Менская археалягічная калекцыя, якая зьбіралася 60 гадоў і ў лютым была вывезеная на сьметнік (300 тыс. экспанатаў) страчаная незваротна. Раскопкі, зладжаныя на сьметніку, куды вывезьлі экспанаты, не далі плёну.

Супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, археоляг Сяргей Тарасаў, які апошні апекаваўся калекцыяй, лічыць, што з надзеяй адшукаць сьведчаньні менскай мінуўшчыны цяпер ужо можна разьвітацца: «Мы зрабілі некалькі спробаў. Капалі экскаватарам на гусенічнай хадзе. Літаральна два тыдні таму была апошняя спроба, у суботу і нядзелю. Але ці то мы не дакапаліся да таго слою, дзе высыпаныя экспанаты, ці то яны рассыпаныя шырока. Там жа бульдозэрам усё ўтрамбоўваецца...»

Камунальныя службы, паводле словаў С.Тарасава, не захацелі даўжэй чакаць і цяпер пачалі зноў звальваць сьмецьце на месца, дзе, як мяркуецца, былі высыпаныя археалягічныя экспанаты.

Навуковец зазначыў, што сьледзтва па факце зьнікненьня калекцыі вядзе пракуратура Ленінскага раёну Менску. Сваіх высноваў работнікі пракуратуры яшчэ не зрабілі.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0