Інвестарам прапануецца ўзяць удзел у забудове Ракаўскага прадмесця ў Мінску. Інфармацыя аб правядзенні 29 верасня адкрытага аўкцыёну на права заключэння дагавораў фінансавання аб'ектаў будаўніцтва і рэканструкцыі размешчана на сайце Мінскага гарадскога цэнтра нерухомасці, паведамляе БЕЛТА.

Праект забудовы тэрыторыі ў межах вуліц Ракаўскай — Віцебскай — унутрыквартальнай тэрыторыі вул. Нямігі — Раманаўская Слабада рэалізуе камунальнае будаўніча-эксплуатацыйнае унітарнае прадпрыемства «Мінская спадчына». Дамовы прадугледжваюць фінансаванне будаўніцтва, у тым ліку рэканструкцыю, нежылых ізаляваных памяшканняў, машына-месцаў, вызначаных праектнай дакументацыяй.

Аўкцыён праводзіцца ў адпаведнасці з указам ад 6 ліпеня 2015 года №306 «Аб рэалізацыі праекта на тэрыторыі Ракаўскага прадмесця ў г. Мінску» рашэннем Мінгарвыканкама ад 27 ліпеня 2017 года №2555 «Аб правядзенні аўкцыёнаў» і ў парадку, устаноўленым інструкцыяй, зацверджанай рашэннем Мінгарвыканкама ад 18 лютага 2016 года №401.

На таргі выстаўляецца права заключэння дагавора фінансавання двух нежылых ізаляваных памяшканняў, дзе могуць размяшчацца аб'екты грамадскага харчавання і гандлю, аказання паслуг. Пачатковая цана складае каля Br290,4 тыс. і Br142,3 тыс.

Як паведамлялася, на тэрыторыі Ракаўскага прадмесця плануецца пабудаваць комплекс у нацыянальным стылі. Мяркуецца, што ў гістарычным цэнтры не плануецца будаваць ні жылыя дамы, ні офісныя будынкі. Акрамя таго, у Ракаўскім прадмесці будзе захаваная гістарычная забудова і помнікі, размешчаныя на яго тэрыторыі.

Згодна з указам №306, праект будзе рэалізаваны ў 2015-2020 гадах. Заказчыкам па праектаванні і будаўніцтве, у тым ліку рэканструкцыі, аб'екта вызначанае КСЭУП «Мінская спадчына», генеральнай праектнай арганізацыяй — КУП «Мінскпраект», генеральнай падраднай арганізацыяй — ААТ «Будаўнічы трэст №7».

Ракаўскае прадмесце з'яўляецца адным з самых старажытных раёнаў Мінска (яно пачало засяляцца яшчэ ў XI стагоддзі). Цяпер прадмесце размяшчаецца на вуліцах Ракаўская, Віцебская, Замкавая, Дзімітрава і Вызвалення. Да нашых дзён тут захаваліся Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, які быў пабудаваны ў XVII стагоддзі, і будынак былой сінагогі (канец XVIII стагоддзя).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0