У апошнія два дні з пэўным здзіўленнем даводзіцца назіраць, з якім захапленнем некаторыя каментатары прагнуць знайсці падабенства паміж беларусамі ды немцамі. Асабліва зацятыя з іх дадаткова, нават з некаторай асалодай падкрэсліваюць, што тыя падабенствы адносяцца толькі да ГДР. Хутчэй за ўсё, такое захапленне тэмай супольнага паміж Беларуссю і Германіяй прадыктавана падсвядомым жаданнем адмежаваць сябе ад тых краін, з якімі традыцыйна мы і самі асацыюем сябе і з якімі нас параўноўваюць замежнікі. І тут гаворка не столькі нават пра Украіну, колькі пра Расію.

Што да ГДР, то калі б хто-небудзь толькі капнуў глыбей, чым была тая Ўсходняя Германія, якая для савецкага беларуса была перадавой дзяржавай сацлагеру, то аджагнаўся б ад такіх параўнанняў.

Чаму ніколі не варта параўноўваць сучасную Беларусь і ГДР

ГДР была таталітарнай дзяржавай. У рэпрэсіўнасці дзяржаўнага апарату з ёй магла б паспрачацца толькі Румынія, і тое не ва ўсім. Поўны кантроль за якім-кольвек іншадумствам, абмежаванне перамяшчэнняў для сваіх грамадзянаў нават па ўласнай краіне, гандаль людзьмі, фінансаванне міжнароднага тэрарызму — гэта толькі некаторыя з гідлівых рэчаў, што характарызавалі ГДР.

Не выпадае параўнаць і Штазі з беларускім КДБ, нават калі вельмі карціць. Сурвэтніца з праслухоўкай, нават выкраданне з бальніцы адных кандыдатаў у прэзідэнты і спробы завербаваць іншых выглядаюць досыць млява на тле метадаў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ГДР.

Гаспадарча ГДР таксама выглядала досыць слаба. Ад 1970-га да 1989 краіна адзінаццаць раз знаходзілася на мяжы дэфолту. Можа, для тых нешматлікіх грамадзян СССР, што туды прыязджалі, у параўнанні з Савецкім Саюзам ГДР уяўлялася увасабленнем дабрабыту і парадку, але варта памятаць, што крыніцамі таго дабрабыту былі заўсёдныя вялікія субсідыі з боку Заходняй Германіі. Да таго ж, калі звярнуцца да гістарычных статыстык, то толькі ў 1985-м ГДР дасягнула ўзроўню даходаў усходніх правінцый ІІІ Рэйху з 1936-га.

Былая ўсходняя Нямеччына пасля 27 год дэмакратыі — усцяж дэпрэсіўны рэгіён аб’яднанай Германіі. Тут самае высокае беспрацоўе, ультраправыя партыі з поглядамі, блізкімі да фашысцкіх (Альтэрнатыва для Германіі), маюць нашмат большую падтрымку, чым на захадзе края. Калі б заходняя частка краіны не ўлівала шчодрай рукой шырокі струмень марак, а пасля еўра, а ўсходненямецкая дзяржава захавалася, яна б цалкам вылюднілася і наўрад ці выглядала лепей, чым сённяшняя Малдова. Дадаткова, уся палітычная вертыкаль ГДР была цалкам дэмантаваная і замененая на заходненямецкіх бюракратаў. Не хацелася б сурочыць для Беларусі такую перспектыву.

Дык у чым жа беларусы ўсё ж немцы?

Згодны, у беларусаў, нягледзячы на ўсе перыпетыі і страты ХХ-га стагоддзя, зусім адрозная ад сваіх суседзяў прававая культура. Права, дзяржаву збольшага шануюць, нават калі пагарджаюць асобнымі яе прадстаўнікамі. Трэба зазначыць, што, нягледзячы на аграрэнесансавую аўтакратыю, беларускі чыноўнік усё ж валодае пэўнай этыкай і здольны рэпрэзентаваць бюракратыю ў пазітыўным, вебераўскім, значэнні гэтага слова. У адрозненне ад сённяшняй Украіны, Беларусь у большай ступені з’яўляецца таксама прававой дзяржавай. Побытавая карупцыя такая ж невысокая, як у Польшчы, і тут зусім не выпадае параўноўваць нас з суседзямі на поўдні і на ўсходзе.

Закладзены такі стан рэчаў быў яшчэ ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Удзел шляхты ў насельніцтве Беларусі ў тыя часы быў на нашых землях нашмат вышэйшы, чым у Расіі, а таксама на тэрыторыі Украіны, а асаблівасці палітычнага ладу (шляхецкая дэмакратыя) вымагалі ад прадстаўнікоў шляхты спецыфічных дамоваў, кансенсусаў паміж сабой, што не магло не адбіцца на вялікім заангажаванні ўсіх, ад каго фармальна ці фактычна залежалі рашэнні ў падтрыманні парадку. Пазнейшая алігархізацыя і росквіт карупцыі ў Рэчы Паспалітай прывялі да яе заняпаду і падзелу паміж суседзямі, але варта памятаць, што на землях Беларусі літоўскі Статут часоў залатога веку Рэчы Паспалітай быў нормай права аж да 1840 года, калі Беларусь была ўжо трэцяе пакаленне ў складзе Расійскай Імперыі.

Нямецкая этыка збольшага вырастае з пратэстантызму, з часоў Рэфармацыі, Марціна Лютэра. Шанаванне парадку ў лакальных супольнасцях мае карэнне ў самакіраванні гарадоў, розных агранізацыях накшталт Ганзейскага саюза.

У негатыўным сэнсе пэўны беларускі страх перад дзяржавай быў збудаваны ў сталінскія часы, а ў Германіі — пасля аб’яднання пад эгідай найменш сацыяльна развітай яе часткі — Прусіі (якая была традыцыйна часткай усходнееўрапейскага гаспадарчага комплексу, што абапіраўся на фальваркі). Тут пры жаданні можна знайсці падабенства.

Ну, і яшчэ адно, што безумоўна нас лучыць з ГДР: ва Усходняй Германіі, відаць з-за жадання дзяржавы кантраляваць жыццё грамадзян напоўніцу, усеагульнымі ёсць перакананні ў бесперспектыўнасці жыцця, што і так будуць гарантаваныя табе партыяй, і традыцыйна высокія лічбы спажывання алкаголю і вялікая колькасць самагубстваў.

І ўсё ж, на заканчэнне хацелася б падкрэсліць: мы абсалютна розныя з немцамі, таксама як з палякамі, украінцамі, літоўцамі, і нашае адзінае супольнае — гэта тое, што мы ўсе еўрапейцы. І гэта самае важнае, што адрознівае нас ад той краіны, з якой нас традыцыйна параўноўваюць — ад Расіі.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?