Большасць амерыканскіх дзяцей вучыцца ў публічных (дзяржаўных) школах. Навучанне ў іх бясплатнае. Асноўнае фінансаванне ідзе з мясцовых бюджэтаў і бюджэту штата, бо па канстытуцыі ЗША арганізацыя адукацыя з'яўляецца прэрагатывай штатаў, а не цэнтральнага ўрада.

Ёсць таксама прыватныя і рэлігійныя школы, у якіх навучанне платнае.

Як правіла, у пачатковай школе (elementary) вучацца 5—6 гадоў, у сярэдняй (middle) 2—3 гады і ў вышэйшай школе (high school) 4 гады. У залежнасці ад штата і акругі могуць быць розныя варыянты, але ў цэлым класічная схема навучання ў амерыканскай школе складаецца з 12 класаў.

Таксама дазволены варыянт хатняга навучання (home school), калі дзеці вучацца дома і сустракаюцца з настаўнікамі па меры неабходнасці, як правіла 1—2 разы на тыдзень, альбо вучацца анлайн.

Гэта значыць, варыянтаў шмат, але ўсе яны грунтуюцца на прынцыпе абавязковай школьнай адукацыі на бясплатнай аснове для ўсіх дзяцей. Калі бацькі могуць і хочуць плаціць за прыватныя школы, то гэта іх поўнае права.

Далей аб асабістым досведзе на прыкладзе школ горада Ірвайн у Каліфорніі. Як я сказаў вышэй, фінансаванне школ у большай частцы ляжыць на плячах мясцовых бюджэтаў. Адпаведна, чым больш грошай у гэтых бюджэтах, тым больш сродкаў вылучаецца на школы.

У нашым горадзе бюджэт вельмі вялікі, бо шмат паспяховых бізнэсаў і высокія даходы жыхароў. І адна з галоўных прычын, чаму людзі пераязджаюць жыць у Ірвайн, — гэта вельмі добрыя школы.

Каб быць прынятым у школу, вучань павінен пражываць на тэрыторыі, якая адносіцца да дадзенай школы. Цэны на нерухомасць і арэнду жылля ў раёнах вакол добрых школ значна вышэйшыя, чым у іншых раёнах.

Што адразу кідаецца ў вочы, дык гэта тое, што ўсе школы, нават elementary (пачатковыя) маюць велічэзныя стадыёны. Але, вядома, самыя вялікія стадыёны знаходзяцца на тэрыторыі high schools — школ, дзе вучацца з 9 па 12 класы.

Пра сярэднія школы (middle school)

У middle school у нашым горадзе вучні (іх тут называюць students) вучацца два гады — 7 і 8 класы. Тут няма панятка «клас» як нейкай групы школьнікаў, якія маюць адзін расклад на ўсіх і класнага кіраўніка. У кожнага вучня свой індывідуальны расклад. Заняткі для ўсіх вучняў пачынаюцца і заканчваюцца ў адзін і тое ж час.

Калі студэнт з'яўляецца здольным і гатовы вучыцца больш, то, яшчэ займаючыся ў сярэдняй школе, ён можа пачаць браць класы з курсу high school.

Адзін дзень на тыдзень заняткі пачынаюцца на адну гадзіну пазней, як правіла ў сераду, каб школьнікі маглі паспаць на гадзіну больш. У сярэдніх школах навучальны дзень доўжыцца з 8.30 раніцы да 3 гадзін дня. Фізкультура з'яўляецца абавязковым урокам і праходзіць кожны дзень.

Спазняцца ці прапускаць заняткі нельга. Вучань, які спазніўся або прагуляў заняткі, можа быць пакараны тым, што мусіць затрымацца ў школе пасля ўрокаў, будзе пазбаўлены права выбару ланча (будзе есці асноўнае меню), або прыходам у школу ў выходны дзень на некалькі гадзін.

Пра high school (9—12 класы)

У high school расклад заняткаў і складанасць прадметаў вызначаецца строга індывідуальна для кожнага студэнта. Вучоба пачынаецца ў 7.30 раніцы і працягваецца да гадзіны дня, затым перапынак на ланч, потым яшчэ фізкультура.

З самага пачатку навучання ў high school найбольш разумныя і старанныя вучні пачынаюць браць АР (advanced placement) — прадметы павышанага ўзроўню. Калі школьнік не браў такіх прадметаў, то шанцы паступіць у топавы ўніверсітэт у яго застаюцца толькі калі ён футбаліст або баскетбаліст высокага ўзроўню.

Таксама студэнты ўдзельнічаюць у розных клубах, секцыях, гуртках і іншых пазашкольных відах дзейнасці. Клубаў і спартыўных секцый на любы густ ад ракетабудаўнікоў і фізікаў да тэніса і футбола. І абавязковая грамадская праца (community service).

Калі ў школе студэнты не займаліся дадатковымі грамадска карыснымі справамі і не працавалі бясплатна на сваё кам'юніці, то іх шанцы на добры каледж памяншаюцца.

Усе заняткі ў школе і падручнікі — бясплатныя. Падручнікі, дарэчы, як школьныя, так і для каледжа, вельмі дарагія. Некалькі гадоў таму быў невялікі скандал, калі хтосьці напісаў у пракуратару, што школы акругі бяруць аплату за карыстанне камп'ютарнымі класамі (15 даляраў у год), пасля гэтага школьная акруга неадкладна адмяніла ўсялякія абавязковыя аплаты.

Трапіць на працу настаўнікам у школы Ірвайна вельмі складана. Любая вакансія шырока аб'яўляецца і на яе прэтэндуе вельмі шмат ахвотных. Нядаўна на вакансію выкладчыка Humanities (гуманітарных дысцыплін) было пададзена больш за дзве тысячы заявак. Выбралі настаўніцу са стажам, выдатнымі рэкамендацыямі і адукацыяй, атрыманай у Columbia University. Зарплата на гэтай пазіцыі прыкладна 85 тыс. даляраў.

Наогул, зарплаты ўсіх гарадскіх службоўцаў, уключаючы менеджара горада, мэра, паліцэйскіх, дырэктараў школ, знаходзяцца ў вольным доступе ў інтэрнэце.

Працэнт паступлення ў добрыя ўніверсітэты вельмі высокі, асабліва з University High School (UNI), што цалкам зразумела, бо школа знаходзіцца ў лідарах па якасці навучання ў ЗША.

Зрэшты, часам бываюць розныя неспадзяванкі: некалькі гадоў таму з гэтай школы ў Harvard было прынята 5 чалавек, а прынялі запрашэнне і пайшлі туды вучыцца толькі двое. Афіцыйна, вядома, гэта не пацверджана, але з тых часоў Harvard рэзка знізіў прапанову стаць іх студэнтам для выпускнікоў UNI.

Іншы цікавы момант: у University High School ёсць спецыяльныя класы для глухіх дзяцей або са слабым слыхам. Гэтыя дзеці прыязджаюць у школу або іх прывозяць на спецыяльных школьных аўтобусах не толькі з нашага горада, але і з найбліжэйшых гарадоў. Натуральна, што ўсе будынкі і класы ў школе абсталяваныя так, каб туды маглі лёгка трапляць людзі на інвалідных вазках.

Вядома, далёка не ўсе школы ў Амерыцы валодаюць такімі магчымасцямі па навучанні, як школы нашага горада. Чым бяднейшы раён і менш грошай у мясцовых бюджэтах, тым горш фінансаванне школ і, адпаведна, якасць навучання. Калі паглядзець на краінавыя рэйтынгі па якасці школьнай адукацыі, то ЗША не знаходзяцца ў сусветных лідарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?