12.09.2017 / 12:05

Алесь Чайчыц: Як я праводзіў выбары ў Расеі 5

У Беларусі ўвайсці ў выбарчую камісію ці стаць назіральнікам на выбарах крайне складана. У Расіі гэта проста. Можна сказаць, што ў Беларусі ўлады ня хочуць, каб людзі бачылі падлік галасоў. А ў Расіі ўлады пакуль таго не баяцца. У нядзелю ў Расіі прайшлі муніцыпальныя выбары. Іх трохі нечаканым вынікам стала перамога апазыіцыі ў некаторых раёнах Масквы. Членам выбарчай камісіі на адным з участкаў быў беларус Алесь Чайчыц. Ён і апісвае, як гэта робіцца ў Расіі.

Уладзімір Пуцін галасуе на муніцыпальных выбарах у Маскве. Фота kremlin.ru.

У 2013 годзе, на хвалі пад’ёму грамадзянскай актыўнасьці пасьля пратэставых акцыяў на Балотнай плошчы, тысячы звычайных грамадзянаў Расеі запісаліся ў назіральнікі на выбарах і ў члены выбарчых камісіяў рознага ўзроўню. Адным з такіх людзей быў і я.

Я падаў анкету праз ужо ня памятаю якую незалежную назіральніцкую арганізацыю, якая аформіла мне накіраваньне ў склад участковай выбарчай камісіі. У выніку я атрымаў статус члена камісіі з правам вырашальнага голасу — то бок, паўнапраўнага члена выбарчай камісіі. Перад гэтым у мяне быў вопыт работы назіральнікам на выбарах (у тым ліку і на беларускіх прэзыдэнцкіх «выбарах» 2006 году). Але цяпер мой статус быў нашмат больш высокім, чым статус назіральніка. Назіральнік можа толькі назіраць і ня мае права нічога кранаць рукамі.

Я ж працаваў у камісіі нароўні з іншымі і лічыў галасы сваімі ўласнымі рукамі. Гэта нашмат цікавей.

Я абраў сабе ўчастак у маім родным раёне ў паўднёва-заходняй Маскве. Участак, як і большасьць зь іх, зьмяшчаецца ў звычайнай школе, а выбарчая камісія складаецца зь мясцовых настаўнікаў на чале з энэргічнай дасьведчанай настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства.

У складзе маёй камісіі мне давялося працаваць на выбарах мэра Масквы 2013 г. (дзе Аляксей Навальны склаў моцную канкурэнцыю афіцыйнаму кандыдату Сяргею Сабяніну), выбарах у Маскоўскую гарадзкую Думу 2014 г. і ў Дзяржаўную думу Расеі 2016 г. (пасьля якіх ані там, ані там не засталося ніводнага апазыцыянэра). Нарэшце,

у мінулую нядзелю я ўдзельнічаў у правядзеньні маскоўскіх муніціпальных выбараў, дзе ў некалькіх раёнах, у тым ліку маім, перамагла апазыцыя.

Што робіць выбарчая камісія?

Праца пачынаецца за тыдзень да дня галасаваньня. Разам зь перадпэнсійнага веку мужычком-настаўнікам ці то працы, ці то фізычнай культуры мы хадзілі па пад’ездах дамоў, прыпісаных да нашага ўчастку, і расклейвалі абвесткі з інфармацыяй пра выбары і пра тое, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак.

У дзень перад галасаваньнем камісія займаецца арганізацыяй участка — разьвешвае інфармацыю, зьбірае скрынкі і кабіны для галасаваньня, расстаўляе мэблю ў памяшканьні.

Нарэшце, у сам дзень выбараў мы прыходзім на ўчастак у сем — сем-трыццаць, а восьмай гадзіне раніцы ўчастак адчыняецца і пачынаецца галасаваньне. Першая хваля галасуючых прыходзіць ужо ў першую гадзіну.

На нашым участку было некалькі шматкватэрных дамоў, і сьпіс выбарцаў — усяго каля дзьвюх тысячаў чалавек — быў разьбіты па дамах. На кожны дом — адна вялікая амбарная кніга.

Кніга, якой апекаваўся я, уключала некалькі соцень чалавек. Мая праца была ў тым, каб у выбарца, прапісанага ў доме з маёй кнігі, правяраць пашпарт і прапіску, запісваць дадзеныя і ўзамен на подпіс аддаваць яму бюлетэнь.

Сядзець за кнігай — вельмі цікавы вопыт. За дзень паўзь цябе праходзяць дзясяткі ці нават сотні людзей: кожны індывідуальны, нарадзіўся ў розных месцах (гэтым разам была таксама адна бабуля, што нарадзілася ў Магілёве).

Розныя нацыянальнасьці — расейцы, габрэі, каўказцы, украінцы. Розны сацыяльны статус — ад самотных старых да добрапарадачных бюргераў у дарагой вопратцы. Бярэш у рукі кожны пашпарт — і кожны пашпарт індывідуальны, як чалавек: пацёрты й паўразвалены, ці ў акуратнай прыемна пахнучай парфумай скураной вокладцы, ці ў таннай плястыкавай вокладцы з гербам СССР; ці зусім сьвежа выдадзены, ці стары, пяшчотна захаваны.

Галасуе ўся мясцовая супольнасьць. На ўчастак прыходзяць былыя вучні гэтай школы, часам з уласнымі дзецьмі, і потым па 15 хвілін дзеляцца з настаўнікамі ўспамінамі і распавядаюць пра сваё цяперашняе жыцьцё.

Бывае, прыходзяць зусім старыя людзі і пачынаюць скардзіцца ці то на кватэрных махляроў, ці то на сацыяльныя службы, не разумеючы, што перад імі не прадстаўнікі дзяржавы, а проста часова сфарміраваная выбарчая камісія зь людзей, якія ім з іхнымі праблемамі дапамагчы ня могуць.

Цікавы і незвычайны сацыяльны досьвед — хаджэньне зь пераноснай скрыняй па кватэрах, дзе людзі, каму ўзрост і стан здароўя ўжо не дазваляюць хадзіць галасаваць, падалі заяўкі, каб члены камісіі прыйшлі да іх са скрыняй.

Звычайна такіх «надомнікаў» было чалавек дзесяць-пятнаццаць. У складзе невялічкай каманды за дзень ты наведваеш некалькі кватэраў абсалютна розных, незнаёмых табе людзей, бачыш, як яны жывуць, быццам пагружаесься ў іхны сьвет, побыт, у іхнае жыцьцё — часам вельмі няпростае.

А восьмай гадзіне вечара ўчастак зачыняецца, унутры застаемся толькі мы, пара паліцыянтаў і назіральнікі. Пачынаецца падлік галасоў.

Спачатку лічым па адзнаках у кнігах, колькі людзей прагаласавала. Лічым, колькі засталося нявыкарыстаных бюлетэняў, гасім іх.

Потым, уласна, пераходзім да падліку бюлетэняў у скрынях: колькі іх усяго, колькі сапсаваных, колькі за кожнага кандыдата. Калі выбіраць трэба аднаго кандыдата ці адну партыю, бюлетэні раскладваем стопкамі. Калі выбіраць трэба некалькіх кандыдатаў на адным бюлетэню, як на муніцыпальных выбарах, працэдура нагадвае гульню ў Bingo. Адзін член камісіі зачытвае вынікі па кожным бюлетэню, а іншыя, каму перад гэтым раздалі таблічкі-«шахматкі» па адпаведных кандыдатах, закрэсьліваюць лічбы, колькі разоў прагучала імя «іхнага» кандыдата.

Назіральнікі і члены камісіі з правам дарадчага голасу (гэткі фармат «прывілеяванага назіральніка») у нас маглі спакойна назіраць за ўсім працэсам проста з-за сьпінаў членаў камісіі, за 1—2 мэтры ад стала з вываленымі на яго бюлетэнямі. Ня тое, што ў Менску ў 2006 годзе, дзе нас, назіральнікаў пасадзілі за мэтраў дзесяць, і пракантраляваць мы, канечне ж, нічога не маглі.

Вынікі падсумоўваюцца ў пратаколе. Калі штось не супадае, ідзе перападлік.

Сваю кар’еру я пачынаў у аўдыце, і з таго часу мне добра знаёмы гэты маленькі аўдытарска-бухгалтарскі аргазм: лічбы, нарэшце, сходзяцца, нараджаецца пачуцьцё адноўленай ўсясьветнай гармоніі і добра зробленай карыснай працы. Амінь.

Выніковы пратакол завяраецца подпісамі і адвозіцца ў тэрытарыяльную камісію. Зранку варта праверыць на сайце, ці інфармацыя па нашым участку адпавядае таму, што напісана ў заверанай копіі пратаколу, якую я сабе папрасіў зрабіць. Усім дзякуй, усе свабодныя.

Парушэньні

Вы спытаецеся, а як жа ўкіды й карусэлі? Фальсыфікацыя пратаколаў і выдаленьне назіральнікаў? Нічога гэтага на маім участку не было. Не было вялікага датэрміновага галасаваньня, не было падазроных чэргаў чарнарабочых.

Канечне, увесь час адчувалася невялічкае напружаньне паміж мною і іншымі членамі камісіі: я, начытаўшыся пра фальсыфікацыі, чакаў падвоху ад іх, а яны, наслухаўшыся пра скандалістаў-назіральнікаў, чакалі падвоху ад мяне. Але канфлікту так і ня здарылася.

То бок, парушэньні былі. Але адным з самых страшных было, напрыклад, тое, што члены камісіі, каб сэканоміць час, загадзя падлічвалі тых, хто ўжо прагаласаваў, і алоўкам у пустым полі ставілі папярэднюю лічбу. Лютыя праваабаронцы крычаць за бедных настаўнікоў ужо й за гэта, але я не крычаў. Бо да трэціх выбараў мая ўвага канчаткова затупілася ад адчуваньня, што адзінае, чаго хочуць удзельнікі камісіі — гэта зрабіць працу і хутчэй пайсьці дадому.

Галасы лічыліся сумленна, я лічыў іх сваімі рукамі і бачыў на свае вочы, як іх лічуць іншыя. Але й вынікі па нашым участку былі не зусім такімі, як у сярэднім па краіне: апазыцыйныя кандыдаты звычайна атрымлівалі ў нас больш галасоў, чым у сярэднім па краіне і па Маскве. Па выніках сёлетніх выбараў у маскоўскія муніцыпальныя рады, у маім раёне апазыцыя атрымала большасьць.

Гэта не азначае, што выбары ў Расеі праходзяць сумленна й дэмакратычна. Проста дзень галасаваньня - гэта яшчэ ня ўсе выбары.

Сыстэма хітрая: улады робяць стаўку на тое, каб абмежаваць магчымасьці апазыцыі агітаваць перад выбарамі, каб мабілізаваць свой электарат і дэмабілізаваць электарат пратэстны, або проста каб не дапусьціць апазыцыю да ўдзела ў выбарах.

Дзень галасаваньня ў апошнія гады прызначаецца на першыя выходныя верасьня — каб перадвыбарчая кампанія выпала на лета, калі выбарцы на вакацыях і апазыцыі цяжка рабіць эфэктыўную агітацыйную кампанію. Па ўсіх выбарах відно, што сярод выбарцаў шмат людзей сталага веку і што сярод іх перад выбарамі правялі тлумачальную працу сацыяльныя работнікі. Некаторыя старыя прыходзяць на ўчастак з паперкай, дзе кімсь запісаныя імёны тых, за каго трэба галасаваць. Але ў дзень галасаваньня мы зрабіць ужо нічога ня можам.

Нарэшце, на агульнанацыянальных выбарах не абавязкова фальсыфікаваць галасаваньне паўсюдна, і асабліва ў вольнадумных і перапоўненых актывістамі й назіральнікамі Маскве й Пэтэрбургу. Замест гэтага можна сфальсыфікаваць у якіхсь таталітарных каўкаскіх рэспубліках ці ў войску, і гэтым перакрыць галасаваньне ў сталіцы.

А мо справа й была ў тым, што сама мая прысутнасьць не дала заняцца фальсыфікацыямі. З выбарамі, назіраньнем за імі, удзеле ў іх правядзеньні, самае важнае — не выкрыць злачынствы, а не дапусьціць іх.

Алесь Чайчыц

1
Галина Большакова / Адказаць
12.09.2017 / 12:36
Если захочыць вяликая РасиЯ,, будзеце баяцца.
0
Беларус / Адказаць
12.09.2017 / 13:47
У расеі добрая частка так ці інакш падтрымлівае існуючы шлях, у той момант як у нас адпусьціш гайкі і мноства прагаласуе сапраць дзейнай улады.
4
Пэтэрбургу / Адказаць
12.09.2017 / 15:58
а гэта дзе ?
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру