19.09.2017 / 12:51

А давай будзем джэміцца: у Мінск прыедуць «Грыбы»

Самы сенсацыйны музычны праект апошніх гадоў «Грыбы» разгайдаюць Мінск 29 лістапада ў Палацы спорту. Гурт прэзентуе ў сталіцы свой новы альбом — «Дом на колах ч.2».

У 2016 годзе «Грыбы» ў прамым сэнсе слова раптам вылезлі з-пад зямлі. Спачатку па сацсетках разляцелася віруснае відэа пад песню «Інтра», у якім ананімныя хлопцы, якія чымсьці нагадваюць мульцяшных герояў Gorillaz, чыталі рэп і рытмічна рухаліся пад музыку з вінтажнага бумбокса. Песня разышлася на цытаты: «Мы тыпу грыбы, тыпу грыбы, паднялася вільгаць у клубе, і мы расцём».

«Грыбы» не даюць інтэрв'ю, не ўдзельнічаюць у фотасесіях і носяць балаклавы. На сённяшні дзень у калекцыі «Грыбоў» 4 кліпы. Амаль усе яны ўключаюць у сябе скетчы — кароткія камедыйныя сцэны. Апошняе відэа «Тает лёд» ужо набрала больш за 114 мільёнаў праглядаў і спарадзіла мноства пародый.

Поспех «Грыбаў» спарадзіў мноства разважанняў і філасофскіх сентэнцый ад музычных крытыкаў і культуролагаў, якія спрабуюць раскласці феномен на зразумелыя складнікі.

«Гэта такія сабе неагопнікі. Яны спяваюць на слэнгу, зразумелым абсалютна ўсім — як сучаснай моладзі, так і старэйшым людзям. Гэта песні спальных раёнаў гарадоў усіх краін СНД. Сучасная, актуальная і трэндавая музыка з налётам настальгіі».

«Грыбы» аказаліся практычна асуджаныя на камерцыйны поспех. Яны прыбралі з рускага рэпу ўсю яго напышлівасць і вялікую колькасць тэксту, зрабілі надзіва якасны прадакшн трэкаў, дадалі крыху гумару і псеўдааматарскі стыль пры стварэнні відэа.

Першы альбом калектыву «Дом на колах» афіцыйна прызнаны самым папулярным музычным запісам у гісторыі «Укантакце». У Мінску гурт прэзентуе другую частку аднайменнага альбома — «Дом на колах ч. 2».

Канцэрты «Грыбоў», па водгуках гледачоў, неверагодна моцныя па энергетыцы — сухімі з такіх шоу не выходзяць. «Кожная песня — гэта адзін суцэльны хук», — мабыць, дакладней пра выступ рэпераў і не скажаш.

Канцэрт гурта адбудзецца ў Палацы спорту 29 лістапада. Пачатак у 20.00. 16+

Кошты квіткоў: 65 рублёў (сектары), 55 рублёў — танцпляц. Квіткі з'явіліся ў продажы сёння.

Купіць квіткі можна на сайце арганізатараў мерапрыемства — канцэртнага агенцтва «Атам М» atomenter.by (без камісіі), на сайтах білетных аператараў, а таксама ў касах горада.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру