13.09.2017 / 18:23

У Польшчы хочуць прымусова лячыць цяжарных жанчын, якія ўжываюць алкаголь

«Кожны законапраект такога роду выклікае сумневы», — так упаўнаважаны па правах чалавека ў Польшчы Адам Боднар пракаментаваў праект закона па барацьбе з праблемай ФАС (фетальны алкагольны сіндром, або алкагольны сіндром плода), паведамляе Радыё Польшча.

На мінулым тыдні щпаўнаважаны па правах дзіцяці Марэк Міхаляк звярнуўся да прэзідэнта Дуды з просьбай прыняць меры па абароне ненароджаных дзяцей ад наступстваў ужывання алкаголю іх маці. Згодна з прапанаваным законапраектам, па рашэнні суда цяжарная жанчына, якая ўжывае алкаголь, павінна быць накіраваная на прымусовае лячэнне.

«Гэта форма пазбаўлення асабістых свабодаў. Ці адэкватная гэтая мера той грамадскай праблеме, якую мы хочам вырашыць? Упаўнаважаны па правах дзіцяці сцвярджае, што прафілактычныя праграмы не прынеслі вынікаў, і таму трэба выкарыстоўваць больш моцныя сродкі. Аднак, ці сапраўды мы зрабілі ўсё, што маглі?» — сказаў Адам Боднар.

Адзначым, што, па словах упаўнаважанага па правах дзіцяці, штогод у Польшчы нараджаецца 9 тысяч дзяцей з ФАС.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру