07.09.2017 / 22:34

Навукоўцы прэзентавалі прыладу, здольную выявіць рак за дзесяць секунд

Навукоўцы з універсітэта Тэхаса прэзентавалі новы інструмент памерам з ручку, які дапаможа выяўляць ракавыя клеткі ў арганізме пацыентаў за дзесяць секунд, паведамляе РІАН са спасылкай на Time.

Новую прыладу пад назвай The MasSpec Pen, прызначаную для дыягнаставання захворвання, стварылі навукоўцы ва ўніверсітэце ў горадзе Осцін. Паводле даных выдання Science Translational Medicine, «ручка» можа быць выкарыстаная для таго, каб хутка адрозніць пухліну ад здаровай тканкі падчас аперацыі і максімальна дакладна выдаліць яе.

У цяперашні час для адрознівання хворых і здаровых клетак падчас аперацыі прымяняецца даследаванне замарожанага зрэзу — частку пухліннай тканкі замарожваюць і адпраўляюць на цыталагічны аналіз. Пры гэтым даследаванне кожнага ўзору можа заняць 30 хвілін або больш, а пацыент у гэты час застаецца пад наркозам на аперацыйным стале, што павялічвае рызыку інфекцый або негатыўнага ўздзеяння анестэзіі.

У адрозненне ад звыклага метаду даследавання тканак падчас аперацыі, The MasSpec Pen даследуе малекулы, набор якіх у пашкоджаных тканках адрозніваецца пры розных відах раку. Пры гэтым забор пашкоджанай тканкі не праводзіцца: прыбор вылучае кроплю вады, у якую «мігруюць» малекулы доследнага органа, а затым іх даследуюць з дапамогай мас-спектрометра. Сцвярджаецца, што з выкарыстаннем The MasSpec Pen вызначаць наяўнасць захворвання можна з 96-працэнтнай дакладнасцю.

«Мы прадэманстравалі, што MasSpec Pen падыходзіць для дыягнаставання раку ў арганізме падчас аперацыі на мадэлях мышэй з пухлінамі, не наносячы прыкметнай шкоды тканцы або турботы жывёле. Нашы вынікі прэзентуюць сведчанні, што MasSpec Pen можа быць выкарыстаная ў якасці клінічнай тэхналогіі, якая ўжываецца падчас аперацый», — паведамляецца на сайце выдання Science Translational Medicine.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру