Беларусы змогуць пабачыць палярнае ззянне 8 і 9 верасня, паведаміў БЕЛТА астраном Віктар Малышчыц.
Палярнае ззянне над Беларуссю ў 2015 годзе, фота Віктара Малышчыца
«З-за ўспышкі на Сонцы ў бліжэйшыя два дні ёсць імавернасць моцнай магнітнай буры і, адпаведна, таго, што беларусы змогуць пабачыць палярнае ззянне», — сказаў Малышчыц.
Паводле яго слоў, многае залежыць ад умоў надвор'я. «Палярнае ззянне можна будзе ўбачыць толькі ў цёмны час сутак, калі не будзе воблачнасці. Для гэтага лепш выехаць далей ад горада і глядзець на паўночную частку неба. Наўрад ці палярнае ззянне будзе відаць у Мінску, такая магчымасць выпадае, напэўна, раз у сто гадоў», — адзначыў астраном.
Як паведамлялася, на Сонцы 6 верасня адбылася мацнейшая за 12 гадоў ўспышка. Навукоўцы адзначаюць, што гэтая ўспышка ўвайшла ў топ-5 самых моцных праяў сонечнай актыўнасці за ўсю гісторыю назіранняў.