Небывала гарачае для беларускага верасня надвор'е прывяло да падзення 111-гадовага тэмпературнага рэкорда гэтага месяца.

Як паведамілі БелаПАН у Рэспубліканскім гідраметэацэнтры, 7 верасня ў Лельчыцах (Гомельская вобласць) слупок тэрмометра ўзняўся да адзнакі +33,5 градуса. Ранейшы вераснёўскі рэкорд быў роўны 32,9 градуса (1897 год, Калінкавічы, Гомельская вобласць),
ранейшы рэкорд для 7 верасня складаў 30,0 (1951 год, Брэст).

У нядзелю абнавіліся тэмпературныя максімумы дня ў Мінску і чатырох абласных цэнтрах. У сталіцы паветра прагрэлася да 29,3 градуса цяпла (ранейшы рэкорд — 27,7 градуса ў 1951 годзе), у Віцебску — да 30,1 (26,9 у 1938 годзе), у Магілёве — да 30,2 (29,3 у 1954 годзе), у Гомелі — да 31,4 (29,6 у 1946 годзе), у Брэсце — да 31,5 (30,0 у 1951 годзе). У Гродне да паўтарэння рэкорда (29,5 градуса ў 1951 годзе) не хапіла 0,5 градуса.

Напярэдадні, 6 верасня, новыя абсалютныя максімумы былі адзначаны ў Брэсце — 30,6 (30,3 у 1954 году) і Гомелі — таксама 30,6 (29,1 у 1954 годзе). Цяплей за ўсё было ў Лельчыцах (32,5). Гэта новы рэкорд дня для ўсёй краіны. Ранейшы таксама фіксаваўся ў гэтым раённым цэнтры (30,7 у 1984 годзе).

У дзённыя гадзіны 8 верасня пераважна па паўднёва-ўсходняй палове Беларусі тэмпература паветра павысіцца да +30—32°С. У аўторак, 9 верасня, на большай частцы тэрыторыі пахаладае да +14—20°С, на поўдні — да +22°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?