Вуліцы Камсамольскую і Рэвалюцыйную хочуць зрабіць часткова пешаходнымі са скразным рухам па адной паласе. Пра гэта, як перадаюць «Мінск-Навіны», паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац на прэс-канферэнцыі ў гарадской ратушы.
Адпаведныя праекты прапануе КУП «Мінская спадчына».
«Думаю, калі вуліцы Камсамольскую і Рэвалюцыйную зрабіць часткова пешаходнымі, то яны стануць цэнтрам прыцягнення як для гараджан, так і для турыстаў», — сказаў Шорац.
Ён адзначыў, што гарадскія ўлады прымаюць розныя меры для таго, каб разгрузіць цэнтр сталіцы ад транспарту.
«Цяпер будуем першае транспартнае кальцо. Упэўнены, дабудаваўшы яго і укараніўшы новыя інтэлектуальныя схемы кіравання транспартным патокам, мы разгрузім цэнтр, — адзначыў Шорац. — Заторы, якія здараюцца ў гадзіну пік, сведчаць аб тым, што трэба мяняць транспартныя патокі ў горадзе».