Мінгарвыканкам унёс прапанову ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) аб узмацненні жорсткасці адказнасці фізічных асоб за несанкцыянаваны гандаль. Пра гэта, як перадаюць «Мінск-Навіны», паведаміў 6 верасня старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац падчас прэс-канферэнцыі ў ратушы.

«Паводле існуючага заканадаўства, санітарна-эпідэміялагічная служба не можа ўжываць да фізічных асоб нейкія меры ўздзеяння за гандаль прадукцыяй сумніўнай якасці, напрыклад, у выпадку, калі грамадзянін гандлюе салам на вуліцы ў 30-градусную спякоту, — растлумачыў Шорац. — Спадзяюся, што змены ў заканадаўства будуць унесеныя, і тады не толькі аддзелы гандлю і паслуг раённых адміністрацый і міліцыя, але і санэпідслужба зможа ўжываць да нелегальных гандляроў больш эфектыўныя меры ўздзеяння».

Кіраўнік гарвыканкама адзначыў, што ў горадзе ствараюцца гандлёвыя шэрагі, на буйных рынках ёсць месцы, дзе можна рэалізоўваць прадукцыю са свайго прысядзібнага ўчастка практычна бясплатна. Тым не менш многія грамадзяне аддаюць перавагу гандлю ў непрыдатных для гэтага месцах.

«Не скажу, што ў Мінску сёння ідэальны гандаль, — рэзюмаваў Шорац. — Ёсць і добрыя крамы з шырокім асартыментам прадукцыі, высокай якасцю абслугоўвання, гнуткай цэнавай палітыкай, і гандлёвыя аб'екты, якія яшчэ трэба падцягваць да сталічнага ўзроўню».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0