Да 1 лютага 2019 года ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі павінны паэтапна падключыцца да сістэмы кантролю касавага абсталявання, паведамілі ў прэс-службе МПЗ. Гэта дазволіць падаткавікам дыстанцыйна кантраляваць выручкі ІП, якія праходзяць праз касавае абсталяванне, піша Tut.by.

Так, ІП, якія працуюць у гарадах абласнога падпарадкавання і Мінску, трэба падключыцца да сістэмы кантролю касавага абсталявання да 1 снежня 2018 года, у гарадах раённага падпарадкавання — з 1 студзеня 2019 года. А з 1 лютага 2019 года гэта павінны зрабіць усе астатнія прадпрымальнікі.

Для юрыдычных асоб таксама ўвялі дэдлайн па падключэнні да сістэмы кантролю касавага абсталявання: з 1 лютага 2018 года — у гарадах абласнога падпарадкавання і Мінску, з 1 чэрвеня 2018 года — у гарадах раённага падпарадкавання, а з 1 ліпеня 2018 года — на ўсёй тэрыторыі краіны.

Акрамя таго, падключэнне да сістэмы кантролю касавага абсталявання падоўжылі на 7 месяцаў (да 1 сакавіка 2018 года) для суб'ектаў гаспадарання, якія працуюць у гандлёвых аб'ектах з гандлёвай плошчай ад 650 квадратных метраў.

«Тэрміны падключэння касавага абсталявання да сістэмы кантролю касавага абсталявання з'яўляюцца лімітавымі і больш пераносіцца не будуць», — адзначылі ў МПЗ. За парушэнне тэрмінаў прадугледжаныя штрафы: для ІП — да 100 базавых велічынь (да 2300 рублёў), для юрыдычных асоб — ад 10 да 200 базавых велічынь (ад 230 да 4600 рублёў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0