Зніклы ў Беларусі ўкраінец Павел Грыб, якога трымаюць у СІЗА ФСБ у Краснадары, арыштаваны да 17 кастрычніка, заявілі ў Кастрычніцкім раённым судзе горада. Пра гэта паведамляе ТАСС.

Паведамляецца, што суд вынес рашэнне аб арышце яшчэ 17 жніўня. «Мера стрымання — арышт на два месяцы [да 17 кастрычніка]», - паведамілі ў судзе.

Раней паведамлялася, што 11 верасня з затрыманым украінскім грамадзянінам сустрэўся ягоны адвакат Андрэй Сабінін. Ён паведаміў, што, па словах Грыба, яго выкралі ў канцы жніўня ў Гомелі і павезлі ў Смаленскую вобласць. Ужо на расійскай тэрыторыі быў аформлены пратакол затрымання. Па словах адваката, Грыбу ўжо прызначаліся абаронцы. Зараз Сабінін даследуе матэрыялы справы. Пацвердзіць інфармацыю ўкраінца пра яго выкраданне ён пакуль не можа. Юрыст дадаў, што матэрыялы справы засакрэчаныя, а сам ён даў падпіску пра неразгалошваньне.

Грамадзянін Украіны 19-гадовы Павел Грыб знік у Беларусі ў канцы жніўня. Аб знікненні заявіў яго бацька, член грамадскай рады дзяржаўнай памежнай службы Украіны Ігар Грыб. Паводле яго слоў, юнак адправіўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі, з якой раней перапісваўся, пасля чаго ён не вярнуўся. Ігар Грыб асабіста адправіўся ў Гомель і высветліў, што яго сын утрымліваецца ў СІЗА ФСБ у Краснадары, а ў Расіі аб'яўлены ў вышук.

Пра тое, што Павал Грыб сапраўды зняволены, дакладна стала вядома 8 верасня ад адваката Андрэя Сабініна. Паводле яго слоў, Грыбу было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0