалічна.

Ліля: Ведаю я вашыя адныя кілішкі. Глядзіце ў мяне.

Дастае з-пад стала сумку, бярэ піражок, але затым перадумвае і з сумкай залазіць у тэлевізар.

Сцяпан: Бачыў мегеру?

Рыгор: От, не зважай. Нават сам (падымае са значэннем палец угару) казаў, што ў меру, па пару кілішкаў, не толькі не шкодна, а наадварот — карысна.

Сцяпан (прасачыўшы за пальцам): Сам? Няўжо так і казаў?

Рыгор: Я што, выдумляць буду? Сваімі вушамі чуў.

 Сцяпан: Ну, калі так… Найвыдатнейшага розуму чалавек.

Рыгор: Не кажы, проста другога такога ва ўсім свеце не знайсці. (Напаўняе кілішкі.)

Сцяпан: Не, такога другога няма. Дык вось у мяне ў сувязі з гэтым пытанне.

Рыгора: Задавай.

Сцяпан: Як жыць без яго бу-дзем?

Рыгор (агаломшана): А хіба ён памёр?

Сцяпан: Не, але ж калісь павінен.

Рыгор (пасля паўзы): Так, павінен.

Сцяпан: Дык што?

Рыгор: Не ведаю.

Сцяпан: Вось і я сумняваюся: ці будзем мы, як яго не стане?

Рыгор: А халера яго ведае. Зрэшты, там пабачым. А пакуль давай за яго. (Падымае кілішак.)

Сцяпан: Давай. (Падымае свой.)

Рыгор: Каб жыў, жыў і жыў…

Сцяпан: І каб мы жылі, жылі і жылі…

Рыгор: І не паміралі.

Сцяпан: Так, так. Ты ўяўляеш, колькі я помнікаў залью, калі не памру?

Рыгор: Колькі?

Сцяпан (ускоквае на ногі): Мільёны!

Рыгор: Ну?

Сцяпан: Нават больш. (Размахвае рукамі.) Прыкінь: за дзень я заліваю дваццаць пяць помнікаў, сёння нават дваццаць шэсць заліў, дырэктар грамату ганаровую абяцаў, во (паказвае пальцам), на сценку павешу. А за год колькі залью, га?

Рыгор: За год? Калі за дзень дваццаць пяць, дык за год… (Лічыць у розуме, але, відавочна, нешта не сходзіцца, бо спачатку грызе пазногці на руцэ, потым энергічна чэша патыліцу і ў рэшце рэшт прызнаецца.) Цяжкая, бляха, задачка. Зрэшты, калі ў пляшкі перавесці, дык выходзіць (тужыцца, як парадзіха)… э-э-э… м-м-м… чатырыста скрыняў.

Сцяпан: Во! А за дзесяць гадоў! А за сто! За тысячу! Га? Гэта ж незлічоная колькасць помнікаў. (Хапаецца за галаву.)

І тут, без званка ў дзверы, страшэнна шоргаючы каменнымі асновамі, усоўваюцца помнікі, рознай канфігурацыі, велічыні і колеру. Іх столькі, што неўзабаве яны засланяюць сабой усё, так што акрамя іх больш на сцэне нікога і нічога не застаецца.

ЗАСЛОНА.

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера