Да 15 сутак адміністрацыйнага арышту пагражае сябру аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» з Магілёва Станіславу Паўлінковічу за ўдзел 8 верасьня ў акцыі папярэджаньня на Кастрычніцкай плошчы Менску, паведамляе Радыё Свабода. 

Актывіста вінавацяць у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Сёньня Ленінскі раённы суд Магілёва мае аднавіць разгляд адміністрацыйнай справы, распачатай Ленінскім райаддзелам міліцыі гораду. Працэс вядзе судзьдзя Аксана Ратнікава.

«Мяне спрабуюць выціснуць з краіны»

Паводле актывіста, нагодай для адміністрацыйнага перасьледу стаўся відэазапіс з сайту Радыё Свабода, на якім ён дае інтэрвію карэспандэнтцы, што вяла жывы эфір з акцыі пратэсту. У Менску Паўлінковіч пазьбег затрыманьня. Яго вывезьлі на машыне іншыя ўдзельнікі акцыі. Затрымалі ж яго ў Магілёве раніцай 10 верасьня на працы. Да суду ўтрымлівалі ў ізалятары. Актывіст кажа, што яго не кармілі і ня выдалі пасьцельнай бялізны.

11 верасьня на судзе Паўлінковіч запатрабаваў адваката, і судзьдзя Ратнікава дала яму двое сутак, каб ён заключыў дамову з абаронцам.

«Мяне затрымлівалі цішком, каб я не пасьпеў паведаміць пра тое, што са мною адбываецца. Не хацелі агалоскі, — расказвае Станіслаў. — Я пасьпеў паглядзець у інтэрнэце, ці яшчэ каго перасьледуюць за акцыю. Пакуль я адзіны. Відаць, міліцыянтам далі адмысловую ўстаноўку мяне схапіць. Інтэрвію ж ня толькі я даваў, але затрымалі толькі мяне і паказалі мяне на запісе. Вы ж ведаеце, што супраць мяне распачатая крымінальная справа і ня ўзятая падпіска пра нявыезд, з чаго я раблю выснову, што мяне проста спрабуюць выціснуць з краіны».

Паехаў пратэставаць, бо Беларусь у небясьпецы

Актывіст кажа, што не паехаць на акцыю пратэсту ён ня мог. Настойвае, што знаходжаньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі пагражае яе сувэрэнітэту, і ён хацеў сваім удзелам пра гэта заявіць. На акцыі пратэсту ў Паўлінковіча на плячах быў украінскі сьцяг.

«Да нас прыехалі агрэсары, якія сябе паказалі ва Ўкраіне, — тлумачыць сваю пазыцыю Паўлінковіч. — Мы ж назіралі за тым, што адбывалася ў Крыме, як яго акупавалі. Ёсьць пагроза, што такі ж сцэнар могуць паўтарыць і ў Беларусі».

Актывіст дапускае, што суд можа пакараць яго адміністрацыйным арыштам, але арыштоўваць пасьля агучваньня выраку ня будуць.

«Адтэрмінуюць выкананьне прысуду, каб у разгар магчымых восеньскіх пратэстаў пасадзіць і ня даць мне выехаць у Менск. Яны ж ведаюць, што туды я буду езьдзіць», — адзначае Станіслаў Паўлінковіч.

Запалохвалі напярэдадні акцыі пратэсту

У жніўні актывіст правёў трое сутак у ізалятары для часова затрыманых як падазраваны ў справе распаўсюду ў інтэрнэце відэароліка парнаграфічнага зьместу. Паўлінковіч абвінавачаньне не прызнае і зьвязвае крымінальны перасьлед з сваёй апазыцыйнай дзейнасьцю. Па вызваленьні казаў, яго затрымалі на 72 гадзіны, каб запалохаць напярэдадні пратэсту супраць расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017».

Паводле Паўлінковіча, ён застаецца пад увагай сілавых структураў, паколькі рэгулярна разьмяшчае на сваіх старонках заклікі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, а таксама сам езьдзіць на іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?