13.09.2017 / 06:18

Вынікі прэзентацыі Apple: гадзіннікі Apple Watch выйшлі на першае месца, апярэдзіўшы Rolex, а iPhone цяпер распазнае твар 8

12 верасня адбылася адна з самых чаканых прэзентацый 2017 года. Хоць яна не была рэкорднай для Apple па колькасці прэзентаваных дэвайсаў, новыя Apple Watch Series 3, Apple TV 4K і шалёна дарагі iPhone X стануць шмат для каго аб'ектам мараў як мінімум да наступнай прэзентацыі. 

Мерапрыемства праходзіла ў новапабудаваным Тэатры Стыва Джобса, што размешчаны на тэрыторыі інавацыйнага кампуса Apple Park у Каліфорніі. Аповеду пра яго былі прысвечаныя першыя хвіліны мерапрыемства. Уражвае тое, што ўвесь гіганцкі комплекс на 100% сілкуецца сонечнымі батарэямі на даху.

Apple Watch Series 3

Галоўнае новаўвядзенне ў Apple Watch Series 3 — гэта ўбудаваны LTE-модуль, з якім гадзіннік становіцца незалежным ад тэлефона.

Для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльная сім-карта, якая ўжо ёсць унутры разумнага дэвайса. Гэта значыць, што купляць гадзіннік прыйдзецца прывязаным да пэўнага мабільнага аператара з ліку тых, з кім Apple падпіша дамову аб супрацоўніцтве.

Унутры Apple Watch Series 3 усталяваны 2-ядзерны працэсар, бесправадны чыпсэт W2 і вышынямер. Дарэчы, у якасці антэны выступае экран і бакавыя грані гадзінніка.

Цікавай навіной стала тое, што разумны гадзіннік ад Apple стаў самым папулярным у свеце, абагнаўшы нават такія брэнды звычайных гадзіннікаў, як Rolex, Fossil і Omega.

Apple TV 4K

У новай тэлевізійнай прыстаўцы ад Apple рэалізаваныя дзве тэхналогіі, без якіх немагчыма ўявіць самы сучасны тэлевізар: падтрымка ўльтравысокага разрознення 4K і каляровага дыяпазону HDR. Адпаведна, малюнак стане яшчэ больш рэзкім, глыбокім і рэалістычным. Апаратная ж частка прыстаўкі — працэсар A10X, той жа, што і ў iPad Pro.

Фільмы ў 4K HDR будуць даступныя ў iTunes па той жа цане, што і HD, прычым да раней набытых HD-фільмаў можна атрымаць версіі ў 4K HDR бясплатна. 

iPhone 8 ды iPhone 8 Plus

Дызайн у дакладнасці паўтарае дызайн папярэдняга пакалення, але задняя панэль цяпер шкляная (прывітанне iPhone 4). Apple заяўляе, што выкарыстоўваецца самае трывалае ў свеце шкло, але якое яно насамрэч — стане вядома пасля першых продажаў, якія стартуюць 22 верасня.

Дыяганалі экранаў засталіся такімі ж, як у папярэдніх мадэляў: 4,7 цалі у iPhone 8 і 5,5 цалі у iPhone 8 Plus. Галоўная ж інавацыя — гэта 6-ядзерны працэсар A11 Bionic. Акрамя 4,3 мільярда транзістараў (удумайцеся ў гэтую лічбу!), у яго склад уваходзіць упершыню распрацаваны ўласна Apple графічны чып (раней выкарыстоўваліся чыпы старонніх распрацоўшчыкаў), які падтрымлівае метады машыннага навучання. 

iPhone 8 мае 12-мегапіксельную камеру з аптычнай стабілізацыяй, а iPhone 8 Plus — дзве 12-мегапіксельныяі камеры.

Дзякуючы A11 Bionic камеры абедзвюх мадэляў могуць хутка і дакладна факусавацца нават ва ўмовах недастатковага асвятлення. Пры здымцы партрэтаў цяпер можна змяняць асвятленне ў рэальным часе на аснове карты глыбіні, імітуючы рознанакіраваныя крыніцы святла.

Гэтыя прылады больш лагічна было б назваць iPhone 7s iPhone 7s Plus, бо яны, па сутнасці, уяўляюць сабой мадэрнізаваныя версіі айфонаў сёмага пакалення. Пра іх на прэзентацыі расказвалі вельмі хутка, не робячы вялікіх перапынкаў для апладысментаў. Таму вельмі адчувалася, што далей гледачоў чакае нешта сапраўды вялікае і грандыёзнае. І гэта адбылося.

iPhone X («дзесяць»)

Вонкавы выгляд гэтага смартфона быў вядомы на працягу ўжо некалькіх месяцаў. Загадкай стала тое, што яму прысвоілі дзясяты нумар, пераскочыўшы праз 9. Напэўна, гэта адбылося праз дзясятыя ўгодкі, якія сёлета святкуе iPhone. 

«Як і самы першы айфон, «дзясятка» заклікана вызначыць курс развіцця смартфонаў на наступнае дзесяцігоддзе», — адзначыў прадстаўнік кампаніі.

Гэта першы iPhone з OLED-экранам. З разрозненнем 2436x1125 пунктаў і шчыльнасцю пікселяў 458 ppi, ён абсалютна не мае рамак.

Вядома ж, давялося адмовіцца ад гістарычнай кнопкі «Home» і прыдумаць новы спосаб кіравання тэлефонам.

Каб пачаць карыстацца iPhone X, досыць дакрануцца да дысплэя. Свайп знізу ўверх дазволіць вярнуцца на хатні экран. Той жа жэст, але з затрымкай пальца адкрывае дыспетчар запушчаных дадаткаў. Можа падацца складаным, але, напэўна, гэта справа звычкі.

На змену функцыі распазнання адбіткаў пальцаў Touch ID прыйшла сістэма распазнання твару Face ID.

Дастаткова паглядзець на iPhone X, і ён тут жа разблакуецца. За такім простым дзеяннем стаіць даволі складаная тэхналогія TrueDepth Camera System. Для паспяховай імгненнай працы гэтай функцыі ўнутры працэсара А11 існуе яшчэ адзін двухядзерны працэсар. Сістэма здольная аўтаматычна сачыць за паступовым змяненнем вашага твару (калі вы вырашылі, напрыклад, адпусціць бараду), або пазнаць вас нават пры раптоўнай змене прычоскі. 

Apple сцвярджае, што iPhone X немагчыма падмануць ні фатаграфіяй, ні нават аб'ёмнай маскай, а імавернасць узлому Face ID роўная 1:1 000 000, у той час як Touch ID — 1:50 000. 

AirPower: бяздротавая зарадка

Спазніўшыся на некалькі год, Apple нарэшце прэзентавала бяздротавую зарадную прыладу з прыемным бонусам: зараджаць можна адначасова некалькі прыладаў.

Кошт iPhone 8 у ЗША пачынаецца ад 699 даляраў, а цэны на iPhone X стартуюць з $999! А вось прадстаўлены ў сакавіку 2016 года iPhone SE цяпер стаў адным з самых даступных смартфонаў на рынку якасных дэвайсаў: у ЗША яго можна набыць за 349 даляраў.

Ілья Параскевіч

10
Купляйце / Адказаць
13.09.2017 / 07:20
Купляйце больш лайна
1
кузяпанк / Адказаць
13.09.2017 / 09:49
ну как бы плевать...
2
Казік / Адказаць
13.09.2017 / 10:20
Купляйце, знайшоу дзе самсунг рэкламаваць
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру