Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заклікаў Расію адмяніць запланаваныя ваенныя вучэнні «Захад-2017» на ўсходнім флангу НАТА, паведамляе DW.

«Мы занепакоеныя тым, што Масква перакінула ў Беларусь і да межаў Балтыі 4 тысячы сістэм, здольных несці ядзерную зброю, і не менш за 30 тысяч салдат. Гэтае небяспечнае бразганне зброяй павінна спыніцца», — заявіў ён у інтэрв'ю медыя-групе Redaktionsnetzwerk Deutschland.

Лінкявічус назваў непраўдападобным расійскія даныя аб тым, што ў вучэннях возьмуць удзел 12 тысяч вайскоўцаў. «Мы павінны быць пільнымі і падрыхтаванымі», — падкрэсліў ён. Па словах кіраўніка літоўскай дыпламатыі, Расія ў апошні час штотыдзень здзяйсняла ў сярэднім па 10 таемных палётаў над тэрыторыяй краін НАТА ў Балтыі.

Кіраўнік дыпламатычнага ведамства таксама адзначыў, што, у адрозненне ад вучэнняў «Захад-2013», Расія, у рамках цяперашніх вучэнняў, упершыню перакідае войскі ў Беларусь. «Мы асцерагаемся, што расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі стане пастаяннай», — адзначыў ён. У гэтай сувязі Лінкявічус нагадаў пра тое, што анексія Крыма ў 2014 годзе таксама пачыналася з ваенных вучэнняў.

На Захадзе мяркуюць, што Масква свядома занізіла даныя аб колькасці ўдзельнікаў вучэнняў «Захад-2017», каб не запрашаць замежных назіральнікаў. Міністр абароны ФРГ Урсула фон дэр Ляен днямі заявіла, што ў манеўрах «Захад-2017», хутчэй за ўсёі, возьмуць удзел каля 100 тысяч вайскоўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0