13.09.2017 / 16:34

Барышнікава супраць Анісім. Мінгандлю хоча знішчыць беларускую мову ў бізнэсе? 109

У аўторак, 12 верасня, прайшло пасяджэнне працоўнай групы, якая рыхтуе папраўкі ў Закон аб правах спажыўцоў да другога чытання. Падчас яго ўзнікла палеміка наконт унясення зменаў у фармулёўку пра выкарыстанне дзяржаўных моў на ўпакоўках. Пакуль канчатковае рашэнне не прынятае, але Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) настойвае на варыянце, які чыніць перашкоды ў выкарыстанні беларускай мовы ў бізнэсе.

Ірына Барышнікава, Алена Анісім. Фота belta.by, svaboda.org.

Пазіцыю МАРГа выразна акрэсліла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Ірына Барышнікава. Яна і раней актыўна прасоўвала ідэю пакінуць фармулёўку «на беларускай або рускай мовах».

Чыноўніца Ірына Барышнікава прапануе пісаць на таварах інфармацыю па-беларуску АБО па-руску. Гэта прывядзе да ліквідацыі беларускай мовы на таварах.

«Маўляў, што абавязвае Мытны кодэкс, што гэта замінае выходзіць на расійскі рынак, на рынак ЕАЭС…, — каментуе Алена Анісім. — Я тлумачу, што калі мы дадаём «і», то гэта нічому не супярэчыць. Прапісана, што павінна выкарыстоўвацца руская мова і іншая дзяржаўная мова краіны, калі гэта не супярэчыць дзяржаўнаму заканадаўству. Такім чынам, ніякіх аргументаў у іх няма. Пры гэтым яны ўчора заявілі, што ў гэтым пытанні трэба раіцца з юрыстамі. Я кажу: «Прабачце, а вы што, не юрысты? Юрысты. У нас дзейнічае Закон аб мовах з фармулёўкай «і (або)» ужо больш за 20 гадоў. Якія яшчэ дадатковыя кансультацыі?» Я прама сказала, што гэта не прававая пазіцыя, а суб’ектыўная. Прычым яна абмяжоўвае права вытворцаў на выкарыстанне дзяржаўных моў».

Спадарыня Алена дадае, што фармулёўка, за захаванне якой яна цяпер выступае, не ідэальная, паколькі выкарыстанне беларускай мовы мусіць быць абавязковым.

«Вось у гэтым наша задача, бо цяпер мы бачым прамое ігнараванне беларускімі вытворцамі беларускай мовы нават на тэрыторыі Беларусі. Мы хочам змяніць гэтую сітуацыю, таму ідзём на кампраміс. Няхай будзе «і (або)», але ва ўсякім разе гэта паспрыяе таму, што многія вытворцы, многія бізнэсоўцы будуць мець права законна карыстацца абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Наша задача не супрацьпастаўляць, а знаходзіць больш прымальныя формы выкарыстання беларускай мовы і ўводзіць гэта ў заканадаўства. Давайце карыстацца абедзвюма мовамі, а не абмяжоўваць права беларускай, — даводзіць Алена Анісім. — Як правіла, бізнэсоўцы ў спадзяванні выйсці на рынак Расіі ці на рынак ЕАЭС абіраюць рускую мову, бо яны мяркуюць, што гэта ім дапаможа. А пра тое, што яны ігнаруюць правы спажыўцоў унутры Беларусі, мала хто думае».

Дэпутат тлумачыць, што цяпер яе задача — прыцягнуць увагу да гэтага пытання і зрабіць усё, што магчыма, каб забяспечыць правы беларускамоўных спажыўцоў.

«Фармулёўка «на беларускай АБО рускай мовах» абавязвае вытворцаў выкарыстоўваць толькі адну мову. Менавіта абавязвае, а не дае права. Зважаючы на тое, што рускамоўная прастора сёння больш пашыраная, ёсць вялікая імавернасць таго, што вытворцы проста будуць вымушаныя абраць рускую мову. У такім выглядзе фармулёўка яшчэ больш пагражае знішчыць беларускамоўную прастору ў сферы бізнэсу і тым самым дыскрымінаваць беларускамоўных спажыўцоў», — падсумавала Алена Анісім.

Яна зазначыла, што многія дэпутаты падтрымліваюць яе пазіцыю ў дачыненні да дзяржаўнай беларускай мовы як у гэтым абмеркаванні, так і ў цэлым.

Чытайце таксама:

Ігар Случак: Анісім выступае заадно з Марзалюком замест таго, каб замацаваць выкарыстанне і беларускай, і рускай мовы на таварах

НР

10
ales' / Адказаць
13.09.2017 / 11:49
Барышнікава, як ты ў вочы свайму народу глядзець будзеш ? Не сорамна табе ?
8
Jorg / Адказаць
13.09.2017 / 11:53
 Барышнікава - geta ne naszyja ljudzi!
5
Алесь / Адказаць
13.09.2017 / 11:54
Яшчэ адзiн доказ што сучасная РБ не з яуляецца нацыянальнай дзяржавай для Беларусау а паукаленiяй Расеi.
Паказаць усе каментары/ 109 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру