Дырэктар рэспубліканскага каардынацыйна-метадычнага цэнтра развіцця моў, доктар філалагічных навук Ербол Тлешаў прадставіў новы варыянт казахскага алфавіту, паведамляе Tengrinews.kz.

Адзін з удзельнікаў рабочай групы па пераходзе на лацінку прадставіў варыянт новага алфавіту на парламенцкіх слуханнях у мажылісе.

«Прыняцце новага пісьма зусім не азначае змену адных знакаў іншымі. Гэта выпраўленне недахопаў, якія тычацца правапісу, дапушчаных у папярэдніх варыянтах алфавіту. У сувязі з гэтым, на наш погляд, са стварэннем алфавіту і яго укараненнем таксама неабходна прыняцце новых правілаў арфаграфіі. У прапанаваным варыянце ўзятыя толькі спрадвечныя знакі лацінскага алфавіту», - адзначыў філолаг.

У новым варыянце — 25 літар.

Пра пераход на лацінку з 2025 года прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў казаў у сваім пасланні народу краіны яшчэ ў 2012 годзе. А ўвесну кіраўнік дзяржавы даручыў да канца года з дапамогай навукоўцаў і шырокай грамадскасці прыняць адзіны стандартны варыянт казахскага алфавіту ў новай графіцы.

Упершыню лацінская графіка для казахскай мовы (дагэтуль ужывалася арабска-персідская) была ўведзеная ў 1928 годзе і ўжывалася да 1940 года. Затым была ўведзена кірыліца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0