Пайшла з жыцьця вэтэран Свабоды, супрацоўніца першай рэдакцыі Радыё Вызваленьне 1954 году Галіна Руднік. Яна памерла 13 верасьня ў Мюнхэне ў веку 87 гадоў ад анкалягічнай хваробы.

Галіна Руднік (з дому Ганчарэнка) нарадзілася ў Бабруйску ў 1930 годзе і ўжо ў восем год з-за сталінскіх рэпрэсій засталася фактычна сіратой. Бацьку-вайскоўца расстралялі ў 37-м, маці арыштавалі і засудзілі праз год. Ад дзіцячага дому ўратавала цётка, опэрная сьпявачка Барбара Вержбаловіч, якая забрала дзяўчынку ў Менск. Потым у сваіх мэмуарах Галіна напіша: «У той час я зайздросьціла толькі дзьвюм дзяўчатам: Сьвятлане Сталінай і той дзяўчынцы, чыя мама працавала прыбіральшчыцай у менскім НКВД. Я была пэўная, што вось у іх ніколі не адбяруць маму». Пазьней Сьвятлана Сталіна, якая ўцякла з СССР на Захад, перадасьць свае мэмуары для чытаньня на Радыё Свабода. Голас дачкі Шаляпіна ёй не спадабаецца, яна выбера талент Галіны, дачкі «ворагаў народа».

У акупаваным Менску, дзе было дазволена працаваць тэатру, Галіна-школьніца разам з цёткай ўпісвала ў рускія лібрэта опэр «Евгений Онегин», «Пиковая дама», «Кармэн» беларускія пераклады, якія рабіла паэтка Натальля Арсеньнева. Пад канец вайны БЦР прапануе артыстам, якіх чакала непазьбежная кара за ўдзел у беларусізацыі пры немцах, выяжджаць на Захад. У 14 гадоў Галіна апынаецца пад бамбёжкай ужо ў Бэрліне, побач з той жа Натальльяй Арсеньневай, якую выцягне з завалу і выратуе ёй жыцьцё.

Унівэрсытэты Галіны пачнуцца ў лягерах «перамешчаных асобаў» і працягнуцца ў Амэрыцы.

З карабля, што прывёз іх праз акіян, Галіна з Барбарай Вержбаловіч сыходзяць з пяцьцю далярамі ў кішэні, беларускім строем і акардэонам. Апынуўшыся ў Нью Ёрку, Галіна вучыцца, падпрацоўвае і ўключаецца ў беларускае жыцьцё. На літургіі ў беларускай царкве кампазытар Мікола Равенскі, які адчуў сябе дрэнна, ставіць яе замест сябе кіраваць хорам. У Нью-Ёрку яны зноў сустрэнуцца зь Янінай Каханоўскай, якая раздавала ім праз «Самапомач» выратавальную зупу ў акупаваным галодным Менску. А Галіна пазнаёміць яе дачку — Юлю з украінцам Паўлам Андрусышыным, будучым бацькам Данчыка.

Заканчваючы Нью Ёрк Сіці каледж, Галіна марыць працаваць у нядаўна заснаванай ААН. Аднак прэзыдэнт БНР Мікола Абрамчык рэкамэндуе яе на працу ў Беларускую рэдакцыю Радыё Вызваленьне, што адкрывалася ў Мюнхэне.

Атрымаўшы дыплём і захапіўшы цёцю, Галіна вяртаецца ў Эўропу. Фота з чэрвеня 1954-га, калі яны сыходзяць з трапу самалёта, падпісана яе рукой: «Птушкі пералётныя». Гэтую назву Галіна Руднік выбрала і для сваіх мэмуараў, што выйшлі ў Бібліятэцы Свабоды. Кнігу Галіна прысьвяціла сваім сынам — Аляксандру і Юрыю.

Радыё Свабода яна аддала больш як сорак гадоў. Яе мультылінгвістычныя здольнасьці, рэдактарская разважнасьць і выразны голас былі запатрабаваныя ня толькі ў беларускай, але і ўкраінскай ды рускай рэдакцыях. Галіна была прыхільніцай апавядальнай размовы са слухачамі, яе радыйнай манэрай гаварыць было «як госьць у доме». Галіну прызначалі дарадцай і асыстэнтам амэрыканскіх мэнэджэраў, урэшце яна стала кіраваць вялікім аддзелам прадукцыі.

Саракавы юбілей Радыё Свабода Галіне давялося адзначаць разам з Гарбачовым у Маскве.

Тады, на пачатку дзевяностых, маскоўскі таксісіт быў уражаны, што вязе некага з той самай Свабоды, спыніўся і папрасіў у Галіны аўтограф, каб дома паверылі. Сама Галіна лічыла галоўным вынікам сваёй працы тое, што Савецкі Саюз распаўся, а Беларусь стала незалежнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?