10.09.2017 / 10:20

«Згарэла за два дні». СК праводзіць праверку па факце смерці 10-гадовай дзяўчынкі ў Полацкай бальніцы 58

У рэдакцыю TUT.BY звярнулася сям'я Рыхлёнкаў з аграгарадка Гараны Полацкага раёна. Анатоль і Наталля падзяліліся бядой — 2 жніўня ў рэанімацыйным аддзяленні Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы памерла іх 10-гадовая дачка Ліза. Дзяўчынка, па запэўненні бацькоў, практычна ніколі не хварэла. Але 1 жніўня дзіця паскардзілася на боль у грудной клетцы. На наступны дзень у яе забалеў жывот. Лізе зрабілі кропельніцу, і яна страціла прытомнасць. Затым — рэанімацыя. Неўзабаве маці і бацьку паведамілі, што іх дачка памерла.

«Нашай дачкі не стала за 2 дні»

— Ліза была здаровым, актыўным дзіцем. Яна нават сезоннымі ВРВІ рэдка хварэла. Ніякіх хранічных захворванняў у яе не было, ці медработнікі іх не выявілі. Мы не можам зразумець: як так здарылася, што за 2 дні нашага дзіцяці не стала, — гаруе мама дзяўчынкі, Наталля Рыхлёнак.

Ліза, якой у чэрвені споўнілася 10 гадоў, была малодшай дачкой у сям'і — старэйшая ўжо студэнтка, вучыцца ў Віцебску. Наталля і Анатоль працуюць, трымаюць сваю гаспадарку, у іх свой прысядзібны ўчастак, прадукты выкарыстоўваюць у асноўным са свайго падворка.

31 ліпеня Ліза гуляла і бегала з дзецьмі, як звычайна. Пахвалілася бацькам: «Я навучылася рабіць «кола»!». А на наступны дзень, 1 жніўня, дзяўчынка паскардзілася на боль у грудной клетцы і млоснасць. У яе таксама паднялася тэмпература.

— Мы звярнуліся ў дзіцячую паліклініку ў Полацку. Доктар, якая знаходзілася на прыёме, агледзела дзіця, паслухала, памерала тэмпературу. Паставіла дыягназ «востры гастрыт». Прызначэнні былі такія: унутрацягліцавыя ін'екцыі супрацьрвотнага прэпарата (яе зрабілі ў працэдурным кабінеце адразу ж пасля візіту да доктара), захаванне дыеты і пітнога рэжыму, прыём «смекты». Ніякіх дадатковых абследаванняў лекар дачцы не прызначыла і адправіла нас дадому, — успамінае мама.

На наступны дзень, 2 жніўня, у дзяўчынкі з'явіліся болі ў вобласці жывата. Бацькі завезлі яе да доктара ў Гаранскую амбулаторыю. Доктар рэкамендавала агляд хірурга. Лізу зноў прывезлі ў дзіцячую паліклініку ў Полацк.

— Дачку агледзелі, але ёй станавілася ўсё горш і горш — яна нават не магла самастойна стаяць. Нас адправілі на аналіз крыві, — узнаўляе падзеі Наталля Рыхлёнак. — Дачка на вачах слабела, але яшчэ трымалася. Нічога не знайшоўшы, але бачачы, што стан пагаршаецца, з паліклінікі нас адправілі ў хірургічнае аддзяленне цэнтральнай гарадской бальніцы. Адразу дачку агледзеў хірург. Зрабілі рэнтген, УГД, узялі аналізы.

Наталля Рыхлёнак акцэнтуе ўвагу на тым, што медыкі не спыталі ў яе, ці ёсць у дзіцяці алергія на якія-небудзь медыкаменты: «Пры гэтым у Лізы была схільнасць да алергіі, у прыватнасці, на амаксіцылін, але толькі не імпартаваны, а беларускай вытворчасці».

«Пад кропельніцай дачка пасінела і страціла прытомнасць»

У палаце хірургічнага аддзялення дзяўчынцы паставілі кропельніцу.

— Лекары сказалі, што ў кропельніцы быў папаверын — каб у дачкі перастаў балець жывоцік. Ад нутравенных уліванняў яе стан пагоршыўся. Дзесьці траціна кропельніцы адкапала — і Ліза стала сінець і раптам страціла прытомнасць. Проста на насілках у ліфце лекар рабіў ёй штучнае дыханне. Лізу павезлі ў рэанімацыю. Мы з мужам увесь час знаходзіліся побач, ля дзвярэй. Мяркуючы па ўсім, нейкія прэпараты дачцэ калолі і ў рэанімацыі. Мы чулі, як Ліза зусім ненадоўга прыйшла ў прытомнасць, стала размаўляць. А потым раптам крыкнула: «Мне балюча». Зноў страціла прытомнасць.

Нягледзячы на страшнае ўзрушэнне, Наталля добра памятае храналогію падзей:

— Трапілі мы ў бальніцу каля пяці гадзін вечара, гадзін у шэсць-палове сёмай дзіцяці паставілі кропельніцу. А каля васьмі гадзін вечара мы з мужам пачулі апошні крык сваёй дачкі пра тое, што ёй балюча. Пасля гэтага медработнікі нам нічога не казалі, хоць мы шмат разоў пыталіся, як наша дачка. А першай гадзіне ночы нам паведамілі, што Ліза памерла. Па словах дактароў, смерць зафіксавалі ў 23.25.

Згодна з папярэднім заключэннем патолагаанатама, прычынай смерці Лізы Рыхлёнак стаў міякардыт неўдакладнены (міякардыт - запаленне сардэчнай мышцы, міякарда). Але канчатковае заключэнне бацькі не атрымалі: у бальніцы ім сказалі, што вынікі яны змогуць даведацца толькі праз паўтара-два месяцы.

- Нам вельмі важна разабрацца ў тым, што з'явілася прычынай смерці нашай дачкі, - уступае ў размову Анатоль Рыхлёнак, бацька дзяўчынкі. - Вельмі многае ў гэтай сітуацыі застаецца незразумелым. Дзіця лячылі ад гастрыту — прызначылі «смекту», дыету, а памерла ад сардэчнага захворвання. У папярэднім заключэнні напісана адно: «міякардыт». А на словах нам заявілі, што гэта наогул нейкі невядомы навуцы вірус, які можа хутка з'есці сэрца. На нашу з жонкай думку, Ліза памерла ад анафілактычнага шоку.

Следчыя вядуць праверку

Па факце смерці дзіцяці ў Полацкай ЦГБ праводзіць праверку Следчы камітэт.

— Праверку СК пачаў 16 жніўня, праз два тыдні пасля смерці Лізы, і падставай для яе стаў наш зварот, - кажуць муж і жонка. - Яшчэ раней мы пісалі электронны зварот у Міністэрства аховы здароўя, але яго пераслалі на Віцебскае аблздароўе.

— 2 жніўня ў Полацкай ЦГБ памерла дзіця. У міжраённы аддзел Следчага камітэта паступіла заява ад бацькоў. Цяпер праводзіцца праверка - у дачыненні да дактароў Полацкай ЦГБ, дзіцячай паліклінікі, Гаранскай амбулаторыі. Вядзецца збор дакументаў: якія прэпараты дзіцяці ўводзілі, якое лячэнне аказвалі і г.д. Сваё службовае расследаванне прызначыць Міністэрства аховы здароўя. Ужо праходзіць ўласнае службовае расследаванне ў ЦГБ, - паведаміла TUT.BY следчы Полацкага міжраённага аддзела СК Вольга Лысенка.

Ад далейшых каментароў яна ўстрымалася, адзначыўшы, што праверка будзе доўжыцца яшчэ некалькі месяцаў, і пакуль яшчэ рана казаць пра тое, што стала прычынай смерці дзяўчынкі.

11
Генэрал Голад / Адказаць
10.09.2017 / 10:40
Адзіны, каго баяцца ўсе лекары - патолагаанатам. Ад ягонага выраку залежыць іх лёс.
12
серж дубль / Адказаць
10.09.2017 / 10:50
а чаму некальки месяцау праверка, непаважаныя чыноуники и силавики.? што некальки месяцау будзеце дармаеды правяраць? не ваша дачка, вам не балиць??
8
ххх / Адказаць
10.09.2017 / 10:56
В Беларуси нет независимых патанатомических лабораторий и судмедэкспертизы. Если есть врачебная ошибка, то правды вам не скажут.
Паказаць усе каментары/ 58 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру