Карыстальнік фэйсбука Алесь Меліхавец звярнуў увагу, што на фэсце «Мінск старажытны», які праходзіў 9-10 верасня ў рамках Дня горада, быў змешчаны білборд з чалавекам у форме вайскоўца часоў Расійскай імперыі. Да здымка змяшчаўся подпіс «Путь к незавісімості».

Банер змешчаны намаганнямі МТІС (Мінскія телевізійныя інфармацыйныя сеткі). Меліхавец, а следам і многія іншыя, палічылі, што на білбордзе выява віленскага губернатара Міхаіла Мураўёва-вешальніка. Таго самага, хто задушыў паўстанне 1863-1864 пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

«Шлях да незалежнасці» у МТІС і іншых […] атаясамліваецца з чалавекам, падобным да графа Мураўёва, які вешаў удзельнікаў паўстання за незалежнасць. Яшчэ ў тым наборы ёсць кабетка з губернскага горада Расійскай імперыі, салдат расійскай арміі (з тых, «на чыіх штыках» тут імперскі парадак трымаўся), хто-небудзь з воінаў у шкурах (ок, дапусцім), нейкі зноў-такі імперскага выгляду мешчанін. І ўсё гэта шыла за наш кошт здымалася, прыдумлялася, друкавалася і на Дні горада вывешвалася», — напісаў Меліхавец.

«Канечне, гэта не Мураўёў-вешальнік! — на чысцюткай беларускай мове адказвае генеральны прадзюсар МТІС Аляксей Гурскі. — Гэта зборны вобраз афіцэра Мінскага пяхотнага палка ўзору 1812 года. Была такая старонка ў нашай гісторыі. Вас засмучае герб Расійскай імперыі на ягонай форме? На гэтай жа выставе была выява і афіцэра 22-ага пяхотнага палка ВКЛ, які ваяваў на баку Напалеона. Беларусы ў вайну 1812 года былі па абодва бакі. Гэтага ніяк не выкінеш».

Аляксей Гурскі патлумачыў, што акцыяй «Шлях да незалежнасці» адлюстроўвалася тысячагадовая гісторыя Беларусі. «Былі самыя розныя выявы. Ад ВКЛ да Другой сусветнай вайны», — кажа ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?