Грамадства6464

Метадыстка Цэнтра дадатковай адукацыі: Мяне прымусілі звольніцца за бел-чырвона-белы сцяг у сацсетках

Чытачка «Нашай Нівы» распавяла прыкрую сітуацыю, што тыдзень таму адбылася ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Мінска. Жанчына дагэтуль знаходзіцца ў прыгнечаным стане.

Ірына працавала ў гэтым цэнтры апошнія паўгода, але 4 верасня яе прымусілі ўзяць адпачынак за свой кошт, а пасля яго сканчэння адпраўляцца на ўсе чатыры бакі. Усё праз старонку ў сацыяльных сетках, дзе яна дазволіла сабе выкласці фота з бел-чырвона-белым сцягам і зрабіць рэпосты са старонак «Мая краіна Беларусь» ды «Стоп Лука».

«Дырэктар цэнтра сказала, што мной зацікавілася начальніца ўпраўлення спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна Людміла Барысенка. Я ўжо тады зразумела, што нешта не тое, бо ў раёне працуе амаль тысяча чалавек, і такая пільная ўвага да мяне выглядала даволі дзіўна. Літаральна праз дзень дырэктар мяне выклікае і кажа: «Як ты магла?» — прыгадвае Ірына. — Яна абурылася маімі старонкамі ў сацыяльных сетках, хоць у мяне там няма нічога забароненага. Так, ёсць фота, дзе я з бел-чырвона-белым сцягам, перапосты з беларускіх суполак. Пасля непрыемнай размовы дырэктар сказала мне ўзяць адпачынак за свой кошт, а 4 верасня я ўжо забірала свае дакументы».

Жанчына распавядае, што па дакументы яна зайшла з калегай, але дырэктарка захацела пагутарыць з ёй сам-насам.

«Яна давяла мяне да таго, што я хацела выклікаць «хуткую»! Стала мне казаць, які я дрэнны чалавек, што я зганьбіла краіну і прэзідэнта, які даў мне адукацыю. Я адказала, што адукацыю мне даў не прэзідэнт, што я яе атрымала сама. Але далей мне пачалі тлумачыць, што я мушу радавацца, бо «жыву пад мірным небам над галавой» і далей у тым жа духу, — кажа Ірына. — Дырэктар прыгадала мне і тое, што я ездзіла ва Украіну, маўляў: «Хочаш, каб як у тваіх хахлоў было?»

Цяпер Ірына атрымлівае ступень магістра ў беларускім ВНУ, вывучае паліталогію. Жанчына кажа, што падчас «прафілактычнай гутаркі» дырэктар цэнтра паабяцала ёй пагутарыць з «асобамі, якія выхоўваюць пакаленне, якое нікога ні ў што не ставіць» і запісала імя і прозвішча рэктара.

Ірына кажа, што яшчэ адной прычынай звальнення мог стаць іншы канфлікт з адміністрацыяй, які здарыўся ў Цэнтры перад гэтым.

«Ва ўстановах адукацыі напярэдадні новага навучальнага года ўсе кабінеты прыводзяць у парадак. У маім падпарадкаванні былі тры кабінеты. Адзін з іх быў зусім ніякі, і я папрасіла свайго мужа, які займаецца будаўніцтвам, дапамагчы з рамонтам. Ён цалкам перафарбаваў кабінет, давёў яго да ідэальнага стану. Аднак пасля гэтага ў яго з намеснікам дырэктара адбыўся непрыемны дыялог, — кажа жанчына. — Муж сказаў намесніцы дырэктара, што за такую працу па законе павінны даваць адгул. На што ў адказ яму прагучала: «А давайце не будзем пра закон». Ён прынцыповы чалавек, таму настойваў: «А давайце будзем». Намеснік развярнулася і сышла. Потым мне дырэктар яшчэ казала, які мой муж нягоднік, такі самы, як і я, бо абразіў бедную жанчыну. Я перапыталася: «А нічога, што мой муж цалкам зрабіў вам кабінет?» Адказ быў такі: «Нічога, гэта ён табе дапамагаў, гэта ўласная ініцыятыва». Карацей, зрабілі кабінет і засталіся вінаватымі».

Ірына кажа, што цяпер ёй цяжка маральна, паколькі давялося выслухаць на свой адрас і адрас блізкіх людзей шмат непрыемных рэчаў. Прычым, паводле слоў жанчыны, дырэктар цэнтра таксама тэлефанавала і выгаворвала брыдкасці яе свекрыві. Цяпер Ірына збіраецца працягваць адукацыю і адкрываць ІП, паколькі не бачыць магчымым працаваць далей у гэтай сістэме.

Тым часам дырэктар мінскага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Арт» Таццяна Бакуновіч адмаўляе, што прымусіла работніцу звольніцца.

«У нас не магло быць такой сітуацыі, — пракаментавала яна «НН». — Кожны чалавек мае права напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні».

Дырэктар цэнтра адмаўляе і тое, што праглядае старонкі сваіх супрацоўнікаў у сацыяльных сетках.

«Вы ў сваім розуме? Вы што такое гаворыце! Мне не да сацыяльных сетак, у мяне столькі працы, што я ні ў якія сацыяльныя сеткі не ўваходжу! Вазьміце праверце, калі вам так цікава. Мяне нідзе няма абсалютна, і я гэтага не раблю. Я што, з дубу звалілася? Пра што вы гаворыце? Мне 63 гады, я 20 гадоў працую тут дырэктарам!», — аргументавала Таццяна Бакуновіч.

Мы таксама запыталіся ў начальніка Упраўлення адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Людмілы Барысенкі, ці такая сітуацыя магла адбыцца і ці насамрэч сацыяльныя сеткі супрацоўнікаў сферы адукацыі праглядаюцца кіраўніцтвам. 

«Ніякіх каментароў я не даю, для гэтага неабходныя адпаведныя ўзгадненні. А, па-другое, першы раз ад вас чую пра гэтую сітуацыю. Гэта нешта накшталт выдумкі», — сказала нам Людміла Барысенка.

Каментары64

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны13

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны

Усе навіны →
Усе навіны

Латушка: У мяне ёсць асцярогі за жыццё Анжалікі Мельнікавай5

Як працуе Беларуская акадэмія: еўрапейская адукацыя на роднай мове6

На Байкале падлетак забіў нажом чатырох таварышаў на дні нараджэння і падпаліў дом

Спецпрадстаўнік Трампа адказаў Мядзведзеву: Заява не адпавядае статусу сусветнай дзяржавы5

Гурт «Дразды» аб'явіў пра развітальныя гастролі

Пятрухіну забаранялі весці стрым з канфэрэнцыі ў Варшаве. Ён супраціўляўся, а пасля стаў таемна запісваць аўдыя14

Мядзведзеў прыгразіў Трампу Трэцяй сусветнай вайной13

Рашэнне аб перадачы Германіяй Украіне ракет Taurus яшчэ не прынята1

Мерц чакае зацяжную вайну праз нежаданне Расіі весці перамовы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны13

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць