Другі альбом сьпявачкі толькі пацьвярджае мэтазгоднасьць яе сыходу з «Крамбамбулі».
Крыху штучна выглядалі яе сольныя нумары ў «крамбамбульным» рэпэртуары дый наагул вузкімі (ці занадта шырокімі?) былі для яе межы праекту Лявона Вольскага.
Праект «Гюнэш» — гэта немудрагелістая танцавальная музыка з моцным арабскім прысмакам на рымфы беларускіх паэтаў‑песеньнікаў (па‑расейску) ды творы ўласнага сачыненьня (па‑азэрбайджанску).
Гюнэш хоча быць заўважнай і, у адрозьненьне ад большасьці іншых нашых поп‑сьпявачак, здольная на гэта. Прынамсі, на яе сцэнічныя шоў глядзець ня сорамна, а пра большасьць песень з «Хабібі» ня хочацца казаць гідкасьці (акрамя нейкай зьмярцьвелай «Прощай»).
Гэты альбом не ўкладаецца ў беларускую поп‑канву. Мо сапраўды ёй ад Турцыі ці Азэрбайджану спрабаваць трапіць на «Эўравізію»? Тады на Гюнэш спакойна можна было б падвесіць цэтлік «азэрбайджанская Руслана» :).
А на самай справе, сьпяваць бы ёй блюз з арабскім калярытам — слухаць было б сапраўды цікава.